Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Барысаў: флэш-моб у абарону незалежных СМІ


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць У Барысаве актывісты моладзевых рухаў сёньня правялі акцыю ў абарону свабоды слова. Яны пратэставалі супраць перасьледу гарадзкімі ўладамі мясцовых незалежных выданьняў.

Акцыя прайшла на цэнтральнай плошчы Барысава. Тут сабралася каля паўсотні актывістаў моладзевых рухаў. Паводле мясцовага актывіста руху “Зубр” Міхася Кандрашова, яны зладзілі флэш-моб:

(Кандрашоў: ) “Флэш-моб быў зьвязаны з перасьледам нашых барысаўскіх незалежных газэтаў. Нам пачалі навязваць газэты, якія падпарадкаваныя нашай уладзе. Яны друкуюць тое, што патрэбна ўладзе, а ня тое, што ёсьць насамрэч. Мы газэту “Адзінства” дэманстратыўна выкідалі ў сьметніцу”.

У акцыі бралі ўдзел і сябры барысаўскага моладзевага цэнтру “Волат”. Распавядае іхны лідэр Зьміцер Бародка:

(Бародка: ) “Для бальшыні нашай барысаўскай моладзі сёньня паўстае рэальная праблема ў атрыманьні альтэрнатыўнай інфармацыі. Улады перад 2006 годам праводзяць “зачыстку” інфармацыйнай прасторы, каб да прэзыдэнцкіх выбараў у нас не было альтэрнатывы. І таму зьявілася ініцыятыва з боку руху “Зубр”, “Волата”, “Час маладых”, іншых моладзевых арганізацыяў правесьці кампанію па падтрымцы нашых незалежных сродкаў масавай інфармацыі, у прыватнасьці, “Барысаўскіх навінаў” і “Кур’еру з Барысава”. Флэш-моб карыстаецца папулярнасьцю сярод моладзі”.

“Барысаўскія навіны” і “Кур’ер з Барысава” насамрэч сёлета апынуліся ў складанай сытуацыі. У прыватнасьці, 24 жніўня гаспадарчы суд Менскай вобласьці прыняў рашэньне зьліквідаваць заснавальніка “Кур’ера з Барысава” – таварыства з дадатковай адказнасьцю “Прэс-сэрвіс”. Як лічаць удзельнікі акцыі, гэта было зроблена з мэтай зьліквідаваць і саму газэту.

У складаным становішчы знаходзяцца і “Барысаўскія навіны”. 16 чэрвеня рэдактара газэты Анатоля Букаса барысаўскі суд прызнаў вінаватым ў абразе рэдактаркі афіцыйнай газэты “Адзінства”. А 25 жніўня спадару Букасу мясцовая пракуратура вынесла афіцыйнае папярэджаньне з прычыны, як лічаць яе прадстаўнікі, парушэньняў закону аб друку. Газэту папярэдзілі, што ў выпадку паўторнага пакараньня яе выхад можа быць спынены. Вядомы барысаўскі журналіст, сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Павел Магілін так пракамэнтаваў сытуацыю з мас-мэдыямі ў гэтым горадзе:

(Магілін: ) “У горадзе была ўнікальная сытуацыя зь незалежнымі выданьнямі. Іх агульны наклад у 8 разоў перавышаў наклад выканкамаўскай газэты. Безумоўна, такое становішча не магло задаволіць улады. Калі “Адзінста” выдавалася без адміністрацыйнага ўціску, то наклад яе быў каля 4 тысяч асобнікаў. А сёлета на прадпрыемствах пачалі прымушаць падпісацца на яе і, такім чынам, павялічылі яе наклад з 4 тысяч да 9 тысяч”.
XS
SM
MD
LG