Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ганс-Георг Вік: "у Беларусі дзьве нацыянальныя мовы"


Алена Струвэ (Менск), Юры Дракахруст (Прага) Перадача “Праскі акцэнт”, якая выйшла ў эфір 18 верасьня, была прысьвечана палітыцы Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі, новым праэктам радыёперадачаў для Беларусі, пэрспэктывам стварэньня эўрапэйскага фонду падтрымкі дэмакратыі, прапанове літоўскіх палітыкаў, каб Літва стала пасярэднікам паміж Эўразьвязам і Беларусьсю. У перадачы ўзяў удзел ветэран нямецкай дыпляматыі, былы кіраўнік групы АБСЭ ў Беларусі Ганс Георг Вік. Прапануем Вам адказы спадара Віка на пытаньні нашых карэспандэнтаў.

(Карэспандэнт: ) Эўракамісія ўхваліла фінансаваньне вяшчаньня на Беларусь для “Нямецкай хвалі”, зараз абвешчаны новы тэндэр для дадатковага вяшчаньня. Але ці можа гэта ў прынцыпе паўплываць на палітычную сытуацыю ў Беларусі? Паводле дадзеных апытаньняў беларусы аддаюць перавагу айчынным і расейскім масс-мэдыя, любыя заходнія мэдыі (Радыё Свабода, Нямецкая хваля, Бі-Бі-Сі, Голас Амэрыкі) істотна саступаюць ім. Чаму ж на новыя радыёстанцыі ўскладаюцца такія вялікія спадзяваньні?

(Вік: ) Для падобных праектаў колькасьць слухачоў ці гледачоў не зьяўляецца галоўным арыенцірам. Урад Лукашэнкі мае манаполію на ўсё, што тычыць асьвятленьня палітычных, сацыяльна-палітычных, эканамічных пытаньняў. Таму фармаваньне незалежнай думкі ва ўмовах Беларусі даецца вельмі цяжка. На многія працэсы грамадства глядзіць так, як хоча таго дзяржава.

У зьвязку з гэтым тыя перадачы, якія будуць перадавацца з-за мяжы, у падрыхтоўцы якіх будуць браць актыўны ўдзел самі беларусы, павінны спрыяць стварэньню іншага інфармацыйнага базісу для жыхароў Беларусі. Тут вельмі важна, каб жыхары краіны, якая знаходзіцца пад аўтарытарным кіраўніцтвам, змаглі атрымаць інфармацыю пра сапраўдную сытуацыю ў краіне і ў сьвеце, мелі доступ да іншых крыніцаў інфармацыі. І гэтай мэце і будуць служыць новыя інфармацыйныя замежныя праграмы.

(Кар.: ) І нават няважна, калі гэтыя праграмы дойдуць да 2-3% насельніцтва?

(Вік: ) Але гэта пакуль невядома. Магчыма, яны ахопяць усю тэрыторыю Беларусі. Я зыходжу з гэтага. У любым выпадку праграмы будуць камэнтавацца як незалежнай, гэтак і афіцыйнай прэсай, яны дасягнуць грамадзянскай супольнасьці. Такім чынам грамадзянская супольнасьці будзе карыстацца ня толькі дзяржаўным інфармацыйным прадуктам, інфармацыйная манаполія дзяржавы пахісьнецца.

(Кар.: ) Адным з найбольш вострых пытаньняў вяшчаньня на Беларусь стала пытаньне мовы. Апанэнты вяшчаньня на расейскай мове спасылаюцца на гістарычны досьвед, паводле якога нацыянальныя мовы, а не расейская, былі “маторам” дэмакратычных пераменаў ва Ўсходняй Эўропе. Дарэчы, і падчас апошніх выбараў ва Ўкраіне назіралася шчыльная сувязь паміж выбарам мовы і выбарам кандыдата – за праэўрапэйскага кандыдата Юшчанку галасавалі пераважна тыя, хто гаварыў па-украінску.

Зь іншага боку паводле дадзеных перапісу большасьць насельніцтва Беларусі дома гаворыць пераважна па-расейску. Як, на Ваш погляд, павінна вырашацца гэтая дылема?

(Вік: ) Цяпер у Беларусі дзьве нацыянальныя мовы, хаця напачатку 90-х, калі была абвешчаная незалежнасьць Беларусі, была толькі адна дзяржаўная мова - беларуская. У 1995 Лукашэнка праз рэфэрэндум увёў другую дзяржаўную мову, стварыўшы ўмовы для русіфікацыі краіны. Зыходзіць жа трэба з таго, што жыхары Беларусі разумеюць абедзьве мовы, абедзьве мовы ёсьць для іх матчынымі, таксама ёсьць мовамі міжнацыянальных зносінаў. З гэтага гледзішча я падзяляю меркаваньне, што ў будучых праграмах замежнага вяшчаньня мусяць быць выкарыстаныя абедзьве мовы, якія для людзей гэтай краіны зразумелыя.

(Кар. ) На Ваш погляд, ці існуе ў пытаньні мовы нейкая асаблівасьць беларускай сытуацыі ў параўнаньні, напрыклад, з сытуацыяй украінскай?

(Вік: ) Так– так. Мне яшчэ ў часы СССР даводзілася назіраць за тым, якое значэньне насельніцтва Ўкраіны надавала менавіта ўкраінскай мове. У Беларусі падобнае стаўленьне ў савецкія часы не было настолькі распаўсюджаным. Аднак гэта не зьяўляецца нейкім пунктам адліку. Будучыя перадачы прынцыпова дасягнуць аўдыторыі з дапамогай дзьвюх моваў, як гэта і будзе рабіцца.

(Кар. : ) Цяперашнія правілы Эўразьвязу прадугледжваюць узгадненьне праэктаў, якія рэалізуюцца ў Беларусі, прынамсі ў межах праграмы ТАСІС, з беларускімі ўладамі. Нядаўна падчас дэбатаў у Эўрапарлямэнце брытанскі дэпутат выступіў з прапановай стварыць фонд Эўразьвязу, які мог бы фінансаваць дэмакратычныя сілы і няўрадавыя арганізацыі Беларусі “часам і насуперак заканадаўству краіны”. Наколькі плённай Вам падаецца гэтая прапанова?

(Вік: ) Эўразьвяз усталяваў дачыненьні зь Беларусьсю, зь яе кіраўніцтвам ў зьвязку з пачаткам тых трансфармацыйных працэсаў, якія абавязаліся праводзіць дзяржавы-пераемніцы СССР. Аднак пасьля таго, як Лукашэнка прадэманстраваў свой адыход ад гэтых абавязкоў, альбо вельмі вузка абмяжаваў гэтыя абавязкі, Эўразьвяз стаў больш далучаць да двухбаковых дачыненьняў грамадзянскую супольнасьць, прычым стаў рабіць гэта незалежна ад ураду. Часткова падобныя кантакты мелі месца ў той час, калі мне давялося прадстаўляць місію АБСЭ ў Менску. Цяпер такое немагчыма. Таму, сапраўды, неабходна стварыць беларускую фундацыю, якой бы кіраваў асобы ворган у Эўразьвяз, які б мог наўпрост супрацоўнічаць з грамадзянскай супольнасьцю і яе прадстаўнікамі. У ЗША ёсьць такі Нацыянальны фонд дэмакратыі, ёсьць некалькі падобных фондаў у Нямеччыне і паводле аналогіі зь імі, такі ж фонд мусіць быць створаны і ў Эўразьвязе. Гэтая фундацыя, якая мусіць мець адпаведныя паўнамоцтвы і павінна каардынаваць супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасьцю ў палітычным і грамадзка-палітычным накірунку. У гэтым зьвязку я знаходжу прапанову брытанскага дэпутата вельмі рацыянальнай. Дарэчы, што да праграмаў ТАСІС. З гэтых зродкаў частка таксама выкарыстоўваецца на праграмы, зьвязаныя з правамі чалавека і падтрымкай дэмакратыі. І гэтыя сродкі выдаткоўваюцца без узгадненьня з беларускім урадам.

(Кар. : ) Часам крытыкі гавораць, што палітыка Эўразьвязу адносна Беларусі пабудаваная на прынцыпе : “Не раздражняць Расею”. Наколькі насамрэч важным зьяўляецца гэты фактар пры распрацоўцы беларускай палітыкі Зьвязу?

(Вік : ) Расейская Фэдэрацыя, Беларусь, Украіна, Грузія, усе астатнія постсавецкія краіны ў 1990 годзе і пазьней падпісалі пагадненьні як з Эўразьвязам, гэтак і ЗША адносна ажыцьцяўленьня дэмакратычных трансфармацыных працэсаў і адпаведных ім крытэраў. Згодна з гэтымі крытэрамі адбываецца падтрымка гэтых дэмакратычных працэсаў з боку самых розных эўрапейскіх інстытутаў - няўрадавых арганізацыяў, фондаў і гэтак далей. І гэта ёсьць асновай нашых дачыненьняў з постсавецкімі краінамі. Для Эўропы зразумела, што пытаньні дэмакратызацыі і для Расеі, і для Беларусі не адыгрываюць такой вялікай ролі, якую яны адыгрываюць для заходняй грамадзянскай супольнасьці, для заходніх парлямэнтаў. Даволі часта пытаньні парушэньня дэмакратычных свабодаў у Беларусі і ў Расеі выносяцца на абмеркаваньне ў эўрапейскім парлямэнце, ў Парлямэнцкіх асамблеях Рады Эўропы і АБСЭ. Маруднасьць Эўразьвязу ў пытаньні падтрымкі грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі ў абыход беларускага кіраўніцтва залежыць не ад таго, што Эўразьвяз сымпатызуе Расеі і ня хоча яе раздражняць. Эўразьвяз проста мае вельмі мала досьведу ў гэтым накірунку, гэты досьвед трэба назапашваць. Працэс кааперацыі Эўразьвязу з Беларусьсю праз грамадзянскую супольнасьць ёсьць доўгім працэсам. Ягоная цяжкасьць ідзе не ад асаблівых сувязяў Расеяй, а ад дэфіцыту інструмэнтарыю.

