Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куба ў сэрцы Беларусі


Ягор Маёрчык, Лясец, Калінкавіцкі раён, Гомельшчына Новая перадача "Падарожжы Свабоды"

Я так марыў патрапіць на Кубу! Мяне вабілі мора, ром, музыка і мулаткі. І вось я на Кубе. Ніякага нават намёку на зьдзяйсьненьне мараў! Уздоўж неасфальтаванай дарогі стаяць закінутыя хаты, агароды парасьлі пустазельлем. У вёсцы Лясец Кубаю называюць аддаленую частку паселішча. На Кубе больш ніхто не жыве.



Адам Вішнеўскі — колішні рабочы буравой вежы ў Сібіры, колішні міліцыянт і колішні калгасьнік. Цяпер ён на пэнсіі. Ягоная хата стаіць на самай мяжы з Кубай.

(Вішнеўскі: ) “Яна далёка ад усёй вёскі — таму і прыдумалі назву Куба”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму менавіта Куба? Ёсьць іншыя выспы, аддаленыя ад Беларусі...”

(Вішнеўскі: ) “Нехта паглядзеў на мапу: Куба аддзеленая ад Амэрыкі, так і ў нас тут”.



(Карэспандэнт: ) “Чым на пэнсіі займаецеся?”

(Вішнеўскі: ) “Гаспадарку трымаю. Пакуль у нас усё ёсьць. Соткі пасеялі. Праўда, саўгас дапамагаць ня хоча. Да яны сваё ня могуць абрабіць. А чым яны дапамогуць?”

(Карэспандэнт: ) “Маглі б камбайна даць, каб людзі памалацілі...”

(Вішнеўскі: ) “Калі ласка, плаці грошы і бяры!”

(Карэспандэнт: ) “А бяз грошай? Ну, калі ўлічыць, што людзі ўсё жыцьцё на калгас працавалі...”

(Вішнеўскі: ) “Такога няма. Нават гаварыць ня хочуць”.

(Карэспандэнт: ) “А можа, сельсавет на іх управу знойдзе?”

(Вішнеўскі: ) “Старшыня сельсавету з дырэктарам жывуць як кот з сабакам”.

Эстафэту развагаў пра мясцовую ўладу падхоплівае пэнсіянэрка з рэдкім цяпер імем Домна. Яна з тутэйшых. Кажа, што народжаных у Лясцы засталося ня болей за паўсотні. Астатнія панаехалі хто адкуль. Ад пачатку тут атабарыліся перасяленцы з чарнобыльскай зоны. Пажылі крыху. Калі ім дазволілі вярнуцца ў родныя мясьціны, бальшыня зьехала. Вольныя месцы запоўнілі прыбышы з Украіны і Малдовы. Тыя былі звычайныя калгасьнікі, якіх Беларусь прывабіла высокімі, у параўнаньні зь іхнай радзімай, заробкамі. З гэтых частка засталася, а частка выправілася далей шукаць лепшай долі.

Але вернемся да тэмы нашае гаворкі: мясцовая ўлада і клопат пра выбарцаў.

(Домна: ) “А што той савет можа зрабіць, калі ў нас на могілках пакралі пліты? Нехта іх пазабіраў, бо яны былі патрэбныя на агароджу ці яшчэ куды. І савет нічога ня можа зрабіць!”



(Карэспандэнт: ) “А не знайшлі, хто пакраў?”

(Домна: ) “Не, шукалі, канечне, яшчэ і заўчора яшчэ шукалі. А хіба знойдуць?!”

(Карэспандэнт: ) “Наколькі я разумею, пліты былі бэтонныя?”

(Домна: ) “Каменныя”.

(Карэспандэнт: ) “Але гэта вам не шалёўка, што ўзялі ды панесьлі”.

(Домна: ) “А яны машынаю”.

(Карэспандэнт: ) “Атрымліваецца, што могілкі без агароджы стаяць?”

(Домна: ) “Не, з гэтага боку агароджаныя, а ад цёмнага кутка і разгарадзілі”.

У Лясцы некалькі вуліцаў, на якіх жыве пару сотняў чалавек, ёсьць крама і нават фэльчарска-акушэрскі пункт. Прыкмета таго, што паселішча гэтае, так бы мовіць, пэрспэктыўнае — будаўніцтва пяці “прэзыдэнцкіх” домікаў. Жытло ўзводзіцца для працоўных тутэйшага саўгасу. Хто адсьвяткуе ўлазіны, не ў апошнюю чаргу залежыць ад дырэктара саўгасу. Гаспадарка, дарэчы, спэцыялізуецца на мясе і малацэ.



Пра стасункі начальства і падначаленых апавяла даярка тутэйшай фэрмы:

(Даярка: ) “Мы абслугоўваем 50—60 галоваў на чалавека. Доім рукамі, бо малакаправоду ў нас няма. Малако носім вёдрамі. І мяхі з мукой самі цягаем”.

(Карэспандэнт: ) “Жанчыны?”

(Даярка: ) “Так. І ніхто нічым не дапамагае. А заробак у нас... Колькі мы сварыліся! Я працавала на першацёлках. Летась у нас адна раздойвала, ёй выходзіла 500 тысяч. А мне нават 200 не выходзіць. І колькі я сварылася, нічога даказаць немагчыма. Мы без выходных працуем!”

(Карэспандэнт: ) “І што вам дырэктар адказвае?”

(Даярка: ) “Маўляў, працаваць трэба!”

(Карэспандэнт: ) “А куды болей, калі вы без выходных?”

(Даярка: ) “А ў нас такі дырэктар, што ён не разумее, у яго няма нармалёвых стасункаў зь людзьмі”.

