Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка заяўляе, што прафсаюзы не павінны абараняць правы чалавека, абяцае заробак $500 даляраў


Валер Каліноўскі, Менск Выступаючы на 5-м зьезьдзе Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі, Аляксандар Лукашэнка выклаў сваё бачаньне ролі прафсаюзаў у грамадзтве, параіўшы ім не займацца абаронай правоў чалавека, ды выступіў зь першымі перадвыбарчымі абяцаньнямі.

Аляксандар Лукашэнка заклікаў афіцыйныя прафсаюзы прадстаўляць інтарэсы працоўных і зусім не займацца пытаньнямі абароны правоў чалавека:

(Лукашэнка: ) “Як толькі вы ўсе разам кінецеся на правы чалавека, дакладна скаціцеся да тых правоў чалавека, аб якіх “тразвоніць” нашая сёньняшняя палітычная апазыцыя. Нават народ не прасіў апазыцыю прадстаўляць іх правы, яны абралі прэзыдэнта прэзыдэнт сфармаваў адпаведныя структуры і органы ўлады”.

Кіраўнік прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч зазначыў, што Аляксандар Лукашэнка не абараняе правоў працоўных, а хутчэй наадварот — парушае.

(Фядыніч: ) “Наш прэзыдэнт лічыць сябе гарантам правоў чалавека. Але калі сёньня парушаюцца правы чалавека ў Беларусі, і як доказ гэтага ёсьць шмат фактаў, то пра якога абаронцу ідзе гаворка? Я думаю, што гэта сказана, каб зьнізіць ролю незалежных прафсаюзаў, якія не на словах, а на справе абараняюць правы працоўных”.

Немалую частку свайго выступу на зьезьдзе ФПБ Аляксандар Лукашэнка прысьвяціў незалежным прафсаюзам, прадстаўнікоў якіх у залю не запрасілі. Спадар Лукашэнка абвінаваціў іх лідэраў у палітыканстве, маўляў, “не атрымаўшы падтрымкі сваіх дзеяньняў у краіне, яны кінуліся са скаргамі ў міжнародныя арганізацыі і пачалі прасіць прымяніць да Беларусі эканамічныя санкцыі”. А.Лукашэнка заклікаў ФПБ змагацца за сябраў гэтых прафсаюзаў, колькасьць якіх ён ацаніў на 4—5 тысяч.

Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук паправіў спадара Лукашэнку: толькі ў ягоным аб’яднаньні звыш 10 тысяч сябраў. Што да магчымых эканамічных санкцыяў Эўразьвязу супраць Беларусі з прычыны парушэньня ўрадам правоў прафсаюзаў, то спадар Ярашук заявіў:

(Ярашук: ) “Мы пісалі наконт гэтага ліст прэм’еру Сідорскаму, але не атрымалі адказу. Ствараецца ўражаньне, што мы больш хвалюемся за гэтыя санкцыі, чым наш урад. Замест таго, каб займацца праблемай як належыць, ухіляць гэтыя ўсе парушэньні правоў прафсаюзаў, тут, як заўсёды, праблему з хворай галавы перакладваюць на здаровую”.

Аляксандар Лукашэнка выклаў сваё бачаньне эканамічных пэрспэктываў Беларусі на бліжэйшыя пяць гадоў: ён плянуе, што ВУП вырасьце на 50%, заробак павялічыцца да 500 даляраў, удвая скароціцца ўзровень малазабясьпечанасьці. Незалежны эканаміст Леанід Злотнікаў ацаніў гэтыя лічбы як перадвыбарчыя абяцаньні, якія цяжка будзе выканаць, паколькі беларускія тавары губляюць канкурэнтаздольнасьць на замежных рынках. Не хапае інвэстыцыяў, асноўныя вытворчыя фонды праядаюцца. Дагэтуль рост беларускага ВУП адбываўся за кошт танных расейскіх энэрганосьбітаў:

(Злотнікаў: ) “Калі ня будзе павялічвацца дапамога з боку Расеі, то ў Беларусі ўвогуле няма пэрспэктываў на эканамічны рост”.

На 5-м зьезьдзе ФПБ кіраўніком афіцыйных прафсаюзаў на безальтэрнатыўнай аснове аднагалосна быў абраны дзейны старшыня фэдэрацыі Леанід Козік, кандыдатуру якога падтрымаў А.Лукашэнка.

***

Як перадае агенцтва "Інтэрфакс", Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў найбліжэйшы час будуць цалкам перакрытыя каналы фінансаваньня беларускай апазыцыі. “Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў ніякіх грантаў для палітычнай апазыцыі ці так званых свабодных прафсаюзаў ня будзе” – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Гл. таксама • А.Лукашэнка: роля прафсаюзаў мусіць быць тая самая, “як гэта было ў савецкі час”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG