Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці пачалі галадоўку ўладальнікі маршрутных таксовак (абноўлены)


Алег Супрунюк, Берасьце Індывідуальныя прадпрымальнікі пратэстуюць супраць неабходнасьці дадаткова сплачваць у бюджэт дзясяткі мільёнаў рублёў з кожнай машыны за выкарыстаньне ў камэрцыйных мэтах.

З раніцы 20 верасьня індывідуальныя прадпрымальнікі Любоў Рэзановіч і Любоў Лаўруковіч чакалі рэакцыі на свой зварот да берасьцейскіх уладаў. У гэтым звароце жанчыны запатрабавалі вызначыць месца, дзе маглі б сабрацца тыя, хто падтрымаў галадоўку. Памяшканьне патрэбнае дзеля таго, каб улады маглі пераканацца, што галадоўка сапраўды распачалася і ўладальнікі таксовак не жартуюць. Аднак паводле спадарыні Лаўруковіч, спадзяваньняў на станоўчы адказ з аблвыканкаму ў гэтай справе няма.

(Лаўруковіч: ) “Мы прасілі даць памяшканьне дзеля правядзеньня галадоўкі. Яны кажуць: тэлефануйце пазьней. І гэтак некалькі разоў. Яны, канечне, памяшканьня нам не дадуць. Гэта адназначна”.

Нагодай для галадоўкі сталіся дзеяньні падатковай інспэкцыі, якая прымушае некаторых берасьцейскіх прадпрымальнікаў, што маюць ліцэнзію на пасажырскія перавозкі, сплаціць рэспубліканскі збор за выкарыстаньне ўвезеных на тэрыторыю Беларусі аўтамабіляў у камэрцыйных мэтах.

Гэты збор усталяваны на падставе ўказу Аляксандра Лукашэнкі №140 летась у красавіку, аднак у падатковых інспэкцыях лічаць, што ён тычыцца і тых прадпрымальнікаў, што ўвезьлі свае аўтамабілі з-за мяжы значна раней. Як вынік, уладальнікі таксовак мусяць сплаціць у бюджэт дадаткова ад 25 да 50 мільёнаў рублёў.

Пакуль падобныя рахункі выстаўленыя толькі некаторым гаспадарам таксовак, якія ня здолелі пераканаць у тым, што закон ня мае зваротнай сілы, ані падатковыя органы, ані гаспадарчы суд. Калегі пакараных прадпрымальнікаў мяркуюць, што неўзабаве гэты рэспубліканскі збор абавяжуць плаціць іншых уладальнікаў таксовак і ня толькі ў Берасьці. Таму прадпрымальніца Любоў Рэзановіч называе галадоўку вымушаным крокам.

(Рэзановіч:) “Цяпер адмаўляемся ад ежы, два-тры тыдні — калі ўлады не адрэагуюць, адмовімся ад вады. Будзем галоднай сьмерцю паміраць, у нас няма такіх грошай”.

Паводле спадарыні Рэзановіч, яна асабіста і чацьвёра калегаў галадоўку ўжо распачалі. Далучыцца да іх гатовыя яшчэ каля дваццаці мясцовых прадпрымальнікаў.
XS
SM
MD
LG