Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары ў Аўганістане адбыліся, нягледзячы на запалохваньне талібаў


Сяргей Абламейка, Прага Афіцыйныя асобы ў Аўганістане назвалі ўчорашнія парлямэнцкія выбары гістарычным крокам у пераходзе краіны да дэмакратыі. На станоўчыя ацэнкі не паўплываў і той факт, што яўка выбарцаў аказалася ніжэйшай, чым на прэзыдэнцкіх выбарах 2004 году. Арганізатары выбараў падкрэсьліваюць, што талібы, якія кляліся сарваць галасаваньне, не змаглі гэтага зрабіць. Больш падрабязна пра ўчорашняе галасаваньне – наш карэспандэнт.

Арганізатары парлямэнцкіх выбараў назвалі ўчорашняе галасаваньне вялікім посьпехам. Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Бісміла Бісміл назваў выбары перамогай над Талібанам, які імкнуўся сарваць галасаваньне:

(Бісміл: ) “Нягледзячы на ўсе праблемы бясьпекі, на шчасьце, выбары прайшлі ў спакойнай атмасфэры. Гэта паказвае, з аднаго боку, на самаадданасьць нацыянальных ды інтэрнацыянальных сілаў бясьпекі, а з другога, на высокую палітычную сьвядомасьць народу Аўганістану і яго палітычны ўдзел”.

Прэзыдэнт Аўганістану Хамід Карзай назваў выбары вызначальным момантам у гісторыі краіны. Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш, кіраўніцтва Эўрапейскага Зьвязу і НАТО таксама назвалі выбары вялікім посьпехам.

Паводле паведамленьняў выбарчай камісіі, з 12 мільёнаў зарэгістраваных выбарцаў прагаласавала каля 6 мільёнаў. Гэта нашмат ніжэй, чым на прэзыдэнцкіх выбарах 2004 году, калі прагаласавала каля 8 мільёнаў чалавек. Назіральнікі мяркуюць, што галоўная прычына ніжэйшай яўкі – страх перад магчымымі нападамі.

Агулам, паводле аўганскага міністэрства ўнутраных справаў, падчас галасаваньня ў краіне адбылося каля 25 ўзброеных інцыдэнтаў, пераважна ля паўднёвай мяжы. У выніку іх загінула прынамсі 14 чалавек. Хутка пасьля пачатку галасаваньня па будынку ААН у Кабуле былі выпушчаныя дзьве ракеты, аднак невялікі пажар ад іх быў хутка патушаны.

Адзін з супрацоўнікаў выбарчай камісіі Пітэр Эрбэн заявіў:

(Эрбэн: ) “Мы сьвяткуем той факт, што былі здольныя правесьці выбары ва ўсіх раёнах Аўганістану. З 6 200 участкаў для галасаваньня ня здолелі адчыніцца толькі 16... Пераважная большасьць зь іх не адчыніліся з-за праблемаў бясьпекі”.

Пасьля закрыцьця многіх участкаў, да іх стаялі даўжэзныя чэргі выбарцаў. Паводле рашэньня выбарчай камісіі, ім было дазволена прагаласаваць пазьней без адкрыцьця участкаў.

Учорашнія парлямэнцкія выбары сталіся першымі за апошнія 30 гадоў. Падчас выбарчай кампаніі былі забітыя сямёра кандыдатаў і шасьцёра выбарчых актывістаў.

Падлік галасоў пачнецца ў аўторак, 20 верасьня. Папярэднія вынікі стануць вядомыя да 5 кастрычніка, а канчатковыя – пасьля 22 кастрычніка.
XS
SM
MD
LG