Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ лічыць, што ў Беларусі актывізаваліся заходнія шпіёны


Алег Грузьдзіловіч, Менск Старшыня КДБ Беларусі абвінаваціў заходнія краіны ў “актывізацыі” працы спэцслужбаў супраць курсу Беларусі. Пры гэтым у КДБ не агучваюць зьвестак пра затрыманых шпіёнаў і прыкладаў вэрбоўкі беларускіх грамадзянаў.

“Скрайне агрэсіўнай ды гістэрычнай” назваў працу замежных спэцслужбаў супраць Беларусі старшыня КДБ Сцяпан Сухарэнка, калі выступаў у мінулую суботу перад маладымі чэкістамі. “На захадзе і за акіянам многім становіцца дрэнна, калі яны глядзяць на той курс, якім вядзе краіну беларускі прэзыдэнт”, — заявіў, паводле агенцтва ІТАР-ТАСС, Сьцяпан Сухарэнка. Ён запэўніў, што беларускія спэцслужбы могуць распавесьці “аб пэўных выніках працы ў справе выкрыцьця шпіёнаў і спыненьня спробаў вэрбоўкі беларускіх грамадзянаў”.

Сёньня я зьвярнуўся ў прэсавую службу КДБ Беларусі з просьбай паведаміць гэтыя пэўныя зьвесткі пра замежных шпіёнаў, якіх выкрылі беларускія чэкісты. Таксама я прасіў назваць прозьвішча хаця б аднаго грамадзяніна Беларусі, якога спрабавалі замежныя шпіёны завэрбаваць. Кіраўнік цэнтру сувязяў з грамадзкасьцю КДБ Валер Надтачаеў гэтых дадзеных мне не паведаміў.

(Надтачаеў: ) “Крыху пазьней мы зробім гэта. Калі? Цягам тыдня”.

Валер Надтачаеў з КДБ Беларусі не назваў і замежных фондаў, пад прыкрыцьцём якіх нібыта вядзецца выведкавая праца супраць Беларусі. “Мне трэба падрыхтавацца”, — сказаў Валер Надтачаеў, але больш ягоны тэлефон не адказваў. Нагадаю, старшыня КДБ Сьцяпан Сухарэнка таксама заявіў, што выведкавая дзейнасьць замежных спэцслужбаў супраць Беларусі вядзецца нібыта пад прыкрыцьцём міжнародных фондаў.

Ці сапраўды заходнія выведкі актывізавалі працу супраць Беларусі? Гэтае пытаньне я задаў вядомаму праваабаронцу Сяргею Аніську, які да 1990-х гадоў працаваў у вайсковай контравыведцы. Сяргей Аніська згодны, што Беларусьсю цікавяцца выведкі іншых краінаў. Але найперш з той прычыны, што празь Беларусь праходзяць шляхі незаконнай міграцыі і наркатрафік, лічыць былы контравыведнік. Паводле Сяргея Аніські, ён даўно ня бачыў значных посьпехаў КДБ у змаганьні супраць пагрозаў нацыянальнай бясьпекі.

(Аніська: ) “Дай Бог, каб наша КДБ ня спала і выяўляла пільнасьць да пагрозаў нацыянальнай бясьпекі, але рэальных, а не мітычных, што мы часта бачым. Гэта калі ворага дзяржавы бачаць у любым апазыцыянэру. Тое, як нядаўна затрымалі двух маладых грамадзянаў Грузіі, якія кантактавалі зь беларускімі апазыцыянэрамі, і дэпартавалі іх нібыта шпіёнаў, гэта і ёсьць прыкладам такой барацьбы зь мітамі. А рэальных затрыманьняў шпіёнаў я ня бачыў. Калі б яны былі, перакананы, наша КДБ гэта абавязкова паказала б па тэлебачаньні”.

Я зазірнуў у свой журналісцкі архіў у разьдзел “шпіёны”. У ім затрыманьне апошніх шпіёнаў пазначана 2001 годам. Гэта былі грамадзянін Нямеччыны Крыстафэр Лец і грамадзянін Італіі Анджэла Піў. Абодвух КДБ абвінаваціў у выведкавай дзейнасьці, абодва прызналі сябе вінаватымі, былі асуджаныя і вызваленыя праз год. Прыкладаў вэрбоўкі беларускіх грамадзянаў набралася меней. Можна згадаць прызнаньне беларускага вайсковага журналіста Аляксея Безьвясельнага, які ў 2003 годзе заявіў, што яго спрабавала завэрбаваць польская выведка. Аднак, паводле былога контравыведніка Сяргея Аніські, з пэўных прычынаў ня ўсе прыклады дзейнасьці спэцслужбаў становяцца шырока вядомымі.

Сярод міжнародных фондаў, выгнаных уладамі зь Беларусі, можна згадаць прыватны Фонд Сораса, які зьехаў яшчэ ў 1997 годзе, і амэрыканскі фонд IREX — яго прадстаўніцтва закрылі два гады таму. Між тым, беларускія ўлады не падалі доказаў шпіёнскай дзейнасьці супрацоўнікаў гэтых арганізацыяў.

Сёлета зь Беларусі былі высланыя тры польскія дыпляматы, якіх улады краіны абвінавацілі ў “дзейнасьці, якая не сумяшчальная з дыпляматычнай”. Між тым, у Варшаве лічаць гэтую акцыю беларускіх уладаў палітычнай.

***

Кіраўнік КДБ Сьцяпан Сухарэнка таксама заявіў, што камітэт “не зьбіраецца адмаўляцца ад ідэалаў Фэлікса Дзяржынскага”. “На жаль, многія адарваліся ад тых асноваў, тых запаветаў, якія стаялі ў крыніцаў нашай працы. Але для нашага супрацоўніка тое, што заклаў Фэлікс Эдмундавіч, сьвятое”, – заявіў старшыня КДБ Беларусі.

Магчыма, варта нагадаць, што менавіта Фэлікс Дзяржынскі заклаў практыку расстрэлаў закладнікаў і масавага тэрору паводле клясавага прынцыпу. Ідэалы, на якія спасылаецца Сцьяпан Сухарэнка, сам Фэлікс Дзяржынскі фармуляваў наступным чынам:

“ЧК – гэта ня суд. ЧК – абарона рэвалюцыі. ЧК павінна абараняць рэвалюцыю і перамагаць ворага, нават калі яе меч пры гэтым выпадкова патрапіць на галовы невінаватых...Права расстрэлу для ЧК надзвычай важнае”.
XS
SM
MD
LG