Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Экамэдсэрвіс” спрабуе перарэгістравацца без амэрыканцаў


Галіна Абакунчык, Менск Беларуска-амэрыканскі цэнтар “Экамэдсэрвіс-Інвэст” зьвярнуўся ў Міністэрства аховы здароўя з заявай на атрыманьне ліцэнзіі. Напрыканцы траўня міністэрства пазбавіла гэтае прадпрыемства права мэдычнай дзейнасьці з прычыны выяўленых парушэньняў ліцэнзійных патрабаваньняў. Кіраўніцтва мэдцэнтру просіць выдаць новы дакумэнт на беларускае прыватнае прадпрыемства “Экамэдсэрвіс” без удзелу амэрыканскага складніку “Інвэст”.

Калегія міністэрства аховы здароўя мае разгледзіць заяву мэдцэнтру бліжэйшымі днямі. Чаму кіраўніцтва просіць зарэгістраваць прадпрыемства без прысутнасьці амэрыканскага складніку, ў “Экамэдсэрвісе” не тлумачаць. Гаворыць прадстаўніца цэнтру Натальля Крамнёва:

(Крамнёва: ) “Мы не сталі другі раз падаваць заяўку на “Інвэст”. Зь якіх прычынаў не магу сказаць. Відаць, былі нейкія прычыны.”

Паводле спадарыні Крамнёвай, кіраўніцтва прадпрыемства мае пэўныя спадзяваньні, што атрымае ліцэнзію, а таму працягвае завяршаць ўзьвядзеньне новага будынку цэнтра. Літаральна днямі будуць здадзеныя ў эксплюатацыю ўсе чатыры паверхі.

Мэдычны й тэхнічны пэрсанал цяпер мае бязвыплатны адпачынак і ў кожную хвіліну гатовы вярнуцца на працоўныя месцы. Заяву на новую ліцэнзію ў Міністэрства аховы здароўя падало таксама кіраўніцтва яшчэ аднаго прыватнага мэдцэнтру “Нардзін”, пазбаўленага ліцэнзіі адначасна з “Экамэдсэрвісам”, паводле аналягічных прычынаў.

Ніякіх камэнтароў кіраўніцтва “Нардзіну” не дае, аднак паводле некаторых крыніцаў, гэтае прадпрыемства можа стаць напалову дзяржаўным. Як паведаміла спадарыня Крамнёва, “Экамэдсэрвіс” па-ранейшаму плянуе застацца прыватным прадпрыемствам.
XS
SM
MD
LG