Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўночная Карэя пагадзілася адмовіцца ад ядзернай зброі


Юры Дракахруст, Прага На шасьцібаковых перамовах у Пэкіне Паўночная Карэя пагадзілася адмовіцца ад ядзернай зброі й ад працягу ядзерных дасьледаваньняў у абмен на гарантыі бясьпекі й эканамічную дапамогу. Двухгадовыя перамовы завяршыліся посьпехам, адзін з самых вострых міжнародных крызысаў, здаецца, пасьпяхова вырашаны.

На перамовах па ядзернай праграме КНДР прадстаўнікі абедзьвюх Карэяў, ЗША, Кітаю, Расеі й Японіі стоячы воплескамі віталі адзін аднаго. Чацьверты раўнд дыялёгу, які пачаўся ў жніўні 2003 году, прынёс плён. Кіраўнік кітайскай дэлегацыі Ву Давей агучыў канчатковае рашэньне.

(Давей: ) "КНДР заявіла аб адмове ад любых відаў ядзернай зброі й існых ядзерных праграмаў і аб вяртаньні ў дамову аб непашырэньні ядзернай зброі і аб вяртаньні ў МАГАТЭ".

У кастрычніку 2002 году ЗША абвінавацілі КНДР у працы па ўзбагачэньні ўрану ў абыход міжнародных дамоўленасьцяў. У сьнежні 2002 году паўночнакарэйскія прадстаўнікі выдалілі з краіны інспэктараў МАГАТЭ. У 2003 годзе Пхеньян выйшаў з дамовы аб непашырэньні ядзернай зброі і абвясьціў, што валодае ёй. Паводле ацэнак амэрыканскіх сьпэцслужбаў, КНДР мае ад адной да трох ядзерных бомбаў.

У абмен на адмову Пхеньяну ад ядзернай зброі й ядзерных распрацовак Злучаныя Штаты пацьвердзілі, што ня маюць ядзернай зброі на Карэйскай паўвысьпе і ня маюць намеру “нападаць ці акупаваць Паўночную Карэю пра дапамозе ядзернай ці звычайнай зброі”.

Прадстаўнік Злучаных Штатаў на шасьцібаковых перамовах Крыстафэр Гіл заявіў, што КНДР прыняла абсалютна правільнае рашэньне.

(Гіл: ) "Гэта важнае рашэньне для Паўночнай Карэі, і гэта абсалютна правільнае рашэньне. Бясьпека, дабрабыт КНДР залежаць не ад ядзернай зброі, а ад адносінаў зь іншымі краінамі. Гэта вельмі важны момант у іх гісторыі, калі яны адмаўляюцца ад гэта віду зброі і паварочваюцца да наладжваньня адносінаў з суседзямі й іншымі краінамі сьвету".

Паўночнай Карэі ў абмен на адмову ад ядзернай зброі абяцаная эканамічная дапамога, у прыватнасьці Паўдзённая Карэі дасьць суседу 2 мільёна кіляват электраэнэргіі. На думку экспэртаў галоўная праблема, якая застаецца – ці зможа Паўночная Карэя мець цывільную ядзерную праграму? У пагадненьні, якое было падпісанае сёньня, гаворыцца, што пры пэўных абставінах міжнародная супольнасьць дапаможа КНДР пабудаваць ядзерны рэактар на так званай “лёгкай вадзе” для цывільнай вытворчасьці электраэнэргіі. Гаворыць Гай Гонгуі, экспэрт з Усходнеазіяцкага інстытуту ў Сінгапуры.

(Гонгуі: ) "Паўночнакарэйская цывільная ядзерная праграма – вельмі сьціплая, аднак Злучаныя Штаты ўсё яшчэ перасьцерагаюцца, што гэта – крыніца небясьпекі, і што КНДР могуць стварыць гэтую небясьпеку ў будучыні, нават пры тым, што цяпер іх цывільная ядзерная праграма не ўяўляе небясьпекі. Я мяркую, што ЗША ўсё яшчэ не давяраюць Паўночнай Карэі і ня хочуць даць ім магчымасьці зрэалізаваць гэтую пагрозу".

Яшчэ ў 1994 годзе ЗША і КНДР дамаўляліся, што Пхеньян не стварае ядзерную бомбу, а Злучаныя Штаты даюць яму салідную фінансавую дапамогу. Аднак тагачасная дамоўленасьць не спраўдзілася з-за недаверу бакоў: Злучаныя Штаты падазравалі, што Паўночная Карэя вядзе патаемныя ядзерныя распрацоўкі, што адбывалася і насамрэч. Пхеньян тым часам заяўляў, што вымушаны ствараць ядзерную зброю, каб абараніцца ад магчымай амэрыканскай агрэсіі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG