Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

К.Хойбнэр: “Эўропе вельмі не хапае людзей кшталту Васіля Быкава”


Алена Струвэ, Менск Нямецкія інтэлектуалы будуць патрабаваць ад новага кіраўніцтва больш пасьлядоўнай пазыцыі ў дачыненьні да Беларусі — пра гэта ў інтэрвію “Свабодзе” заявіў бэрлінскі літаратар і грамадзкі дзеяч Крыстаф Хойбнэр.

Крыстаф Хойбнэр, вядомы ў беларускіх літаратурных колах больш як сябра Васіля Быкава і арганізатар ягоных перакладаў і публікацыяў у Нямеччыне, цалкам падзяляе пазыцыю свайго выбітнага суайчыньніка Гюнтэра Граса адносна таго, што інтэлектуалы мусяць актыўна ўмешвацца ў палітыку, нягледзячы на распаўсюджанае на Захадзе меркаваньне, што палітыка — справа брудная, а мастацтва павінна быць чыстым.

Напярэдадні датэрміновых выбараў у Бундэстаг традыцыйна беспартыйныя нямецкія літаратары заклікалі суайчыньнікаў аддаць свае галасы за блёк чырвона-зялёных. Бо, паводле Гюнтэра Граса, “менавіта гэтыя палітычныя сілы выратавалі нямецкае грамадзтва ад вайны і прадэманстравалі мужнасьць, пачаўшы няпростыя і балючыя рэформы”.

Некаторыя аглядальнікі нават зьвязваюць з гэтым зваротам і тую акалічнасьць, што літаральна напярэдадні выбараў сацыял-дэмакратаў падтрымалі тысячы грамадзянаў, у тым ліку маладых, якія дагэтуль ніяк ня вызначылі сваіх сымпатыяў. Паводле Крыстафа Хойбнэра гэта ёсьць вельмі важным момантам.

(Хойбнэр: ) “Вынікі выбараў дэманструюць тое, што людзі сталі значна больш палітычна сьвядомымі. Людзі разумеюць, што эканамічная палітыка мусіць абавязкова мяняцца, аднак дзяржава пры гэтым павінна выконваць свае сацыяльныя функцыі. І нягледзячы на тое, што палітыка Шрэдэра апошнім часам была непапулярнай, аднак людзі сказалі: гэта балюча, аднак неабходна. Вельмі важна, што міжнародную нямецкую палітыку падтрымала таксама шмат моладзі. Для краіны, дзе існуе праблема правага экстрэмізму, вельмі важна, калі моладзь выступае супраць расізму, антысэмітызму, за мірную палітыку”.

Нягледзячы на тое, што нямецкія літаратары ў асноўным падтрымліваюць нямецкую замежную палітыку, яны вельмі крытычна ацэньваюць стаўленьне кіраўніцтва краіны да беларускай сытуацыі.

(Хойбнэр: ) “Нямецкі ўрад і нямецкі канцлер паказалі сваю абыякавасьць да Беларусі. Гэта скандальна, што па-ранейшаму ў цэнтры Эўропы існуе дэпрэсіўная палітыка. І ў гэтым пункце, калі Шрэдэр зноў стане канцлерам, ён мусіць выявіць значна больш пасьлядоўнасьці, чым дагэтуль, і падтрымаць пазыцыю Польшчы ў беларускім пытаньні. Нямеччына мусіць гэта зрабіць, каб астатняя Эўропа адкрыла на беларускую сытуацыю ня толькі вочы, але таксама і рот”.

Паводле Крыстафа Хойбнэра, цяперашняй Эўропе вельмі не хапае людзей кшталту Васіля Быкава.

(Хойбнэр: ) “Я магу сказаць, што Быкаў быў сапраўдным правадніком беларускага сувэрэнітэту. Гэта быў вельмі паважаны чалавек. У сваіх інтэрвію нямецкай прэсе ён шчыра інфармаваў пра сытуацыю ў Беларусі. І ягоная крытыка Лукашэнкі была часта зьвязаная зь любоўю да краіны, мовы. Гэта быў чалавек, які заслугоўваў даверу, і гэта быў сапраўдны эўрапеец”.
XS
SM
MD
LG