Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Лукашэнку не падабаецца палітыка ААН?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 16 верасьня) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: філёзаф Аляксандар Грыцанаў і галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты “Белорусские новости” Кірыла Пазьняк.

(Валер Карбалевіч: ) “Выступ кіраўніка Беларусі ўжо названы скандальным. Ён быў вельмі ідэалягізаваным. Так выглядае, што асноўным сэнсам ягонага выступу была не рэальная ацэнка ўсясьветных працэсаў, вырашэньне міжнародных праблемаў, а палітычны піяр, вынесены на трыбуну ААН. Як можна ацаніць той малюнак сьвету, які прапанаваў Лукашэнка міжнароднай супольнасьці? Наколькі ён адпавядае рэальнасьці?”

(Аляксандар Грыцанаў: ) “ААН з пачатку свайго існаваньня будавалася ў такім выглядзе, каб некалькі вялікіх дзяржаваў (ЗША, СССР, Кітай, Францыя, Вялікабрытанія) маглі кіраваць усім сьветам. Таму былі ўведзеныя статус пастаянных сябраў Рады Бясьпекі ААН, права вэта. Цяпер Лукашэнка прапанаваў новую мадэль, паводле якой вялікія дзяржавы ня мелі магчымасьці кіраваць сьветам. Каб рашэньне прымалі ня толькі вялікія дзяржавы ў Радзе Бясьпекі, а шляхам галасаваньня ўсіх дзяржаваў. Прычым, павінна павялічыцца роля малых дзяржаваў. Тут ужо недалёка і да ўсясьветнага рэфэрэндуму па тым альбо іншым пытаньні.

Але гэтая мадэль, прапанаваная Лукашэнкам, па-першае, не адпавядае рэальнасьці пачатку ХХІ стагодзьдзя, па-другое, не адпавядае той канструкцыі, якая была закладзеная ў падмурак ААН падчас яе стварэньня”.

(Кірыла Пазьняк: ) “Лукашэнка казаў пра тое, што сьвет зьмяніўся апошнім часам ня ў лепшы бок. Найперш таму, што зьнік СССР і ўтварылася аднапалярнасьць. Тут ён яшчэ заадно патужыў па Савецкім Саюзе, што, дарэчы, зрабіла ягоную прамову больш жывой. Тут я заўважыў такі амбітны пасыл, што Беларусь ён прадставіў як прадаўжальніцу геапалітычных паводзінаў СССР.

Лукашэнка шмат казаў пра нэгатыў у сьвеце, пачынаючы ад войнаў і наркотыкаў. Пры гэтым у якасьці ўзору ён проціпаставіў гэтым тэндэнцыям Беларусь, дзе, як ён казаў, няма ніякіх канфліктаў. Гэта і рэкляма беларускай мадэлі, і адначасова яе абарона. Абарона была і ў тым, што Лукашэнка прапанаваў прызнаць усяму сьвету роўнасьць розных шляхоў разьвіцьця”.

(Карбалевіч: ) “Лукашэнка ахарактарызаваў міжнародную сытуацыю як тупік. Зь ягонага выступу вынікае, што галоўныя беды і катастрофы ў сёньняшнім сьвеце — вынік ягонай аднапалярнасьці. То бок, можна так зразумець, што калі сьвет быў двухпалярны, то гэтых праблемаў не было. Такім чынам, атрымоўваецца, што крыніца ўсіх сусьветных праблемаў — палітыка ЗША. Як можна ацаніць такі падыход кіраўніка Беларусі?”

(Грыцанаў: ) “Я б нагадаў думку былога прэзыдэнта ЗША Рональда Рэйгана, які некалі сказаў: “Ёсьць рэчы больш важныя, чым мір…”. Гэты кавалак фразы цытавалі і крытыкавалі камуністычныя мэдыі. Але Рэйган прадоўжыў фразу: “…гэта свабода”. Тут Лукашэнка разьвівае традыцыі той савецкай ідэалёгіі. Ён лічыць, што калі ў сучасным Іраку адбываюцца выбухі, гінуць людзі, то гэта таму, што сышоў Садам Хусэйн. Але згадаем думку Рэйгана. Свабода Іраку — вялікая каштоўнасьць. Можна спадзявацца, што іракцы пабудуюць новае дэмакратычнае грамадзтва. Выбухі — звычайны шлях да дэмакратыі. Таму што застаюцца носьбіты спадчыны Садама Хусэйна, прыхільнікі партыі БААС і іншыя. Лукашэнка нагадаў Аўганістан. Сумна, але там рэзка ўзрос выраб наркотыкаў. Але гэта таксама частка шляху да складанай задачы пабудаваньня мусульманскай дэмакратыі. Але гэта шлях у правільным кірунку.

Таму з дапамогаю антыамэрыканізму Лукашэнка працягвае палемізаваць ад імя СССР з Рэйганам на тэму: ёсьць рэчы больш важныя, чым свабода, ці няма?”

(Пазьняк: ) “Антыамэрыканская рыторыка — заўсёдны элемэнт прапаганды Лукашэнкі, пачынаючы ад самых першых гадоў ягонага прэзыдэнцтва. І ў гэтым выступе ён быў цалкам пасьлядоўны. І гэтым антыамэрыканізмам Лукашэнка вырашае дзьве задачы: піяр унутраны і зьнешні. Зь піярам унутраным усё зразумела. Ён ужывае антыамэрыканскую прапаганду заўсёды. Цяпер на носе выбары. А ў Беларусі, дзякуючы прапагандзе, антыамэрыканскія настроі досыць распаўсюджаныя.

Гэтак жа антыамэрыканскія настроі апошнім часам распаўсюджаныя па ўсім сьвеце. Жорсткая антыамэрыканская пазыцыя Лукашэнкі, на ягоную думку, можа ўзьняць аўтарытэт Беларусі сярод краінаў, якім не падабаецца дамінаваньне ЗША ва ўсясьветнай палітыцы. Прычым, падтрымаць пазыцыю Беларусі могуць як маленькія краіны, так званыя ізгоі (напрыклад, Куба), так і такія вялікія, як Кітай. І таму тут ёсьць пэўны прагматычны разьлік”.

(Карбалевіч: ) “Многія абвінавачаньні на адрас ЗША проста не адпавядаюць рэальнасьці, усім вядомым фактам. Так, Лукашэнка сьцьвярджае, што ў выніку дзейнасьці ЗША “разгромлена і зьнікла з мапы Эўропы Югаславія”. Хоць насамрэч вядома, што Югаславія распалася сама задоўга да яе вайны з НАТО і працягвае распадацца далей без усялякага ўдзелу ЗША.

Альбо наконт Аўганістану. Лукашэнка сьцьвярджае, што “пад маркай барацьбы з бэн Ладэнам ракетамі і бомбамі разарвалі Аўганістан”, нібыта ў выніку чаго ён ператварыўся ў агмень канфліктаў і вытворчасьці наркотыкаў. На гэта можна сказаць, што, па-першае, Аўганістан стаў такім агменем задоўга да вайсковай апэрацыі 2001 году. І да таго, што краіна стала такім агменем, хутчэй спрычыніўся СССР, якога Лукашэнка назваў “апорай і надзеяй многіх дзяржаваў”. Па-другое, кааліцыя на чале з ЗША пачала вайсковую апэрацыю супраць талібаў з санкцыі Рады Бясьпекі ААН. Наступнае пытаньне: як Лукашэнка ацаніў палітыку ААН?”

(Грыцанаў: ) “Было нечакана, што татальную крытыку Захаду, ЗША Лукашэнка перавёў увогуле на ААН. Ён бачыць, што рашэньні Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў не адпавядаюць таму малюнку сьвету, які малюе Лукашэнка. І таму ён даводзіць, што ААН стала паслухмяным мэханізмам НАТО і ЗША. І таму Лукашэнка заклікаў адабраць Арганізацыю Аб’яднаных Нацыяў у ЗША і перадаць яе малым дзяржавам. Гэта першае.

Другое. Больш сьмешным выглядае прапанова прэзыдэнта Вэнэсуэлы Чавэса перанесьці ААН у іншае месца. Адно пытаньне: хто будзе аплачваць такое перасяленьне? Лукашэнка не падтрымаў гэтай прапановы, таму што разумее, што такіх грошай няма. І гэта можа адбыцца толькі тады, калі на гэта пагодзяцца ЗША і іхныя саюзьнікі. Але гэтыя прапановы Чавэса, Лукашэнкі сьведчаць пра тое, што апанэнты заходняй дэмакратыі крытыкуюць у цэлым мэханізм ААН. Ім цесна ў гэтых рамках, і яны разумеюць, што трэба нешта рабіць. Таму што хутка ня толькі Захад будзе крытыкаваць апошнія недэмакратычныя рэжымы. Таму крытыка Лукашэнкам ААН, ягоны заклік у пачатку прамовы: “Ці правільным шляхам мы вядзем свае краіны?” — вельмі паказальныя і сымптаматычныя моманты”.

(Пазьняк: ) “Лукашэнка, па сутнасьці, скрытыкаваў дзейнасьць ААН, таму што ў яе палітыцы дамінуюць пазыцыі Эўразьвязу і ЗША. Апрача таго, розныя структуры Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў неаднаразова выказвалі сваё стаўленьне да сытуацыі ў Беларусі, у прыватнасьці, да сытуацыі з правамі чалавека. І МЗС Беларусі рэагавала на гэта так: маўляў, ААН умешваецца ва ўнутраныя справы нашай краіны. Лукашэнку не падабаецца і тое, што ААН займаецца справамі дэмакратыі. Якраз на гэтай сэсіі быў створаны Фонд разьвіцьця дэмакратыі, які мусіць дапамагаць дэмакратызацыі пэўных краінаў. Зразумела, што сярод гэтых краінаў ёсьць і Беларусь”.

(Карбалевіч: ) “Фактычна Лукашэнка выступіў супраць палітыкі ААН. Як бы там ні было, але палітыка ААН ёсьць палітыкай міжнароднай супольнасьці. То бок, Лукашэнка выступіў супраць палітыкі міжнароднай супольнасьці. Ён заявіў, што ААН стала інструмэнтам палітыкі ЗША. Таму Лукашэнка асудзіў рэзалюцыі па Беларусі Камісіі ААН па правах чалавека. Ён не прызнаў рашэньня Рады Бясьпекі ААН па Аўганістану ў 2001 годзе. Ён выступіў у абарону Садама Хусэйна, патрабаваў вызваліць яго, хоць былы прэзыдэнт Іраку быў шмат разоў абвінавачаны ААН у злачынствах. Мілошавіча таксама судзіць Гааскі трыбунал ААН, а Лукашэнка запатрабаваў яго вызваліць.

Далей, Лукашэнка выступіў у абарону Ірану, які фактычна адмаўляецца падпарадкоўвацца кантролю МАГАТЭ. Кіраўнік Беларусі таксама выступіў у абарону Паўночнай Карэі, якая спрабуе атрымаць ядзерную зброю насуперак дакумэнтам ААН і Дамове аб нераспаўсюджваньні ядзернай зброі.

Асноўны тэзіс Лукашэнкі: пад маркаю абароны дэмакратыі і правоў чалавека ЗША ўмешваюцца ва ўнутраныя справы іншых краінаў. Насамрэч, можна сказаць, што пад маркаю свабоды выбару кожнай краінай уласнага шляху разьвіцьця Лукашэнка фактычна выступае за права дзяржаваў-ізгояў (да якіх ён фактычна аднёс і Беларусь, паставіўшы ў адзін шэраг з Кубай) не падпарадкоўвацца міжнародным правілам, за права аўтарытарных кіраўнікоў кіраваць так, як ім падабаецца без усялякіх перашкод”.
XS
SM
MD
LG