Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Лукашэнка ў Беларусі — надоўга. Магчыма, нават назаўсёды”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Якія зьмены адбыліся ў грамадзкай сьвядомасьці за апошняе дзесяцігодзьдзе? За якую будучыню будзе галасаваць на наступных прэзыдэнцкіх выбарах маладое пакаленьне беларусаў, якое ня памятае савецкага таталітарызму і перабудовачнай дэмакратыі? Наш даўні слухач і аўтар шматлікіх допісаў Алесь Марціновіч з Баранавічаў у сваім новым лісьце на “Свабоду” спрабуе адказаць на гэтыя пытаньні і разважае, сярод іншага, пра дэмакратычныя і геапалітычныя пэрспэктывы Беларусі:

“Ня варта забываць, што за адзінаццаць гадоў улады Лукашэнкі і за дзесяць гадоў пасьля травеньскага рэфэрэндуму 1995 году ў школах улада выгадавала новае маладое пакаленьне, якому далёкія ідэалы “Вясны’96” і якое не перажыло эўфарыі ад краху-катаклізму ўсясьветнай таталітарнай імпэрскай сыстэмы на пачатку 1990-х гадоў. Іхны ідэал ужо адстаяўся і выпрацаваўся — гэта кар’ера і абыватальскія радасьці (паездкі за мяжу, няпыльная праца, невялікі бізнэс, забавы, уласная іншамарка і катэдж). Усё гэта магчыма і пры Лукашэнку. Дзеля дасягненьня ўсяго гэтага зусім няма патрэбы засвойваць ідэалягемы з кніг Быкава і Караткевіча.

Сама сталіца, Менск, таксама сышла ў кухонна-абыватальскія радасьці і ніяк ня выведзе праз год на плошчу неабходныя суперніку Лукашэнкі для перамогі 100—150—200 тысяч пратэстоўцаў. Людзі будуць думаць пра свае лецішчы, пра Анталью і Крым, пра паступленьне сваіх дзяцей у ВНУ, а прадпрымальнікі — аб сэзонным продажы тавараў. А дэмакратычны кангрэс, што павінен у хуткім часе адбыцца, стане гарой у дзіцячай пясочніцы, якая народзіць мыш. Лукашызм і пуціншчына сяк-так прыцярпеліся адно да аднаго. А таму гэтыя дзьве ідэалёгіі ад Берасьця да Камчаткі пачнуць будаваць сабе зручнае гняздо яшчэ на дзясяткі гадоў інкубацыі”.

Зусім магчымы сцэнар, спадар Марціновіч. І вашы ацэнкі цяперашніх грамадзкіх настрояў у Беларусі падзяляюць многія палітолягі і сацыёлягі. Іншая справа — наколькі жыццьцяздольная і даўгавечная такая грамадзка-палітычная канструкцыя? Ці вытрымае яна яшчэ дзясяткі гадоў, як вы пра гэта пішаце? Нагадаю: прэзыдэнт Пуцін неаднаразова запэўніваў (апошні раз — літаральна тыдзень таму), што не зьбіраецца перапісваць Канстытуцыю Расеі, каб працягнуць сваё прэзыдэнцтва на трэці тэрмін. А зьмена ўлады ў Расеі здольна істотна паўплываць на будучыню Беларусі. Магчымы і шэраг іншых абставінаў, якія могуць крута зьмяніць хаду беларускіх падзеяў. Напрыклад, як зьменяцца грамадзкія настроі ў Беларусі, калі нафта пачне таньнець, а ўсьлед за ёй расейскі спажывецкі рынак звузіцца і зьменшыць набыцьцё беларускай прадукцыі? І такіх неспадзянак можа быць нямала.

Васіль Валошка з Радашковічаў Маладэчанскага раёну ў сваім лісьце на “Свабоду” разважае пра тое, ці можна лічыць стабільнай цяперашнюю эканамічную сытуацыю ў Беларусі і ў чым сапраўдныя вытокі росту беларускай эканомікі:

“Калі б у свой час Міхаіл Гарбачоў не распачаў перабудову, пераход да рынкавай эканомікі і дэмакратыі, а дзейнічаў бы гэтак жа, як Лукашэнка, то мы дагэтуль жылі б у СССР. Быў бы такі ж прырост валавога ўнутранага прадукту і тая ж славутая стабільнасьць. Рэцэпт тут просты, і яго мы штодня адчуваем на сабе: нічога не мяняць, а толькі закручваць гайкі, якія расслабіліся пры ранейшых кіраўніках. А дзеля гэтага можна штучна стварыць беспрацоўе, увесьці кантрактную сыстэму і г.д.

Гарбачову было нават прасьцей: пры наяўнасьці вялізных прыродных багацьцяў ён мог спакойна кіраваць краінай да канца жыцьця. Праўда, так ці інакш, гадоў праз 15 ці 50 усё роўна адбылося б тое, што адбылося. Багацьці калі-небудзь канчаюцца, а закручваць гайкі можна таксама не бясконца — рана ці позна разьба зрываецца. Калі-небудзь і ў нас, у асобна ўзятай краіне СНД, гэта адбудзецца. Ды і каму па душы такая стабільнасьць, калі ўвесь час жывеш пад страхам страты працы і баючыся за будучыню сваіх блізкіх”.

