Лінкі ўнівэрсальнага доступу

179 турфірмаў пазбаўленыя ліцэнзіяў на турыстычную дзейнасьць


Ігар Карней, Менск Міністэрства спорту і турызму абвясьціла, што 179 турфірмаў і прыватных асобаў, якія аказвалі турыстычныя паслугі, цяпер пазбаўленыя такой магчымасьці. Асноўнай прэтэнзіяй да ўсіх стала тое, што гэтыя кампаніі так і ня здолелі знайсьці сабе за межамі Беларусі партнэраў, якія ўзяліся б арганізаваць дастаўку турыстаў у Беларусь.

Згодна з даручэньнем Аляксандра Лукашэнкі, Савет міністраў яшчэ ўвесну прыняў рашэньне: усе турыстычныя кампаніі павінны займацца ня толькі выязным, але і ўязным турызмам.

У зьвязку з гэтым агенцтвы й індывідуальныя прадпрымальнікі мусілі яшчэ да 1 верасьня атрымаць новыя ліцэнзіі, аднак, зь нейкіх прычынаў адбылася затрымка, і толькі цяпер абвешчаныя канчатковыя вынікі пераліцэнзаваньня.

Такім чынам, амаль ад сямі сотняў турфірмаў 179, па вэрсіі чыноўнікаў, паказалі сваю няздатнасьць працаваць у новых умовах. Нагадаю, што галоўным патрабаваньнем да ўсіх удзельнікаў турыстычнага рынку была наяўнасьць юрыдычна аформленых пагадненьняў з замежнымі фірмамі, якія будуць адпраўляць у Беларусь сваіх турыстаў.

Дырэктарка турыстычнай кампаніі “Віаполь” Галіна Патаева лічыць, што такое патрабаваньне пасьпешлівае: ані мясцовыя арганізацыі, ані турыстычныя аб''екты, як ні дзіўна, самі не зацікаўленыя ў прытоку турыстаў, паколькі ўсе грошы зноў пойдуць у Менск, тады як неабходна фінансавыя патокі пераарыентаваць у мясцовы бюджэт.

(Патаева: ) “На мой погляд, найважнейшае – гэта зрабіць так, каб ад унутранага турызму зараблялі нашыя населеныя пункты. Ня так даўно мы былі ў замку Мальбарку. Са словамі “пані, купіце падарунак для сваёй маці” жанчына проста прымусіла мяне набыць сувэнір. Пры гэтым, на ім было напісана, што гэта ёсьць арыгінальны выраб, адмыслова для гандлю ў замку – з кавалачкам бурштыну, нейкай кветачкай. Нічога мудрагелістага, і каштуе дзесьці два даляры. Трэба, каб і ў нас прадавалася нешта характэрнае, каб людзі маглі купіць сабе на памяць. Бо калі людзі едуць на такія экскурсіі, яны ўсё ж у кішэні маюць грошы. І трэба, каб яны мелі магчымасьць іх патраціць”.

Пакуль жа самым яскравым прыкладам арганізацыі “ўязнога турызму” могуць служыць умовы для адпачынку, якія прапануюць і сваім, і замежным наведнікам у спартовым комплексе Раўбічы пад Менскам.

(Супрацоўнік комплексу: ) “У нас маюцца абсталяваныя паляны, дзе вы можаце самі сабе прыгатаваць ежу. Можна замовіць у рэстарацыі, тады вам прыгатуюць штосьці ў адпаведнасьці з мэню. Паляны, дарэчы, пакуль што ў нас бясплатныя, мы іх у гэтым сэзоне яшчэ не “запусьцілі”. Іншымі словамі, прыходзьце, і пачувайце сябе як дома”.

Паказальна, што пэўная частка турфірмаў нават не зьбіралася спакушаць лёс працэдурай пераліцэнзаваньня. Паводле дадзеных на канец жніўня, толькі 400 ад 650 зарэгістраваных у Беларусі турапэратараў накіравалі ў галіновае міністэрства дакумэнты, неабходныя для атрыманьня новых ліцэнзій.

Кіраўнік Нацыянальнага агенцтва турызму Чэслаў Шульга лічыць, што стопрацэнтнае супадзеньне ў гэтым выпадку зусім не абавязковае: проста ранейшую колькасьць мусіць кампэнсаваць “высокая якасьць паслугаў”.

(Шульга: ) “Лічбы не абавязкова павінны супадаць. Таму што ў турыстычнай галіне традыцыйна шмат пасярэднікаў, некалькі нашых фірмаў могуць карыстацца прапановамі адной замежнай турыстычнай кампаніі. Бо, як ні круці, любая кампанія якісьці працэнт бярэ за браніраваньне ці за квіток, адным словам, за якуюсьці сваю паслугу”.
XS
SM
MD
LG