(Кар. :) Нядаўна Лэх Валенса заявіў: “Расея ўсяляк падтрымлівае Беларусь і пытаньне палягае ў тым, ці гатовы Эўразьвяз і Захад кампэнсаваць беларускаму народу тое, што ён згубіць ... Калі абрынуць беларускі рэжым і нічога не зрабіць для разьвіцьця эканамікі краіны, вынікам пераменаў будзе нестабільная дзяржава паміж Эўразьвязам і азлобленай Расеяй”. Здаецца, гэтыя думкі былога лідэра “Салідарнасьці” гучаць надзвычай актуальна на фоне цяперашняга палітычнага крызыса ва Ўкраіне. Як бы Вы адказалі на пытаньне Валэнсы – “ці гатовы Эўразьвяз і Захад кампэнсаваць беларускаму народу тое, што ён згубіць”?

(Вік: ) Справа ў тым, што я ня мушу камэнтаваць выказваньні асобных палітыкаў ці дзяржаўных лідэраў. Я разумею людзей, якія лічаць, што інструмэнтарый Эўразьвязу ў тых ці іншых сытуацыях не з’яўляецца дастатковым, Эўразьвязу бракуе досьведу ў падыходах да аўтарытарных рэжымаў. Аднак Зьвяз зусім не імкнецца да зрынаньня ўрадаў, рэвалюцыяў у тым ці іншым рэгіёне, у Беларусі, ва Украіне ці дзе яшчэ. Эўразьвяз зацікаўлены ў тым, каб у гэтых краінах адбыліся свабодныя і празрыстыя выбары ў адпаведнасьці з парыскай хартыяй -1990, каб у дзень выбараў насельніцтва магло бачыць не зманіпуляваныя вынікі Выбарчай камісіі, а дадзеныя незалежных назіральнікаў, дадзеныя экзіт –полаў. Гэта тое, да чаго мы ўсе тут на Захадзе прызвычаіліся.

18 верасьня ў нас ў Нямеччыне выбары. Літаральна праз 5-6 хвілінаў пасьля выбараў насельніцтву будуць вядомыя апытаньні розных тэлерадыёкампаніяй, палітычных інстытутаў, а ўжо афіцыйная інфармацыя, на ўзроўні афіцыйных структураў будзе прадстаўленая праз некалькі гадзінаў. Ва ўмовах адкрытага грамадства - гэта ўсё зразумела. І падобная сытуацыя павінна быць і ў краінах СНД, якія таксама знаходзяцца ў Эўропе. Размова зусім не ідзе пра экспарт рэвалюцыяў, зьмену рэжымаў. Размова ідзе пра дэмакратычнае разьвіцьцё ў такіх краінах як Расея, Беларусь і пра падтрымку Эўропай гэтага працэсу.



(Кар. : ) Нядаўна шэраг літоўскіх палітыкаў выказалі меркаваньне, што “палітыку ізаляцыі” адносна Беларусі варта зьмяніць на “палітыку балянсаваньня”, якая апроч іншага прадугледжвае і кампраміс з цяперашнімі беларускімі ўладамі. У свой час на чале групы АБСЭ Вы праводзілі менавіта такую лінію. Наколькі дарэчнай і плёнай яна падаецца Вам цяпер?

(Вік : ) Тое, што кажуць літоўскія сябры, я цалкам падтрымліваю. Трэба шукаць шляхі да супрацоўніцтва з ўрадамі, працаваць зь імі, а таксама з грамадзянскай супольнасьцю і інфармаваць пра гэта ўрад. Літва мае досьвед супрацоўніцтва зь Беларусьсю як на ўрадавым, так і на няўрадавым узроўні. Гэта трэба вітаць. Акрамя таго, Літва мае аўтарытэт ў беларускім грамадстве, таксама аўтарытэт ў Эўразьвязе, як краіна, якая паспяхова прайшла транфармацыйны шлях, якая мае гэтак званы постсавецкі досьвед і добра ведае сытуацыю ў постсавецкіх краінах.

(Поўны тэкст перадачы “Праскі акцэнт” ад 18 верасьня зьявіцца на нашым сайце пазьней. )
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG