Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутат Кулакоўскі – за захаваньне антыканстытуцыйнага "штампіку"


Алесь Дашчынскі, Менск Паводле рашэньня Канстытуцыйнага суду ад 27 верасьня 2002 году, Савет міністраў мусіў да 31 сьнежня гэтага году стварыць такую сыстэму ўліку, якая дазволіць грамадзянам Беларусі выяжджаць за мяжу бяз штампу ў пашпарце. Аднак беларускі ўрад зьвярнуўся ў Канстытуцыйны суд з просьбай працягнуць тэрмін рэалізацыі заключэньня. Прычына ў тым, што дзяржаўныя структуры не стварылі адмысловай сыстэмы ўліку. Сёньня ў Канстытуцыйным судзе пачаўся новы разгляд пытаньня аб “дазвольным” штампе.

Паводле заключэньня суду, найбольш поўна рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на свабоду перамяшчэньня грамадзянін можа толькі ў тым выпадку, калі агульнаграмадзянскі пашпарт выкарыстоўваецца для выезду за мяжу без прастаўленьня штампу.

Нагадаю, вытворчасьць па справе была пачатая Канстытуцыйным судом у 2002 годзе з прапановы апазыцыйнай групы “Рэспубліка” Палаты прадстаўнікоў. Аднак ніхто зь сябраў гэтай групы ў новы склад Палаты не патрапіў і сёньня на судовым працэсе выступіў старшыня дэпутацкай камісіі ў правах чалавека Юры Кулакоўскі:

(Кулакоўскі: ) “Я ня буду падрабязна спыняцца на недасканаласьці існуючай сыстэмы. У гэтым прадстаўнікі ўраду вельмі пераканаўча пераканалі, і яшчэ больш мы зразумелі ў непераканаўчых адказах на пытаньні, што такой сыстэмы ў краіне няма. Таму, зыходзячы з гэтага, на нашую думку, а таксама ўлічваючы сытуацыю, зыходзячы зь дзяржаўных інтарэсаў, зьмены ў парадку афармленьня пашпарту ўяўляюцца заўчаснымі”.

У перапынку паседжаньня спадар Кулакоўскі патлумачыў, што дзяржаўныя органы практычна нічога не зрабілі дзеля выкананьня рашэньня суду.

(Кулакоўскі: ) “Я бачу, што гэтае пытаньне засталося практычна на тым жа ўзроўні, як яно было і тры гады таму. Таму і я прапанаваў прадоўжыць гэты тэрмін”.

У сваім выступе прадстаўнік сакратарыяту Савету рэспублікі Аляксандар Філановіч нагадаў, што ў мінулым годзе амаль 350 тысяч чалавек атрымалі штамп у пашпарт і заплацілі за гэта больш за 9 мільярдаў рублёў. Паводле спадара Філановіча, гэтых грошай на траціну больш, чым патрабуецца для стварэньня сыстэмы ўліку. У выніку атрымліваецца, што дзяржава займаецца продажам права выезду за мяжу, і прадае гэта права ўтрая даражэй, чым эканамічна абгрунтавана. Гэта ёсьць эканамічным абмежаваньнем правоў грамадзян. Таму працяг працэдуры прастаўленьня штампу без памяншэньня пошліны будзе непапулярным. Прадстаўнік Савету рэспублікі выказаў такую прапанову:

(Філановіч: ) “Забавязаць адпаведныя органы перагледзець памеры дзяржаўнай пошліны за афармленьне дакумэнтаў на права выезду за мяжу і ўвесьці спрошчаны парадак паўторнага прастаўленьня ў пашпарце адзнакі аб часовым выезьдзе з Рэспублікі Беларусь”.

На паседжаньні суду таксама выказваліся меркаваньні, колькі яшчэ спатрэбіцца ўраду часу на стварэньне сыстэмы. Паводле дэпутата Юрыя Кулакоўскага, сыстэма можа быць створана яшчэ цягам двух гадоў. Прадстаўнік Савету рэспублікі адзначыў, што раней дзяржаўныя органы прапаноўвалі 2007 год, потым 2008-мы, але ў сувязі з тым, што гэтае пытаньне мусіць быць урэгулявана з Расеяй, зь якой у Беларусі няма дзяржаўнай мяжы, то “гэтыя тэрміны не паддаюцца вылічэньню”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG