Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці абараняюць беларускія прафсаюзы правы грамадзянаў?


Альгерд Невяроўскі, Менск Ці можна лічыць беларускія прафсаюзы незалежнымі? Ці абараняюць яны правы грамадзянаў і ці здольныя спрачацца з уладай і наймальнікамі? Гэтыя пытаньні людзям на менскіх вуліцах задаваў наш карэспандэнт.

(Карэспандэнт: ) “Cкажыце, як на вашу думку, ці абараняюць прафсаюзы правы грамадзянаў і ці незалежныя яны ад улады і наймальнікаў?”

(Спадарыня: ) “Ведаеце, я неяк не сутыкалася, таму і не магу адказаць ні так, ні не. У мяне не было такога досьведу, не назірала я за гэтым збоку. Я, працуючы на прадпрыемстве, не заўважыла асаблівага клопату аб грамадзянах, дакладней, аб працаўніках заводу”.

(Спадарыня: ) “Я нават ня думала пра гэта. Такое ўражаньне, што наўрад ці”.

(Спадар: ) “Думаю, што бароняць. Яны ж нам адпачынкі працягваюць”.

(Спадарыня: ) “Ведаеце, у савецкі час прафсаюзы працавалі нармальна. Цяпер на гэтае пытаньне нічога адказаць не магу, бо я ўжо з гэтым не зьвязаная”.

(Спадарыня: ) “Калі шчыра, я працую не на дзяржаўным прадпрыемстве, а ў прыватнай фірме. Як працуюць прафсаюзы, я сказаць не магу. У мяне маці працуе на дзяржаўным прадпрыемстве — гэта завод “Калібар”. Я б не сказала, што яны абараняюць правы грамадзянаў”.

(Хлопец: ) “Прафсаюзамі? Ну нашы, мае правы не абараняюцца, бо я яшчэ ня надта з гэтым зьвязаны. А так па тэлебачаньні паказваюць, то быццам бы абараняюцца”.

(Дзяўчына: ) “Ведаеце, я думаю, што прафсаюзы гэтай функцыі не выконваюць. У савецкі час прафсаюзы адгрывалі нейкую актыўную ролю, а цяпер не. Іх час сышоў”.

(Спадарыня: ) “Ня думаю. У нашай арганізацыі такога няма”.

(Спадар: ) “Пэўна ж не. Не відаць, каб нас, рабочых, абаранялі”.

(Спадарыня: ) “Вы ведаеце, я гэтага не заўважала. Раней былі пуцёўкі, нейкія арганізоўваліся вечарыны, сустрэчы, шмат было розных імпрэзаў. Цяпер не”.

(Спадарыня: ) “Напрыклад, прафсаюз у нашай музычнай школе нам вельмі дапамагае. Матэрыяльна дапамагае нашым супрацоўнікам, калі ў іх ёсьць цяжкасьці. І заўсёды можа нас у цяжкую хвіліну падтрымаць. Арганізоўвае паездкі па родным краі, і мы знаёмімся з нашымі беларускімі краявідамі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG