Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праблемы з вадой ў Беларусі


Вячаслаў Кулік, Менск Блізкай да крытычнай называюць спэцыялісты зношанасьць сыстэм водазабесьпячэньня ў Беларусі. Урачы гавораць пра пагаршэньне якасьці пітной вады і пра яе хімічную і мікрабіялягічную забруджанасьць.

Я іду да пітной крынічкі, што каля плошчы Казінца ў Менску. Гэта прывабнае месца. У цэнтры яго – ажурная арка з мэталу залацістага колеру, абапал – высокія дрэвы і лаўкі для адпачынку.Пад аркай кругласутачна струменіў пітны фантанчык, наталяў у гарачы дзень смагу. Цяпер вады няма. На керамічнай аснове з выяваю галавы сфінкса засталіся нібыта запечаныя рудыя сьцёкі. Скульптура кошкі ўвогуле страшная.

Каля былога фантанчыку скачуць і крычаць дзеці. Зьвяртаюся да жанчынаў, якія наглядаюць за малымі.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, калі ласка, ці даўно не працуе гэты фантанчык?” (Першая спадарыня: ) “У гэтым годзе вада была”. (Другая спадарыня: ) “Была вада, была”. (Трэцяя спадарыня: ) “Сюды нават з камунальных дамоў людзі прыходзілі з пляшкамі, набіралі сабе ваду для піцьця”. (Карэспандэнт: ) “А што здарылася цяпер?” (Першая спадарыня: ) “А хто яго ведае, чаму закрылі?” (Другая спадарыня: ) “Забылі. Уключылі, пасьля выключылі і забылі. Тут сапраўды часта людзі набіралі ваду”. (Дзіця: ) “Вада брудная!”

Голасам дзіцяці гаворыць праўда. Нядаўна Радыё Свабода праводзіла ўласнае расьсьледаваньне якасьці пітной вады ў штучных дэкаратыўна–пітных крыніцах Менску. Іх усяго 11. Дзейных цяпер толькі палова.

Наземнае абсталяваньне для падачы вады зламанае ва Ўруччы, у парках Перамогі і Дружбы народаў. Ваду з крыніцы ў парку на перакрыжаваньні праспэкта газэты “Праўда” і вуліцы Любімава санэпідэмслужба забараніла выкарыстоўваць як пітную. Паводле загадчыка аддзелу Менскага гарадзкога цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі Алега Батана, тут выяўлена перавышанае ўтрыманьне хімічных элемэнтаў. Спэцыяліст таксама сказаў пра “хворую” ваду на плошчы Казінца. Паведамленьне нашага радыё прагучала 27 ліпеня. Фантанчык пасьля гэтага выключылі. Паводле Алега Батана, каб вярнуць здароўе вадзе, трэба укладаць сродкі.

(Батан: ) “Гэтая сьвідравіна з высокім утрыманьнем жалеза. Калі ваду выкарыстоўваць для піцьця, то трэба усталяваць станцыю абеззаражваньня. Ёсьць розныя мэтодыкі гэтага, у тым ліку ачышчэньня вады як над землянымі пластамі, так і ўнутры пластоў”.

Паводле доктара Батана “жалезная” вада падаецца са сьвідравіны абсалютна празрыстая. Але калі ваду набраць у ёмістасьць, то праз дзясятак хвілінаў яна закаламуціцца і набудзе спэцыфічны жаўтаваты колер. Паводле мэдыкаў, пры канцэнтрацыі жалеза ў вадзе 0,3 міліграма на адзін літар жаўцеюць зубы. Калі канцэнтрацыя жалеза перавышае адзін міліграм – жаўцее скура і блякнуць валасы. З “жалезнай” вады нельга гатаваць сокі і кампоты. Жалеза псуе смак кавы і гарбаты. Алег Батан падкрэсьлівае, што ў Менску паказчыкі ўтрыманьня жалеза і іншых хімічных элемэнтаў залежаць ад спосабу водазабесьпячэньня раёну.

(Батан: ) “ Менск атрымлівае ваду з падземнай і наземнай крыніцаў. Наземны пераважна забясьпечвае Фрунзенскі і Маскоўскі раёны. Там праходзіць некалькі ступеняў падрыхтоўкі і абеззаражваньня хлёрам. Прысутнасьць хлёру выклікае нараканьні насельніцтва. Першамайскі, Цэнтральны, Савецкі раёны забясьпечваюцца зь некалькіх падземных водазабораў. Якасьць вады там здавальняючая. Паўднёвы бок забясьпечваецца з падземных водазабораў, у якіх пэрыядычна “выскокваюць” павышаныя ўзроўні жалеза. Акрамя таго, ў Менску адбываецца другаснае забруджваньне вады. Вельмі вялікая працягласьць сетак. Таму ўзьнікаюць дадатковыя праблемы з утрыманьнем жалеза ў вадзе ў Заводзкім, Ленінскім, Партызанскім раёнах. Каламутнасьць, вядома, ёсьць з-за гэтага”.

А вось якія меркаваньні выказваюць людзі на вуліцах сталіцы.

(Спадар: ) “На праспэкце Машэрава -- ой, прабачце, ня ведаю як ён цяпер называецца -- ёсьць нейкая крыніца. Ходзіць такая байка, што парвала трубаправод, а людзі па свайму глупству гэтай вадой карыстаюцца. Пасьля такой байкі я туды не хадок”.

(Спадарыня: ) “Менская вада вельмі брыдкая. У ёй шмат хлёру. У нас старая сыстэма трубаправодаў. Мы заўжды летам возім сваю ваду з лецішча”.

(Спадар: ) “Залежыць ад раёну. Напрыклад, “Усход”: там вада артэзіянская, даволі чыстая. Але таксама штодзённы кантроль патрэбны”.

Гаварылі ўдзельнікі вулічнага апытаньня Радыё Свабода. За межамі Менску даводзіцца чуць скаргі як на якасьць вады, так і яе дэфіцыт. Жыхар прыгараднага пасёлку Ждановічы, дэпутат Менскага раённага Савету Юрась Зянковіч, гаворыць пра пустыя калодзежы на вуліцах сядзібнай забудовы.

(Зянковіч: ) “Ёсьць праблема пітной вады, бо, як мне тлумачылі спэцыялісты – водаправодчыкі, гэта зьвязана з тым, што побач Менск, які спажывае вельмі вялікую колькасьць вады. Грунтовыя воды сышлі на большую глыбіню. Дарэчы, з гэтай жа прычыны ў Ждановічах кожны год сэзонная праблема з падачай вады. Сёлета, на маёй памяці, помпа перагарала ня менш як два разы”.

У Менскім аблвыканкаме называюць 202 вёскі, жыхары якіх гатуюць ежу на азёрнай ці рачной вадзе. Падлічана, што на арганізацыю нармальнага водазабесьпячэньня іх патрабуецца каля 19 мільярдаў рублёў. Няма гарантыі, што сродкі будуць адшуканыя ў бліжэйшыя гады. Адказны чыноўнік Менаблвыканкаму Міхаіл Лаўроў называе іншыя адрасы, дзе ёсьць сур’ёзныя праблемы з пітной вадой.

(Лаўроў: ) “Гэта ў першую чаргу Барысаў. Гэта горад Салігорск. Гарады Жодзіна і Маладзечна. Водазаборы, якія былі пабудаваныя напачатку 1970- х, вычарпалі свой рэсурс. Другі блёк – гэта раённыя цэнтры, малыя гарады і гарадзкія пасёлкі. Гэта ў першую чаргу горад Дзяржынск, дзе яшчэ 6 гадоў таму запраектаваны водазабор “Уса”, але з-за адсутнасьці крыніцаў фінансаваньня да будаўніцтва не прыступілі. Сюды можна аднесьці і Валожын, Любань, Мар’іну Горку, Беразіно, ну і шэраг гарадзкіх пасёлкаў. Самая дрэнная сытуацыя ў Менскім і Лагойскім раёнах”.

Паводле інвэнтарызацыі, якую правёў нядаўна Камітэт водазабесьпячэньня Міністэрства архітэктуры, сёньня ў сельскай мясцовасьці налічваецца больш за 30 тысяч водазаборных сьвідравінаў. 40 працэнтаў ад гэтай колькасьці знаходзяцца ў нерабочым стане. А большасьць з тых, што працуюць, не адпавядаюць санітарна-тэхнічным патрабаваньням. У вёсцы Лахва Лунінецкага раёну воданапорную вежу зараз зачынілі, бо пачалі труціцца людзі. Гаворыць загадчык дзіцячага садку Мікалай Цэплер.

(Цэплер: ) “37 дзяцей да нас ходзіць, дзьве групы. Для бацькоў гэта добра і вельмі дрэнна, што садок закрылі. Прычына – вада. Гэтай вежы 45 гадоў. Там практычна нічога не рабілася, каб вада палепшылася. Даць якасную ваду мы, на жаль, ня можам”.

Вёска Лахва месьціцца на беразе ракі Сьмердзь. Усе наземныя крыніцы забрудзіў тут Чарнобыль. Каламуцяць ваду сьцёкі з угноеных хіміяй мэліяраваных аб’ектаў. “Хворую” ваду штодня спажывае насельніцтва краіны, якую Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў вылучае сярод найбагацейшых у сьвеце на запасы прэснай вады. Паводле міжнародных экспэртаў, Беларусь выкарыстоўвае ўсяго 7 працэнтаў ад выведаных рэзэрваў водазабесьпячэньня.
XS
SM
MD
LG