Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікола Статкевіч: “Не дачакаюцца!”


Любоў Лунёва, Менск Мікола Статкевіч, які адбывае пакараньне на “хіміі” у Баранавіцкай спэцкамэндатуры за арганізацыю вулічных дэманстрацыяў супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму, заяўляе, што мясцовыя ўлады наўмысна абмяжоўваюць яго кантакты, каб пазбавіць магчымасьці займацца палітычнай дзейнасьцю. Мікола Статкевіч лічыць, што кіраўніцтва спэцкамэндатуры шукае падставы, каб перавесьці яго ў іншае месца.

Мікола Статкевіч лічыць, што адміністрацыя Баранавіцкай спэцкамэндатуры хоча пазбавіцца ад яго, каб не выконваць штодня загадаў мясцовага КДБ. Апазыцыйны палітык упэўнены, што ўлады наўмысна ствараюць для яго адпаведныя ўмовы, каб абмежаваць ягоную палітычную дзейнасьць.

Мікола Статкевіч адбывае пакараньне на “хіміі” у Баранавічах з 29 ліпеня. За паўтара месяца адміністрацыя спэцкамэндатуры не зафіксавала ніводнага парушэньня правілаў унутранага распарадку зь яго боку. Паводле заканадаўства, Статкевіча мусілі адпусьціць у Менск наведаць сям’ю. Але адтуль міліцыянты даслалі ліст з просьбай не адпускаць яго, спаслаўшыся на складаную апэратыўную абстаноўку ў сталіцы.

Мікола Статкевіч двойчы меў звальненьне ў суботу і нядзелю, каб пабыць разам са сваёй жонкай і дачкой на кватэры свайго бацькі. Але й туды наведваюцца прадстаўнікі адміністрацыі, каб праверыць, чым займаецца апазыцыйны палітык. Гаворыць Мікола Статкевіч:

(Статкевіч: ) “Мала, што адпускаючы дахаты, як усіх астатніх, калі прыяжджаюць сваякі, то да адзінага да мяне робяць такое выключэньне, патрабуюць, каб я, выходзячы з хаты, тэлефанаваў дзяжурнаму і казаў, куды іду. Усё роўна, нягледзячы на гэта, прыходзяць дахаты. Адхінуўшы бацьку ў дзьвярах, праходзяць у пакой, дзе мы знаходзімся з жонкай, дачкой (сядзім, ляжым, глядзім тэлевізар), ды яшчэ пытаюцца, ці не перашкаджаюць нам. Мала таго, ужо ўзяліся і за бацьку”.

Бацьку Міколы Статкевіча летась апэравалі ў Рэспубліканскім анкалягічным шпіталі. Гэта ён папрасіў, каб сына накіравалі ў Баранавічы, дзе ён жыве.

(Віктар Статкевіч: ) “Ён, міліцыянт, быў у нашым анкалягічным, дзе я стаю на ўліку. А яшчэ ж у мяне ёсьць у Менску лекар, што рабіў апэрацыю. Ён мне прызначае, калі трэба прыехаць. Гэта ж дадумацца! Я быў апошні раз у ліпені, а ён у мяне пытаецца: “Чаму часта ня ходзіш?” А, што ён разумее ў гэтым?! Жонка да Міколы прыехала… Ну, прыйшоў, палез туды… Ну, гэта неяк няёмка — і яму, і ўсім. Ну, чаго ты прыйшоў глядзець? Ну, а якія могуць быць законы пры дыктатуры?!”

Мікола Статкевіч лічыць, што ўлады наўмысна ствараюць такія ўмовы напярэдадні прэзыдэнцкай кампаніі.

(Статкевіч: ) “Мэты, на мой погляд, відавочныя — прымусіць мяне маўчаць, заціснуцца, сядзець і чакаць, пакуль мяне пашкадуюць і выпусьцяць. Але спадзяваньні гэтыя дарэмныя. Тое, чаго ад мяне хоча ўлада, яна сама сказала па беларускім тэлебачаньні вуснамі спадара Нісьцюка. Ягоныя прэтэнзіі, што я з Баранавічаў спрабую кіраваць, а, на іх погляд, павінен сядзець ціха і паказваць сваім выглядам: “Пашкадуйце”. Не дачакаюцца”.

Уладзімер Нісьцюк, які абвінаваціў на БТ Міколу Статкевіча ў тым, што ён працягвае кіраваць сацыял-дэмакратамі і чыніць перашкоды партыі Казуліна, пацьвердзіў сваю пазыцыю.

(Нісьцюк: ) “Я пацьвярджаю сваю думку пра тое, што паважаны Мікалай Віктаравіч Статкевіч выкарыстоўвае розныя магчымасьці, каб засьвяціць сябе на палітычным алімпе і прадэманстраваць, што ён удзельнічае ў актыўнай палітыцы. Таму ён з дапамогай сваіх сяброў шмат робіць, каб нашкодзіць нашай рэальна дзейнай палітычнай партыі”.

Мікола Статкевіч заявіў Радыё Свабода, што, паколькі суд не пазбавіў яго волі, а толькі абмежаваў яе, то ён будзе выкарыстоўваць розныя магчымасьці, каб максымальна ўплываць на палітычную сытуацыю ў краіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG