Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

20 верасьня 1903 году нарадзілася Натальля Арсеньнева


RFE/RL Каляндар “Свабоды”

20 верасьня 1519 году з порту Сан-Люкар выйшла першая ў гісторыі экспэдыцыя вакол сьвету. Яе зладзілі гішпанцы, хоць на чале выправы стаў партугальскі шляхціц Фэрнан Магелан. Паводле дамовы, гішпанскі кароль Карл Першы абавязаўся даць падарожнікам пяць караблёў і забясьпечыць іх харчамі на два гады. Магелан падняў адміральскі штандар на караблі “Трынідад”, а ўвогуле ў склад экспэдыцыі ўваходзілі каля трохсот чалавек. Зь іх на радзіму вярнуліся 50. Самога Магелана забілі тубыльцы на Філіпінах. Аднак галоўным вынікам экспэдыцыі стала тое, што Магелан здолеў знайсьці пратоку ў паўднёвым канцы Амэрыкі. Пратока й сёньня носіць ягонае імя. Новы акіян, у які ён вывеў караблі, пасьля амаль 4 месяцаў блуканьня, быў спакойны й ветлівы, таму Магелан назваў яго мірным, то бок Ціхім.

20 верасьня 1903 году прыйшла на сьвет слаўная беларуская паэтка Натальля Арсеньнева. Дзяцінства і маладосьць спадарыня Натальля правяла ў Вільні, дзе й стала паэткай, якой вялікую будучыню прарочыў сам Максім Гарэцкі. У часе мінулае вайны Арсеньнева была ў акупаваным немцамі Менску, а рэшту жыцьця правяла на эміграцыі ў Амэрыцы. Праз усё сваё жыцьцё пранесла яна гарачую любоў да Беларусі. Яе верш “Магутны Божа” уважаецца цяпер за адзін зь беларускіх гімнаў.

Магутны Божа! Уладар сусьветаў, Вялікіх сонцаў і сэрц малых, Над Беларусяй, ціхой і ветлай, Рассып праменьні свае хвалы.

20 верасьня 1945 году ў Менску пачаў працаваць музэй Янкі Купалы, а 20 верасьня 1950 году ў ЗША пабачыў сьвет першы нумар газэты “Беларус”, якая выдаецца там і сёньня.

20 верасьня 1937 году ў вёсцы Машчаліна на Ігуменшчыне нарадзіўся Аляксей Каўка, выдатны беларускі гісторык і літаратуразнавец. Хоць жыве ён у Маскве, але дасьледуе гісторыю Беларусі эпохі Адраджэньня і ў першую чаргу творчасьць і біяграфію Францішка Скарыны.

Таксама 20 верасьня, але ў 1943-м годзе, у вёсцы Нівы на Бярозаўшчыне нарадзілася Нiна Мацяш, выдатная перакладчыца й паэтка. Дзякуючы яе перакладам беларусы адкрылі для сябе багата твораў францускае літаратуры. Паэтка Ніна Мацяш вядомая як майстрыха інтымнае лірыкі й дзіцячае літаратуры. Яе п’есы для менскага тэатру лялек сталі ўжо нацыянальнай клясыкай.
XS
SM
MD
LG