Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзінага кандыдата абяруць у Палацы культуры МАЗу


Уладзімер Глод, Менск Кангрэс дэмакратычных сілаў Беларусі пройдзе 1—2 кастрычніка ў Палацы культуры Менскага аўтамабільнага заводу. Канчатковае рашэньне з гэтай нагоды 19 верасьня прыняў аргкамітэт кангрэсу. Дазвол на правядзеньне кангрэсу ў Беларусі быў санкцыяваны Лукашэнкам. Ці не апасаюцца арганізатары правакацыяў з боку ўладаў?

Старшыня аргкамітэту ў справе правядзеньня кангрэсу Аляксандар Бухвостаў паведаміў, што кангрэс пачнецца а 14-й гадзіне ў суботу, 1 кастрычніка, у Палацы культуры Менскага аўтазаводу.

Спадар Бухвостаў нагадвае, што ініцыятары форуму, на якім будзе абраны адзіны кандыдат у прэзыдэнты ад палітычнай апазыцыі, з самага пачатку хацелі, каб ён прайшоў у Беларусі. Гэта становіцца магчымым пасьля ўмяшаньня Аляксандра Лукашэнкі, лічыць спадар Бухвостаў:

(Бухвостаў: ) “Лукашэнка ж публічна абвясьціў, што ён ня супраць правядзеньня і нават паабяцаў садзейнічаньне. І хаця мы яго ведаем, але... Я вось думаю, што хтосьці з-за межаў Беларусі папрасіў яго, а, можа, параіў так зрабіць. Інакш бы ён на такі крок не пайшоў. Я ня думаю, што раптам у яго нешта зьмянілася. Не...”

Рашэньне аб правядзеньні кангрэсу дэмсілаў у Менску падабаецца ня ўсім. Прынамсі, намесьніку старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандру Дабравольскаму:

(Дабравольскі: ) “Нашыя дыскусіі прывялі да таго, што бальшыня вырашыла праводзіць кангрэс у Беларусі. Я думаю, што трэба было рабіць трохі інакш. І былі розныя варыянты. Але паколькі бальшыня вырашыла, што ж мы будзем канфліктаваць з гэтай нагоды? Ня будзем. Мне асабіста гэтае рашэньне не падабаецца, але я буду яго выконваць”.

Што тычыцца магчымых варыянтаў правядзеньня кангрэсу, дык выказваліся думкі правесьці яго за дзьве сэсіі: першую ва Ўкраіне, а другую, прыкладам, праз два тыдні — у Беларусі. Такі падыход грунтуецца на тым, што некаторыя дэлегаты апасаюцца правакацыяў з боку ўлады. Спадар Бухвостаў камэнтуе сытуацыю так:

(Бухвостаў: ) “Мы заклікалі за Беларусь, усе казалі: “Толькі ў Беларусі!” Але ж цяпер нам далі магчымасьць праводзіць у Беларусі. Будзем праводзіць. Ну, а калі нам створаць праблемы, дык рукі ў нас будуць разьвязаныя, будзе паказана, хто ёсьць такі Лукашэнка”.
XS
SM
MD
LG