Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шасьцёра прадпрымальнікаў 20 верасьня пачынаюць галадоўку


Альгерд Невяроўскі, Менск Гэтыя ўладальнікі маршрутных таксовак зь Берасьця пратэстуюць супраць спагнаньня зь іх шматмільённых сумаў у рамках рэспубліканскага збору за ўвезеныя ў Беларусь машыны, што выкарыстоўваюцца з камэрцыйнымі мэтамі. Галадоўнікі патрабуюць сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.

Паводле ўказу №140 грамадзяне Беларусі, што ўвозяць з-за мяжы машыны для выкарыстаньня ў камэрцыйных мэтах, мусяць плаціць рэспубліканскі збор 3,5 эўра за кубічны сантымэтар аб’ёму рухавіка. Гэты ўказ быў падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам 25 красавіка 2004 году.

І хаця ўсе берасьцейскія галадоўнікі ўвезьлі ў Беларусь свае міні-аўтобусы задоўга да прыняцьця гэтага ўказу, падатковыя інспэкцыі разаслалі ім паведамленьні пра тое, што яны мусяць заплаціць рэспубліканскі збор. Сумы гэтага збору немалыя — ад 25 да 50 мільёнаў рублёў.

Прадпрымальнікі езьдзілі ў Міністэрства па падатках і зборах і ў Вышэйшы гаспадарчы суд, дзе безвынікова даводзілі чыноўнікам, што закон ня мае адваротнай сілы. Урэшце яны вырашылі распачаць з 20 верасьня галадоўку.

Гаворыць прадпрымальніца Любоў Рэзановіч, якой пагражае выплата збору на 50 мільёнаў рублёў:

(Рэзановіч: ) “Нам проста адмовілі. Мы ў адміністрацыю прэзыдэнта тэлефануем, а нам мужык наўпрост адказвае — казна пустая, і нам трэба яе напаўняць. Любым чынам мы яе будзем напаўняць. А за чый кошт? За кошт прадпрымальнікаў. З кпінам — усё, да пабачэньня”.

У Берасьці на рынку перавозкі пасажыраў працуе больш за сто ўладальнікаў мікрааўтобусаў. Але ўлады пакуль вырашылі спагнаць рэспубліканскі збор з шасьці чалавек. Гэтыя людзі лічаць, што такім чынам чыноўнікі хочуць паглядзець на рэакцыю прадпрымальнікаў — будуць тыя пратэставаць ці не. Як вынік, людзі вырашылі распачаць галадоўку і дамагацца сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Любоў Рэзановіч працягвае:

(Рэзановіч: ) “Мы супраць няправільнага тлумачэньня ўказу. Альбо адмяніць няправільнае трактаваньне ўказу, альбо сустрэча з прэзыдэнтам. І мы будзем гэтага дамагацца. Мы хочам, каб прэзыдэнт нас пачуў. Калі ён пачуе, то пойдзе на саступкі і ўсё гэта адменіць”.

Паводле спадарыні Рэзановіч, калі Аляксандар Лукашэнка не сустрэнецца зь ёй і яе калегамі цягам трох тыдняў, галадоўнікі думаюць адмовіцца ад спажываньня вады.

Сёньня прадпрымальнікі наведалі Берасьцейскі аблвыканкам і запатрабавалі, каб улады далі ім памяшканьне для галадоўкі і забясьпечылі мэдычны нагляд. Чыноўнікі паабяцалі даць адказ заўтра.

***

У сакавіку і красавіку сёлета 31 дзень галадаваў ваўкавыскі прыватны прадпрымальнік, уладальнік фірмы “Радыё-таксі” Мікалай Аўтуховіч, а таксама некалькі дзесяткаў кіроўцаў таксовак фірмы ды іх прыхільнікі. Галадоўка адбывалася на знак пратэсту супраць дзеяньняў падатковай інспэкцыі, якая наклала на Аўтуховіча штраф у памеры 140 тысячаў даляраў і, не дачакаўшыся выплаты, сканфіскавала 13 аўтамабіляў “Радыё-таксі”. Канкрэтным патрабаваньнем галадоўшчыкаў было зьняцьцё забароны на эксплюатацыю грузавых машынаў фірмы “Ніка-Транс”, зьвязанай з “Радыё-таксі”. Гэтая мэта была дасягнутая.
XS
SM
MD
LG