Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чым рызыкуюць беларускія лётчыкі ў Афрыцы?


Ігар Карней, Менск У Менск плянавалася даставіць загінулых у Конга беларускіх пілётаў. Аднак, як паведамілі ў МЗС Беларусі, з тэхнічных прычынаў працэдура адтэрміноўваецца: расейскія дыппрадстаўніцтвы не пасьпелі своечасова падрыхтаваць дакумэнты на так званы “груз 200”. Нагадаем, што самалёт Ан-26 прыватнай авіякампаніі Дэмакратычнай Рэспублікі Конга 10 верасьня пацярпеў катастрофу недалёка ад Бразавілю, сталіцы Конга. Афіцыйнай вэрсіяй названы шторм, у які трапіў самалёт. Аднак пілёты кажуць, што магло проста не хапіць паліва, якое ў шэрагу афрыканскіх краінах зьяўляецца вялікім дэфіцытам. Што прымушае беларусаў рызыкаваць уласным жыцьцём?

Ні родныя загінулых, ні беларускія ўлады нават ня ведаюць, дзе цяпер знаходзяцца целы беларускіх лётчыкаў. Прадстаўнік беларускага МЗС Руслан Есін кажа, што пілёты перавезеныя ў Кіншасу, сталіцу былога Заіру. Разам з тым ён пацьвердзіў: ад пачатку меркавался даставіць целы пілётаў у Менск сёньня.

(Есін: ) “Так, былі такія сыгналы... Але, паводле нашай інфармацыі, беларускія пілёты дастаўленыя толькі ў сталіцу Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, Кіншасу, і цяпер вырашаецца пытаньне іх далейшай дастаўкі на радзіму”.

Аднак, калі я затэлефанаваў у расейскую амбасаду ў Кіншасу, там адказалі: ніхто пілётаў да іх не прывозіў, і парэкамэндавалі тэлефанаваць у дыппрадстаўніцтва суседняга Конга-Заіру. На жаль, спробы зьвязацца з Бразавілем плёну ня мелі. Ніяк не камэнтуюць здарэньне на ранейшых месцах працы загінулых авіятараў (адзін зь іх дагэтуль працаваў у “Белавія”, другі — у камэрцыйным авіяпрадпрыемстве “Рэгул”).

Сёньня адзін зь пілётаў, які шмат гадоў адпрацаваў у розных краінах Афрыкі і ведаў аднаго з загінулых, Аляксандра Замасьцянінава, у нефармальнай гутарцы агучыў сваю вэрсію катастрофы. Нягледзячы на тое, што заробкі там сапраўды высокія, існуе вялікая праблема з палівам. На кожны рэйс газы разьлічваеццца літаральна да апошняй кроплі. І ў выпадку няпрадбачаных абставінаў менавіта адсутнасьць рэзэрвы паліва можа стаць прычынай авіякатастрофы. Паводле майго суразмоўцы, у гэтым выпадку найбольш праўдападобная вэрсія такая: Ан-26 меў абмежаваны паліўны запас і, трапіўшы ў шторм, быў вымушаны адхіліцца ад маршруту, спаліўшы каштоўныя літры газы. Чаму ў такім выпадку лётчыкі рызыкуюць? Як патлумачыў пілёт, у Афрыцы працуюць пераважна людзі, якіх тут выправілі на пэнсію (маючы досыць вялікі налёт гадзінаў, на пэнсію можна пайсьці ўжо ў 45 гадоў). Таму лётчыкі праходзяць мэдычную камісію, зьбіраюць даведкі і з маўклівага дазволу Дзяржаўнага камітэту авіяцыі едуць на заробкі. Між тым, гарантыяў, што аплата пойдзе ад дня прылёту, ніхто не дае. У жыхаркі Менску Сьвятланы муж працуе ў Конга, і здараецца, што пэўны час ён вымушаны жыць за раней заробленыя грошы.

(Сьвятлана: ) “Я ведаю, што існуе такая сытуацыя: ёсьць дзьве кампаніі. У абедзьвюх працуюць беларускія лётчыкі. Але адны працуюць, бо гаспадар набыў больш новыя самалёты, і замоваў ад кліентаў больш, а іншыя два месяцы сядзяць. Іх адтуль не адпускаюць, бо праца можа зьявіцца ў любы момант. Але грошай за прастой ім, натуральна, ніхто ня плаціць”.

Аднак, апроч паліўнага крызісу, падсьцерагаюць і іншыя небясьпекі. Так, лётчык Аляксандар Грачоў захварэў на малярыю ўжо ў першы тыдзень знаходжаньня ў Конга.

(Грачоў: ) “У нашай групе быў ахоўнік зь ліку мясцовых, які ўзяўся адвезьці ў мясцовы шпіталь. Там узялі аналізы, сказалі, што яны дрэнныя, але, як потым аказалася, лекі выпісалі яшчэ горшыя. Ёсьць прэпарат, распрацаваны яшчэ да вайны — хінін. Ён проста зьядае чалавечую печань. Ад малярыі, можа, і лечыць, але печань пры гэтым зьнішчаецца. Я назву чуў колісь ад бацькі, ён у мяне ў Анголе служыў, і ведаў, што з хінінам лепей не рызыкаваць. Тады я пайшоў у расейскую амбасаду, там у іх свой лекар, які адназначна сказаў: “Ні ў якім разе!”. Сам адвёз мяне ў аптэку (дзякуй Богу, грошы ў мяне былі), сказаў: купляй вось гэта і гэта, нармалёвыя лекі. І насамрэч — тыдзень, і ўсё ў норме”.

Ніякай матэрыяльнай кампэнсацыі авіятарам, якія жадаюць зарабіць у краінах Афрыкі, не прадугледжана. Гэтаксама, як і мэдычнай страхоўкі. Расказваюць, што аднаму зь пілётаў у часе вымушанай пасадкі адарвала нагу. На апэрыцыю ягоныя сябры скідваліся з уласных заробкаў. Потым яшчэ раз пускалі шапку, каб паставіць яму пратэз. Не выпадае разьлічваць і на нейкую дапамогу ад беларускай дзяржавы, паколькі людзі працаўладкоўваюцца самастойна, і папярэдне зь імі скасоўваецца працоўны кантракт у Беларусі.
XS
SM
MD
LG