Відавочна, спадар Валошка, прэзыдэнт Лукашэнка ўлічыў досьвед Гарбачова і ягоны лёс як палітыка. Адзінаццаць гадоў прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі ў пэўным сэнсе былі антыперабудовай — Беларусь у многіх сфэрах грамадзкага жыцьця спрабавала вярнуцца ў той колішні даперабудовачны СССР. Выбарчая сыстэма, манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі, дзяржаўная ідэалёгія, вэртыкаль улады — усё гэта савецкія грамадзяне ўжо мелі. Але ўсё гэта не ўратавала Саюзу. І наўрад ці ўратуе тую сыстэму, якая створана сёньня ў Беларусі.

Наш слухач Ільля Копыл у сваім лісьце выказвае думку, што ня варта людзям, якія заклапочаныя лёсам беларускай мовы, гэтак трывожыцца з той нагоды, што радыё “Нямецкая хваля” зьбіраецца распачаць вяшчаньне расейскамоўных перадач на Беларусь. Аргумэнтацыя ў спадара Копыла наступная:

“Слухачамі “Нямецкай хвалі” могуць быць тыя жыхары Беларусі, у якіх ёсьць кароткахвалевыя прыймачы, а гэта ў асноўным мы — слухачы “Свабоды”. Сьмешна лічыць, што гэтыя 30 хвілін неяк паўплываюць на нас. У Беларусі дзень і ноч працуюць расейскамоўныя тэлебачаньне і радыё. Мы чытаем па-расейску газэты і часопісы. Але ўсё гэта не перашкодзіла нам (у асноўным расейскамоўным) падчас апошняга перапісу насельніцтва заявіць: “Наша родная мова — беларуская”. І такіх было, калі не памыляюся, 80%. Больш за палову насельніцтва заявіла, што дома размаўляе на роднай беларускай мове. Можа, насамрэч яно і ня так, але гэта сьведчыць пра сапраўднае стаўленьне людзей да мовы. І гэта можна лічыць перамогай. Так што расейскамоўную “Нямецкую хвалю” мала хто заўважыць. Галоўнае — зьмест перадач. Будзе цікава — будзем слухаць. Пытаньне пра “Нямецкую хвалю” ня вартае таго, каб нам, слухачам “Свабоды”, ладзіць спрэчкі”.

Вы, спадар Копыл, безумоўна маеце рацыю: кароткая радыёпраграма ня здольная колькі-небудзь сур’ёзна паўплываць на моўную сытуацыю ў Беларусі. Але грамадзкая дыскусія распачалася зусім ня з гэтай нагоды. Размова пра тое, як заходняя дэмакратычная супольнасьць ставіцца да нацыянальных і моўных праблемаў беларусаў, да іхнай гісторыі і дэмакратычнай будучыні. Яшчэ нядаўна пры ажыцьцяўленьні падобных праектаў выбар заходніх краін заўсёды быў на карысьць беларускай мовы. Цяпер жа падыход зьмяніўся— гэта і выклікала такую рэакцыю з боку той часткі грамадзтва, якая заклапочаная будучыняй нацыянальных каштоўнасьцяў беларусаў.

Фрагмэнт зь ліста Віталя Бугаёва зь Менску:

“Цяпер ужо ўсе пераканаліся, што Лукашэнка ў Беларусі — гэта вельмі надоўга. Некаторыя нават лічаць, што назаўсёды. Думаю, калі б правесьці рэфэрэндум аб увядзеньні ў беларускай дзяржаве абсалютнай манархіі, 80% людзей выказаліся б “за”. Адразу вырашыліся б праблемы пераемнікаў і зьмены ўлады. Зьявіліся б прынцы, прынцэсы, каралеўскі двор. Не патрэбныя сталі б ніякія апазыцыйныя партыі. Абсалютная стабільнасьць і прадвызначанасьць на многія стагодзьдзі…”

Застаецца, спадар Бугаёў, памарыць толькі пра тое, каб за акном было шаснаццатае ці сямнаццатае стагодзьдзе. Але эпоха абсалютных манархіяў мінула. І разьвітвалася зь ёй чалавецтва пакутліва і доўга. Заканчваліся ўсемагутныя дынастыі, як правіла, трагічна — гільятынай, як у Францыі для Бурбонаў; ці бальшавіцкім расстрэлам — як у Расеі для Раманавых. Сёньня ў Эўропе манархіі захаваліся ў некаторых краінах толькі як бутафорыя, як даніна гісторыі і ўспамін пра сярэднявечныя традыцыі.

На заканчэньне кароткі ліст ад Паўла Чунько з Салігорску:

“Свабода” мне ў асноўным падабаецца. Адчуваецца, што вы імкнецеся падаваць розныя пункты гледжаньня. Было б вельмі добра, каб вы давалі слова розным высокапастаўленым чыноўнікам — міністрам, супрацоўнікам Адміністрацыі прэзыдэнта, кіраўнікам прадпрыемстваў. Бо ім нават на дзяржаўных тэлеканалах ня надта часта слова даюць. А паслухаць іх хацелася б. І да вас тады было б больш даверу”.

Мы нярэдка зьвяртаемся па камэнтары да дзяржаўных чыноўнікаў, у тым ліку і да такіх высокапастаўленых, як міністры. На жаль, спадар Чунько, вельмі часта яны адмаўляюцца ад размоваў з журналістамі. Прытым, гэта датычыць журналістаў ня толькі “Свабоды”, але і дзяржаўных мэдыяў. Відавочна, з гэтай прычыны ня так часта можна пабачыць высокіх начальнікаў і на экранах дзяржаўнага тэлебачаньня. Чаму так адбываецца? Магчыма, яны проста апасаюцца, што іхнае зьяўленьне ў эфіры можа быць расцэненае як праява ўласных палітычных амбіцыяў. А гэта пры цяперашняй сыстэме ўлады, сапраўды, небясьпечна.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
XS
SM
MD
LG