(Карэспандэнт: ) “Уявім такую сытуацыю: вы ды іншыя даяркі застрайкавалі і адзін дзень не падаілі каровы”.

(Даярка: ) “Мы спрабавалі. Мы ня пойдзем, але ёсьць у нас такая аднаасобніца. Яна пойдзе і падоіць іх. Ёй 100 тысяч прэміі, а нас пазбавяць заробку”.

Яўгеньня Валковіч — самая старая жыхарка Лясца. Нарадзілася яна ў 1921 годзе. Два гады спадарыня Валковіч жыве разам з дачкою ў Сьветлагорску.



(Валковіч: ) “Прыехала на лета тут пабыць. Каб было з кім, мне сто разоў лепей жыць у сваёй хаце”.

(Карэспандэнт: ) “Няўжо вы сабе дзеда тут ня можаце знайсьці?”

(Валковіч: ) “Нашто мне той дзед?! Я сама сабе лянуюся наварыць. Ляжу і думаю: “Каб гэта хто якога пойла цялячага зварыў, я бы зьела дый ляжала б”.

(Карэспандэнт: ) “А цяжка прыстасавацца да гарадзкога жыцьця?”

(Валковіч: ) “Старому цяжка. І мне там не падабаецца. Пад замком там сядзі...”

(Карэспандэнт: ) “А вас там нікуды не выпускаюць?”

(Валковіч: ) “Выпускаюць. Але ўсё адно: калідор замкнёны. Як ё ключык, пасядзіш і вернесься, а няма ключыка — сядзі, пакуль нехта адкрые дзьверы. А самая лепшая справа для старога — гэта вёска. Старому трэба цяпло, а ў горадзе цяпла няма. Батарэі — гэта для маладых, а мне холадна. Спаць кладуся апранутая ў куртку, толькі з ног галёшы паскідваю. Гэта пакуль ложак нагрэецца. А тады распрануся — усё адно як у лёд кладуся. Ня дай Бог старому доўга жыць!”

Прыклад адваротнага — Віця. Яўгеньня Валковіч перабралася ў Сьветлагорск. А гэты, у мінулым дальнабойнік, разьвёўся з жонкай, у Менску пакінуў сыну кватэру і вярнуўся на радзіму, у Калінкавіцкі раён Гомельшчыны. На пытаньне пра занятак адказвае, што трымае прысядзібную гаспадарку.

У кампаніі Віці я сяджу на лаўцы пад плотам ягонай хаты.

(Віця: ) “Ад гэтай хаты і да той — няма нікога. За 200 тысяч можаш набыць любую. Гэта я тут застаўся, а каб зьехаў, і мая б такая была б. Я ня мог кінуць сваю радзіму, бо я тут вырас”.



Маналёг Віці перарываецца зьяўленьнем суседа. Ён перадпэнсійнага веку. Апрануты ў зашмальцаваную кашулю і падраныя порткі.

(Спадар: ) “Аляксеіч, гэта зноў я! Зноў у падраных штанах!”

(Віця: ) “Срамоцьце! Ідзі пераапраніся! Тут карэспандэнт з фотаапаратам прыехаў. Скінь гэтыя порткі!”

І тут Віця кідаецца ў двор. Там ля склепу стаіць вядро газы. Хапаецца за яго і выбягае на вуліцу.

(Віця: ) “Дайце мне бэнзіну, я іх зараз падпалю! Зараз ты ў мяне пераапранесься!”

(Спадар: ) “Я лепей пабягу!”

Сусед зьнікае ў кірунку сваёй хаты. Віця заносіць вядро на месца. Вяртаецца і пачынае частаваць яблыкамі са свайго саду.

(Віця: ) “Я яму адны порткі спаліў, ён іншыя знайшоў. У яго новага адзеньня на пяць год наперад, а ўсё дзедава даношвае. А дзед ужо дваццаць год, як памёр”.

(Карэспандэнт: ) “А можа, ён проста такі гаспадарлівы і беражлівы...”

(Віця: ) “А я лепей новае апрану. Ён мне сёньня кажа: чаго ты чыстую кашулю апрануў? Я кажу: нашто мне насіць брудную, калі іх у мяне паўсотні”.

(Карэспандэнт: ) “Людзі ў вёсцы ня надта сочаць за адзеньнем? Ці гэта ў вас адзінкавыя выпадкі?”

(Віця: ) “Гэта адзінкавы выпадак! Хлопцы ходзяць чоткія і прыгожыя!”

Свайго суседа Віця апісвае так: гаспадарлівы хлопец і п’е ня так шмат, па-боску. Маўляў, адно дрэнна: надта цікавіцца палітыкай. Асноўная крыніца інфармацыі ў вёсцы — тэлевізія. Іншыя вяскоўцы паглядзяць прагноз надвор’я ды на які сэрыял пераключаць. А гэты толькі і шчоўкае з адных навінаў ды на іншыя.

Сусед вяртаецца. Ужо ў новых портках. Яму карціць выказацца.

(Спадар: ) “У любой дзяржаве патрэбна, каб быў кіраўнік жорсткі”.

(Карэспандэнт: ) “Навошта жорсткі?”

(Спадар: ) “...а дэмакратыя нам ваша не патрэбна! Бабам пэнсію плацяць, і прадпрыемствы працуюць. І перашкаджаеце жыць, браты, вы! Вы тут ходзіце са сваім заплечнікам і перашкаджаеце жыць”.

(Карэспандэнт: ) “Пэрсанальна я — чым перашкаджаю?”

(Спадар: ) “А тым, што вы супраць!”
XS
SM
MD
LG