Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На зьезд Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі незалежныя прафсаюзы не патрапілі


Галіна Абакунчык, Менск У Менску распачаўся чарговы зьезд Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Кіраўніцтва арганізацыі плянуе прыняць праграму дзеяньняў на бліжэйшыя пяць гадоў, а таксама правесьці перавыбары старшыні ФПБ. Прадстаўнікі незалежнага прафсаюзнага руху да ўдзелу ў форуме запрошаныя не былі.

Адкрываючы зьезд, старшыня фэдэрацыі Леанід Козік заявіў пра высокі аўтарытэт гэтай арганізацыі ў грамадзтве, а таксама пра намер кіраўніка краіны прыняць удзел у працы зьезду. Сярод іншых пытаньняў на зьезьдзе адбудзецца абмеркаваньне неабходнасьці новай рэдакцыі закону аб прафсаюзах.

Напярэдадні кіраўніцтва фэдэрацыі паабяцала, што да ўдзелу ў распрацоўцы законапраекту будуць запрошаныя таксама прадстаўнікі Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў. Аднак ці магчымае такое супрацоўніцтва пакуль невядома, кажа старшыня незалежнага руху Аляксандр Ярашук.

(Ярашук: ) “Мы, канечне, вельмі зацікаўленыя, каб гэта не рабілася без нашага ўдзелу, маючы на ўвазе, якія зьмяненьні яны хочуць уносіць. Калі яны будуць стаяць на канструктыўнай пазыцыі, то мы можам толькі вітаць і падтрымліваць. Але калі там будуць нейкія маніпуляцыі, то мы, канечне ж, будзем рэзка выступаць супраць”.

Паводле Аляксандра Ярашука, зьмены ў законе аб прафсаюзах перш за ўсё мусяць тычыцца пытаньняў арэнднай платы, фінансавых адлічэньняў, рэгістрацыі й іншых. Аднак лідэр незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч не выключае, што праз новы законапраект кіраўніцтва фэдэрацыі паспрабуе абмежаваць дзейнасьць незалежных прафсаюзаў.

Пра гэта сьведчыць і той факт, што падчас адкрыцьця зьезду Леанід Козік заявіў пра супрацьстаяньне з прафсаюзнымі апанэнтамі, а да ўдзелу ў форуме прадстаўнікі незалежнага руху запрошаныя не былі – кажа Генадзь Фядыніч.

(Фядыніч: ) “Сёньня ФПБ – гэта філіял дзяржаўнага інстытуту, а таму й праца яе больш на паказ, чым на абарону правоў працоўных. Забудуцца на кантракты, на іншыя формы парушэньня правоў працоўных. Будзе гаварыцца пра тое, што ў нас усё добра, што пануе сацыяльнае партнэрства. І, напэўна, будзе гаварыцца, што фэдэрацыя павінна ўплываць на ўсе прафсаюзы й прадпрыемства, каб дэмакратычных незалежных прафсаюзаў не было”.

Гаварыў лідэр прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч.

На другі дзень працы зьезду заплянаванае выступленьне Аляксандра Лукашэнкі, пераабраньне кіроўных органаў і старшыні Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

***

Нагадаю, што старшынём Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леанід Козік быў зацьверджаны папярэднім, пазачарговым зьездам ФПБ, 19 верасьня 2002 году. На гэтую пасадзе ён быў абраны пры актыўнай падтрымцы кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі. Цягам кіраўніцтва фэдэрацыяй спадаром Козікам, шэрагі гэтай арганізацыі часткова пакінулі галіновыя прафсаюзы радыёэлектроннай прамысловасьці й сельскагаспадарчага машынабудаваньня. Акрамя таго, Міжнародная арганізацыя працы выставіла ўраду краіны шэраг прапановаў у справе паляпшэньня становішча з правамі прафсаюзаў. У зьвязку з фактамі парушэньня правоў незалежных прафсаюзаў спэцыяльная камісія Эўразьвязу таксама папярэдзіла кіраўніцтва краіны аб магчымасьці ўвядзеньня эканамічных санкцыяў супраць Беларусі.
XS
SM
MD
LG