Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску створаны новы полк міліцыі спэцыяльнага прызначэньня


Алег Грузьдзіловіч, Менск У Менску распачаў службу полк міліцыі спэцыяльнага прызначэньня, у які ўвайшлі часткі былога сталічнага АМОНу сталіцы. Хто ім камандуе, чым будзе займацца новае фармаваньне і якія заробкі будуць у службоўцаў гэтага палка?

Паводле кіраўніка прэсавай службы менскай міліцыі Алега Сьлепчанкі, полк міліцыі спэцыяльнага прызначэньня ўжо распачаў службу. Ён падпарадкаваны асабіста начальніку менскай міліцыі генэралу Анатолю Куляшову, а камандзірам палка прызначаны Юры Падабед, які раней камандаваў менскім АМОНам. Нагадаю, гэты міліцыянт вызначыўся асабістым удзелам у разгоне шмат якіх акцыяў апазыцыі, у тым ліку летась асабіста зьбіваў лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку. У ліку некаторых іншых беларускіх кіраўнікоў Юрыю Падабеду забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу.

Чым новы полк будзе адрозьнівацца ад частак АМОНу? Алег Сьлепчанка кажа, што фактычна нічым, акрамя колькасьці службоўцаў:

(Сьлепчанка: ) “Той самы АМОН, толькі крыху зьмянілі назву і павялічылі колькасьць”.

Алег Сьлепчанка, аднак, не ўдакладніў, якім ёсьць гэтае павелічэньне і ўвогуле колькі міліцыянтаў будзе служыць у новым палку. Кіраўнік прэсавай службы сказаў, што “звычайна мы такіх рэчаў не паведамляем”. А вось мэтаў новага фармаваньня ў гарадзкой міліцыі не хаваюць — забясьпечваць грамадзкі парадак падчас масавых вулічных мерапрыемстваў, у тым ліку і акцыяў пратэсту апазыцыі. Кіраўнік менскай міліцыі генэрал Анатоль Куляшоў ужо заявіў, што гэтай справай мусяць займацца добра і адмыслова падрыхтаваныя супрацоўнікі.

Як зьяўленьне новага палка міліцыі адаб’ецца на актыўнасьці беларускіх апазыцыянэраў? Актывіст моладзевага руху “Зубр” Алесь Атрошчанкаў мяркуе, што гэта ня спыніць тых, хто не задаволены беларускім рэжымам:

(Атрошчанкаў: ) “Амаль на кожнай акцыі амонаўцаў больш, чым удзельнікаў, але калі апазыцыя ня згубіць мужнасьці, дадатковыя фармаваньні нічога ня зробяць, і ўсё скончыцца добра”.

Алесь Атрошчанкаў нагадаў, што цяпер у шпіталі з траўмай галавы знаходзіцца актывіст “Зубру” Мікіта Сасім, якога амонаўцы зьбілі 16 верасьня.

Колькі плацяць менскім амонаўцам за іх працу і якімі будуць заробкі ў новым фармаваньні? У прэсавай службе менскай міліцыі лічбаў не называюць, спасылаючыся на службовую таямніцу. Апазыцыйны палітык, у мінулым міліцыянт Андрэй Клімаў кажа, што ён ведае пра заробкі менскіх амонаўцаў:

(Клімаў: ) “Шарагоўцы атрымліваюць ад 500 да тысячы даляраў, афіцэры — да 5 тысяч. Таму яны такія адвязаныя. Ён хутчэй недаплаціць старым, пэнсіянэрам, а амонаўцам заплаціць, бо ён нікому не давярае”.

Андрэй Клімаў лічыць, што стварэньне новага палка міліцыі спэцыяльнага прызначэньня тлумачыцца падрыхтоўкай Аляксандра Лукашэнкі да прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году.
XS
SM
MD
LG