Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынікі выбараў у Нямеччыне – пакуль сытуацыя патавая


Юры Дракахруст, Прага Парлямэнцкія выбары, якія адбыліся ў Нямеччыне ўчора, не прынесьлі пераканаўчага посьпеху ніводнай партыі і ніводнай традыцыйнай кааліцыі.

Блёк Хрысьціянска-дэмакратычнай партыі і Хрысьціянска-сацыяльнага саюзу, якому прадказвалі поўную перамогу, набраў каля 35% галасоў. Сацыял-дэмакраты на чале зь дзейным канцлерам Гэрхардам Шрэдарам адсталі ад лідэра менш, чым на 1%. Партыя свабодных дэмакратаў – традыцыйны саюзьнік ХДС-ХСС надбрала 10%. Прыблізна па 8% немцаў выказаліся за зялёных – саюзьнікаў сацыял-дэмакратаў і за новую левую партыю, зь якой ніхто ня хоча ўступаць у альянс.

Большасьць экспэртаў і камэнтатараў называе сытуацыю патавай. Блёк ХДС-ХСС, кіраваны Ангелай Мэркель, разам са Свабоднымі дэмакратамі мае 45% – менш за неабходныя 50%. Сацыял-дэмакраты разам зь зялёнымі, якія разам кіравалі Нямеччынай да ўчорашняга дня, цяпер маюць 42% – таксама менш за палову. А для зацьвярджэньня ўраду трэба болей за палову галасоў дэпутатаў.

Абедзьве партыі, якія набралі найбольшую колькасьць галасоў, гавораць ня толькі пра сваю перамогу, але і пра тое, што менавіта яны маюць намер узяць на сябе ініцыятыву фармаваць новы ўрад. Ангела Мэркель заявіла пра гэта ўчора адразу пасьля выбараў:

(Мэркель: ) "Паколькі мы – самая моцная партыя, то мы будзем размаўляць з усімі вядучымі партыямі, гэта правіла дэмакратыі. І потым мы будзем бачыць, як мы можам стварыць устойлівы ўрад".

Аднак і лідэр сацыял-дэмакратаў Герхард Шрэдэр, назваўшы вынік хрысьціянскіх дэмакратаў вартым жалю, завіў, што фармаваць новы ўрад будзе ён.

(Шрэдэр: ) "Выбаршчыкі далі нам зразумелы вынік. Відавочна, што ніхто ня можа ўтварыць устойлівы ўрад, акрамя мяне".

Калі адкінуць гэтую пасьлявыбарчую рыторыку, варта сказаць, што паводле ацэнак экспэртаў найбольш імаверны варыянт – стварэньне вялікай кааліцыі сацыял-дэмакратаў і хрысьціянскіх дэмакратаў, хаця заявы Мэркель і Шрэдара сьведчаць пра тое, што перамовы ня будуць лёгкімі.
XS
SM
MD
LG