Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржава гадлюе правам на выезд (абноўлена)


Алесь Дашчынскі Сёньня ў Канстытуцыйным судзе пачаўся разгляд пытаньня аб рэалізацыі ўрадам заключэньня суду ад 27 верасьня 2002 годам, якім былі ўрэгуляваны пытаньні правамернасьці прастаўленьня штампу ў пашпарце, якія дазваляе выезд ва ўсе краіны сьвету.

Паводле рашэньня Канстытуцыйнага суду ад 27 верасьня 2002 года, Савет міністраў мусіў да 31 сьнежня гэтага года стварыць такую сістэму ўліку, якая дазволіць грамадзянам Беларусі выязджаць за мяжу без штампу ў пашпарце. Аднак беларускі ўрад зьвярнуўся ў Канстытуцыйны суд з просьбай працягнуць тэрмін рэалізацыі заключэньня. Прычына ў тым, што дзяржаўныя структуры не стварылі спэцыяльную сістэму ўліку. Сёньня ў Канстытуцыйным судзе пачаўся новы разгляд пытаньня аб “дазвольным” штампе.

Паводле заключэньня суду, найбольш поўна рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на свабоду перамяшчэньня грамадзянін можа толькі ў тым выпадку, калі агульнаграмадзянскі пашпарт выкарыстоўваецца для выезда за мяжу без прастаўленьня штампу.

Нагадаю, вытворчасьць па справе была ўзбуджана Канстытуцыйным судом у 2002 годзе паводле прапановы апазыцыйнай групы "Рэспубліка" Палаты прадстаўнікоў. Аднак ніхто з сябраў гэтай групы ў новы склад Палаты не патрапіў і сёньня на судовым працэсе выступіў старшыня дэпутацкай камісіі ў правах чалавека Юрый Кулакоўскі.

(Кулакоўскі: ) "Я не буду падрабязна спыняцца на недасканаласьці існуючай сістэмы. У гэтым прадстаўнікі ўраду вельмі пераканаўча пераканалі і яшчэ больш мы зразумелі ў непераканаўчых адказах на пытаньні, што такой сістэмы ў краіне няма. Таму, сыходзячы з гэтага, на нашую думку, а таксама ўлічваючы сытуацыю, сыходзячы з дзяржаўных інтарэсаў, зьмены ў парадку афармленьня пашпарту ўяўляюцца заўчаснымі".

У перапынку паседжаньня спадар Кулакоўскі патлумачыў, што дзяржаўныя ворганы практычна нічога не зрабілі дзеля выкананьня рашэньня суду.

(Кулакоўскі: ) "Я бачу, што гэтае пытаньне засталося практычна на тым жа ўзроўні, як яно было і тры гады таму. Таму і я прапанаваў прадоўжыць гэты тэрмін."

У сваім выступе прадстаўнік сакратарыяту Савета рэспублікі Аляксандар Філановіч нагадаў, што ў мінулым годзе амаль 350 тысяч чалавек атрымалі штамп у пашпарт і заплацілі за гэта больш за 9 мільярдаў рублёў. Паводле спадара Філановіча, гэтых грошай на траціну больш, чым патрабуецца для стварэньня сістэмы ўліку. У выніку атрымліваецца, што дзяржава займаецца продажам права выезду за мяжу, і прадае гэта права ўтрая даражэй, чым эканамічна абгрунтавана. Гэта ёсьць эканамічным абмежаваньнем правоў грамадзян. Таму працяг працэдуры прастаўленьня штампу без памяншэньня пошліны будзе непапулярным. Прадстаўнік Савета рэспублікі выказаў такую прапанову:

(Філановіч: ) "Абавязаць адпаведныя органы перагледзець памеры дзяржаўнай пошліны за афармленьне дакумэнтаў на права выезду за мяжу і ўвесьці спрошчаны парадак паўторнага прастаўленьня ў пашпарце адзнакі аб часовым выездзе з Рэспублікі Беларусь".

На пасяджэньні суду таксама выказваліся меркаваньні, колькі яшчэ спатрэбіцца ўраду часу на стварэньне сістэмы. Паводле дэпутата Юрыя Кулакоўскага, сістэма можа быць створана яшчэ цягам двух гадоў. Прадстаўнік Савета рэспублікі адзначыў, што раней дзяржаўныя органы прапаноўвалі 2007-ы год, потым 2008-ы, але ў сувязі з тым, што гэтае пытаньне мусіць быць урэгулявана з Расеяй, з якой у Беларусі няма дзяржаўнай мяжы, то "гэтыя тэрміны не паддаюцца вылічэньню".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG