Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Мікалай Аўтуховіч распачаў чарговую галадоўку (абноўлены)


Міхал Карневіч, Горадня Ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч распачаў сёньня чарговую, ужо трэцюю за апошнія два гады, галадоўку. Ён сьцьвярджае, што супраць ягонага бізнэсу пачаўся чарговы наступ з боку падатковых органаў і мясцовых уладаў. Аўтуховічу і фірме “Ніка-Транс”, зь якой ён супрацоўнічае, падаткавыя органы прыпісваюць амаль на мільён даляраў недаплачаных падаткаў і штрафаў. Галадоўка Аўтуховіча пачалася ў часе, калі мясцовыя ўлады вядуць падрыхтоўку да сьвяткаваньня 1000-годзьдзя горада Ваўкавыска.

Днямі жонцы Аўтуховіча - Алене, якая зьяўляецца сузаснавальніцай фірмы “Ніка-Транс” была ўручана пастанова аб прыцягненьні яе ў якасьці падазраванай па крымінальнай справе аб ухіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйных памерах. Разам зь ёй падазраваным прызнаны і дырэктар фірмы Юры Лявонаў. У іх апісана маёмасьць. Усю маёмасьць пагражаюць канфіскаваць і ў фірмы.

Ухіленьнем ад выплаты падаткаў сьледзтва лічыць тое, што фірма давала прадпрымальніку Аўтуховічу для работы на ягоных таксоўках сваіх кіроўцаў па дамове. Заробленыя грошы кіроўцы здавалі ў касу прадпрымальніка, а не фірмы. Сьледзтва лічыць, што паслугі таксі аказвала фірма, а не прадпрымальнік, а фірма ня мае ліцэнзіі на перавозку пасажыраў. І значыць, яна павінна вярнуць дзяржаве выручку за ўвесь пэрыяд працы, з вясны 2003 па восень 2004 года.

Сума падаткаў складае амаль 450 мільёнаў, а калі дадаць сюды яшчэ эканамічныя санкцыі, то гэта - 1,3 мільярда рублёў. А калі яшчэ дадаць 700 мільёнаў, якія прадпрымальніку Аўтуховічу і фірме “Ніка-Транс” падаткавыя органы прызначылі яшчэ ў 2003 годзе, то атрымліваецца амаль мільён даляраў. Учора Аўтуховіч напісаў адкрыты ліст да Аляксандар Лукашэнкі, у якім патрабуе спыніць ягоны перасьлед. Сёньня перад пачаткам галадоўкі падобны ліст ён накіраваў кіраўніку Гарадзенскай вобласьці Уладзімеру Саўчанку. Патрабаваньне ў Аўтуховіча адно:

(Аўтуховіч: ) “Я патрабую, каб тэрмінова былі разблякаваныя ўсе рахункі фірмы “Ніка-Транс”, зьнятая забарона на адчужэньне маёмасьці прадпрыемства і маёй асабістай маёмасьці. Я патрабую, каб людзям была дадзеная магчымасьць спакойна працаваць”.

Першы раз, калі Аўтуховіч распачаў галадоўку, яго падтрымалі 30 кіроўцаў таксовак, другі раз - 40 чалавек, і там ужо былі ня толькі калегі па працы, а і проста жыхары Ваўкавыска. Галадуе Аўтуховіч на працы і пакуль адзін.
XS
SM
MD
LG