Лінкі ўнівэрсальнага доступу

20 гадоў таму быў створаны моладзевы клюб "Талака"


Галіна Жарко, Менск На заранку перабудовы ў моладзевым асяродку, цалкам падкантрольным камсамолу, нечакана зьявіліся нефармалы. Скрозь у Беларусі раптам самі сабою ўзьніклі клюбы аховы гісарычнай спадчыны. У Віцебску –“Узгор’е”, у Горадні – “Паходня”, у Воршы – “Повязь”... Першы такі клюб пачаў дзейнічаць увосень 1985 году ў Менску. Гэта была “Талака”. З таго часу мінула 20 гадоў.

Калі пачалася рэстаўрацыя Траецкага прадмесьця, у “Вячэрнім Мінску” друкавалі абвесткі, дзе запрашалі на суботнікі. Спачатку ў абавязковым парадку прыводзілі школьнікаў, студэнтаў. Камсамол накіроўваў групы. Але яны доўга не затрымаліся. А маладыя людзі, якіх ніхто не арганізоўваў, засталіся. Яны выносілі сьмецьце, капалі... Выконвалі брудную работу.

Гаворыць лідэр талакоўцаў Сяргей Вітушка:

(Вітушка: ) “Нам здавалася, калі б наш горад быў не такі панішчаны, калі б захаваліся помнікі, дык і людзі былі б іншыя. Мелі б гонар. Хай бы кожны менчук хоць раз прыйшоў на талаку, паклаў сваю цаглінку ў адбудову старога храму... Хай бы кожны менчук залез у раскоп на Нямізе. 9 мэтраў глыбіні! Колькі людзей тут жыло! Чалавек бы іначай сябе адчуваў. Успомніў бы, што ён беларус, што ў яго ёсьць мова. Вось такая была ў нас матывацыя”.

Адзін з былых талакоўцаў Ігар Русецкі так асэнсоўвае мінулае:

(Русецкі: ) “Для мяне напачатку гэта была непалітычная справа. Хутчэй адраджэнская. Менавіта нешта капаць, будаваць. Палітыка зьявілася натуральна, проста. Таму што бяз гэтага было немагчыма штосьці зрабіць. Калі проста працуеш, нешта там капаеш, калупаеш, ад гэтага зьмяняецца мала. Падышло разуменьне, што трэба зьмяняць нешта ў дзяржаве”.

Камсамолу ў другой палове 1980-х было ўжо не пад сілу спаборнічаць зь нефармальным рухам, які залучаў да сябе ўсё больш і больш моладзі. Клюбы аховы гістарычнай спадчыны перарасталі ў дыскусійныя клюбы. Найбольш актыўныя талакоўцы пайшлі ў палітыку і дзейнічалі потым ў шэрагах Беларускага народнага фронту. А пачыналася ўсё з бруднай працы на раскопках, са сьпеваў і фальклёрных сьвятаў.

Аляксей Марачкін назіраў адно зь першых Купальляў, якое ладзілі нефармалы.

(Марачкін: ) “Талакоўцы раскладалі вогнішча. Кола... Дзяўчаткі ў нацыянальных уборах... А па вале, па пэрымэтры царквы, хадзіла міліцыя. АМОНу тады яшчэ не было. Але міліцыя з сабакамі. Уяўляеце? На фоне неба – цёмныя фігуры. Ходзяць туды і назад з сабакамі. Яны ня ўмешваліся, але хацелі паказаць, хто там гаспадар”.

Купальскую атрыбутыку, вянкі, вогнішча цяпер напоўніцу выкарыстоўваюць мясцовыя ўлады. Выступленьні фальклёрных гуртоў спалучаюцца з расейскаю папсою і з арганізацыяй гандлёвых пунктаў. Купальлі ўвайшлі ў моду.

Тады, 20 гадоў таму, была ня толькі рамантыка. Была і рызыка. Паведамлялася камусьці на працу, на месца навучаньня.

Азіраючыся на той час, Сяргей Харэўскі называе “Талаку” школай публічнай дзейнасьці, публічнай дыскусіі, школай беспасярэдняга ўдзелу ў жыцьці краіны...

(Харэўскі: ) “Было зроблена вельмі шмат для аховы помнікаў. Менавіта дзякуючы талакоўцам быў створаны праект рэгенэрацыі Верхняга гораду ў Менску. Дзякуючы талакоўцам мы маем і адноўлены дом Ваньковіча. Часам забываюць на вялікую акцыю талакоўцаў у абарону Цэнтральнага пляцу і сквэру. Гістарычнага гарадзкога сквэру, дзе славуты хлопчык зь лебедзем. Паводле праектаў, сквэр меў быць зьнішчаны і выпраставаны ад былога будынку ЦК (цяпер прэзыдэнтура) да Палацу Рэспублікі. Дзякуючы кампаніі, што распачалі талакоўцы, было спыненае гэта вар’яцтва. Шмат было зроблена і фізычна, рукамі. Ня толькі мітынгаваньнямі. Напрыклад, у Строчыцах. Музэй народнай архітэктуры і побыту”.

Праз 20 гадоў дзеці былых талакоўцаў – сярод моладзі, якую зьбіваюць падчас вулічных акцыяў. Іхныя бацькі пачыналі са сьпеваў. “Край”, “Зубр”, “Малады фронт”... Гэтыя моладзевыя аб’яднаньні ўжо актыўна ішлі на процістаяньне ўладам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG