Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне “Свабоды”: ці абараняюць прафсаюзы вашы правы?


Ганна Соусь, Менск У Менску адбываецца 5-ты зьезд Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Ці абараняюць прафсаюзы правы грамадзянаў? Ці незалежныя прафсаюзы ад улады, ад наймальнікаў? З гэтымі пытаньнямі нашая карэспандэнтка зьвярнулася да людзей на менскіх вуліцах.

(Карэспандэнтка:) “Сёньня адбываецца 5-ты зьезд Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Ці абараняюць прафсаюзы вашы правы?”

(Спадарыня: ) “Маіх ніколі не абаранялі. Я колькі працавала, ніколі нікуды ня езьдзіла”.

(Спадар:) “Прафсаюзы дапамагалі мне адстойваць свае правы”.

(Спадар: ) “Я ўвогуле не разумею, што такое прафсаюзы…”

(Спадарыня: ) “Вы ў яго не пытайцеся. Абараняюць. Дамовы існуюць. Усё добра. Стала лепей. Раней было мала людзей у прафсаюзах, цяпер болей”.

(Спадар: ) “Прафсаюзы абараняюць нашы правы. Калі фірма дзяржаўная, то там больш абараняюць. А ў прыватных фірмах нават бюлетэняў не даюць. Я лічу, што над такімі фірмамі трэба ўсталяваць кантроль”.

(Спадар: ) “Абараняюць правы. І пуцёўкі, і дзетак у піянэрскі лягер дапамагаюць…”

(Спадарыня: ) “Прафсаюзы Беларусі ўвогуле правы грамадзян не абараняюць. Калі б у нас у краіне кіравалі законы, а ў нас кіруюць указы прэзыдэнта. А прафсаюзы цалкам падпарадкаваныя гэтым самым указам”.

(Спадар: ) “А як жа. Канечне, абараняюць. І належны адпачынак нам даюць, і дзецям дапамагаюць, і падарункі даюць на сьвяты. Нашы прафсаюзы пра нас клапоцяцца”.

(Спадар: ) “Я быў сябрам прафсаюзу. Былі камісіі па працоўных спрэчках на кожным прадпрыемстве. Быў і прафсаюзны камітэт, які гэтыя працоўныя скаргі разглядаў. Магу ўпэўнена сказаць, што раней была абарона грамадзянаў, а цяпер — ня ведаю”.

(Спадар: ) “У мяне няма ніякіх прэтэнзіяў да маіх прафсаюзаў. Я іх выбіраю, і калі мне нешта не спадабаецца, то я іх пераабяру”.

(Спадар: ) “У нашай арганізацыі яны абараняюць, і даволі прыстойна. А калі я працаваў у прыватнай арганізацыі, то там, канечне, не было прафсаюзнай арганізацыі, і там ніхто нічога не абараняў”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці лічыце вы прафсаюзы незалежнымі ад улады, ад наймальнікаў?”

(Спадар: ) “Прафсаюзы, гэтак жа, як і журналісты, залежаць ад чагосьці. Свабоднымі прафсаюзы ня могуць быць, таму што яны выказваюць нечыя інтарэсы”.

(Спадар: ) “Я так не лічу. На маю думку, яны ўсё ж залежныя ад уладаў”.

(Спадар: ) “Яны знаходзяцца пад прэсам улады”.

(Спадарыня: ) “Такая залежнасьць і павінна быць. Мы працуем на наймальніка, і адпаведна, павінны выконваць і ягоныя патрабаваньні. А ён павінен нашы патрабаваньні паважаць”.

(Спадарыня: ) “Яны ніколі не былі незалежныя, а цяпер тым больш”.

(Спадар: ) “Я лічу, што прафсаюзы павінны быць залежныя ад улады. Калі іх не кантраляваць, то яны могуць у пэўнай ступені штосьці скажаць”.

(Спадар: ) “Напэўна, крыху залежаць”.

(Спадарыня: ) “Калі гэта дзяржаўная структура, то падаецца, што яны цалкам залежаць ад кіраўніцтва прадпрыемства. Калі гэта камэрцыйная структура, то ўсё залежыць ад канкрэтнай асобы, якая ўзначальвае фірму”.

(Спадарыня: ) “Усё залежыць ад таго, які прадстаўнік працуе ў гэтай арганізацыі”.
XS
SM
MD
LG