Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома, дзе будзе адбываць "хімію" Андрэй Клімаў (абноўлены)


Любоў Лунёва, Менск Андрэй Клімаў паедзе на “хімію” ў Крупкі. Пра гэта Андрэю Клімаву паведамілі міліцыянты. Прызначана і дата адпраўкі на "хімію" – 22 верасьня.

Нагадаем, суд Цэнтральнага раёну Менску пакараў апазыцыйнага палітыка абмежаваньнем волі на паўтара года за арганізацыю вулічнай акцыі 25 сакавіка, якая праходзіла пад лёзунгамі адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі. Суд улічыў, што Андрэя Клімава ў часе сьледзтва трымалі ў сьледчым ізалятары, таму на “хіміі” ён правядзе год і тры месяцы. Андрэй Клімаў паведаміў Радыё Свабода, што палітыкай у часе адбыцьця пакараньня ён займацца ня будзе.

Андрэй Клімаў таксама паведаміў, што будзе шукаць працу ў Крупскім раёне. Апазыцыйны палітык хоча працаваць у пажарнай частцы, бо ён мае досьвед у тушэньні пажараў. Ён лічыць, што ўлады спэцыяльна накіравалі яго ў самы “глухі” раён Меншчыны, бо прыслухаліся да ягонай просьбы адпачыць.

(Клімаў: ) “Ну, яны, відаць, улічылі маё жаданьне адпачыць, каб супакоіць свае нэрвы. У тым ліку адпачыць ад апазыцыйнага руху. Мае паплечнікі – гэта людзі, якія змагаюцца за ідэю, альбо папросту мне сымпатызуюць ці давяраюць. Людзі любяць, калі палітык ахвяруе сабой. Яны прыслухаюцца да маіх заклікаў выйсьці на плошчу. Гэтая праца ўжо робіцца. Палітыкай я буду займацца толькі на Кастрычніцкай плошчы. У Крупках я буду апазыцыю падтрымліваць маральна. Я мару цяпер уладкавацца на працу ў пажарную ахову, бо гэта вельмі высакародная праца. Калі не атрымаецца, то ў бібліятэку. У калгас? Я ніколі не даіў кароў. Лічу, што абавязкова знойдзецца калгас, у якім ёсьць бібліятэка.”

Андрэй Клімаў з 1998 па 2000 год быў пазбаўлены волі за нібыта незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі й незалежныя экспэрты назвалі справу палітычнай расправай, бо апазыцыйны дэпутат Вярхоўнага Савету быў прыхільнікам адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі. Летась пракуратура распачала яшчэ адну крымінальную справу супраць Андрэя Клімава за паклёп на Аляксандра Лукашэнку. Падставай для яе сталі публікацыі апазыцыйнага палітыка, якія распаўсюджваліся на тэрыторыі Беларусі. Першамайскі суд Менску спыніў крымінальную справу ў ліпені, пасьля вынясеньня прысуду за арганізацыю вулічнай апазыцыйнай акцыі 25 сакавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG