Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У выніку аўтакатастрофы ва Ўкраіне загінулі беларускія турысты


Ігар Карней, Менск Пяцёра беларускіх турыстаў, якія аўтобусам менскай фірмы “Алые паруса” накіроўваліся на адпачынак у Гурзуф, загінулі падчас аўтакатастрофы ў Запароскай вобласьці Ўкраіны. Яшчэ 11 грамадзянаў Беларусі з раненьнямі рознай цяжкасьці зьмешчаныя ў шпіталі Мелітопальскага раёну. У дачыненьні астатніх беларусаў вырашаецца: будуць яны працягваць паездку на чарнаморскае ўзьбярэжжа, альбо вернуцца дадому. Спэцыялісты ў галіне аўтаперавозак зьвяртаюць увагу на ўсё больш частыя парушэньні беларускімі аўтафірмамі правілаў перавозкі пасажыраў.

У Міністэрстве замежных справаў Беларусі паведамілі, што аўтобус з чатырма дзясяткамі беларускіх турыстаў перакуліўся раніцай 19 верасьня на трасе Харкаў — Сімферопаль. Паводле папярэдняй інфармацыі, прычынай стаў разрыў задняга левага кола — кіроўца ня справіўся з кіраваньнем і зьехаў у кювэт. У выніку пяць чалавек загінулі на месцы, яшчэ адзінаццаць у цяжкім стане зьмешчаныя ў шпіталь. Сёлета гэта самая буйная аўтакатастрофа за межамі Беларусі, у якой пацярпела такая колькасьць беларусаў.

Пакуль прычыны катастрофы ўдакладняюцца, спэцыялісты ў сфэры пасажырскіх аўтаперавозак кажуць, што беларускія кіроўцы часта ігнаруюць элемэнтарныя нормы бясьпекі. Яшчэ месяц таму, калі перакуліўся аўтобус, які вёз турыстаў зь Беларусі ў Румынію, Міністэрства транспарту Ўкраіны зьвярнула ўвагу беларускіх калегаў на небясьпечную тэндэнцыю. Кіраўнік сталічнай фірмы грузаперавозак Аляксей Войніч перакананы: калі падчас паездак у Заходнюю Эўропу патрабаваньні Міжнароднай канвэнцыі аўтаперавозак выконваюцца ўжо хоць бы з боязі вялікіх штрафных санкцыяў, то ва Ўкраіну і Расею едуць паводле прынцыпу “ад любой транспартнай інспэкцыі можна адкупіцца”. Паводле майго суразмоўцы, не спыняе перавозчыкаў і патрабаваньне ўстаноўкі так званых тахографаў, якія акумулююць інфармацыю аб працы кіроўцаў.

(Войніч: ) “Па тахографе відаць, колькі кіроўцы адпачывалі, колькі праехалі за рулём. Але, не адкрыю таямніцы, шмат якія перавозчыкі ставяць адмысловы тумблер, і калі трэба, яго проста адключаюць. Бо, як ні круці, атрымліваецца перапрацоўка: калі ехаць паводле патрабаваньняў, то гэта будзе ўдвая даўжэй. Да таго ж, павінны быць мінімум два кіроўцы — з адным да Чорнага мора тыдзень будзеш ехаць. Аднак едуць і з адным, і без адпачынку. Усе турфірмы і перавозчыкі зацікаўленыя, каб зрабіць больш рэйсаў, зарабіць грошай. Аднак, паводле міжнароднай Канвэнцыі аўтаперавозчыкаў, за суткі кіроўца павінен праяжджаць ня больш за 450 кілямэтраў, і пасьля кожных трох гадзінаў — гадзіна адпачынку. Але ня думаю, што ў нас хтосьці гэта асабліва выконвае”.

Фармальна праверкай паказьнікаў тахографаў у той жа Ўкраіне займаецца транспартная інспэкцыя. Аднак пасьля таго, як указам прэзыдэнта Віктара Юшчанкі была скасаваная Дзяржаўтаінспэкцыя, кіроўцы, у тым ліку і з суседніх краінаў, сталі адчуваць сябе на ўкраінскіх дарогах больш вольна. Практычна кожны, хто выпраўляецца да мора праз тэрыторыю Ўкраіны, можа згадаць мінімум адну небясьпечную сытуацыю, створаную кіроўцамі аўтобуса.

Яшчэ адна праблема аўтапаркаў — старая тэхніка. Нягледзячы на тое, што пасажырскія аўтобусы вымушаныя два разы на год праходзіць тэхнічны агляд, толькі самыя вялікія турфірмы могуць дазволіць сабе адносна новыя аўтобусы; узрост бальшыні машынаў — 15—20 гадоў.

МЗС Беларусі зьвярнулася да турыстычных і транспартных арганізацыяў, якія ажыцьцяўляюць перавозку людзей на далёкія адлегласьці, больш пільна праводзіць кадравы падбор кіроўцаў з улікам досьведу працы на міжнародных рэйсах.

Паводле зьвестак на 1 верасьня, ад пачатку году на тэрыторыі Ўкраіны здарылася 35 дарожна-транспартных здарэньняў з удзелам грамадзянаў Беларусі, у якіх шэсьць чалавек загінулі, а паўсотні атрымалі траўмы. Пры гэтым беларусы былі вінаватыя ў двух дзясятках выпадкаў. Сёньняшняя аварыя істотна адкарэктавала гэтыя сумныя паказьнікі.
XS
SM
MD
LG