Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анджэй Вайда заклікае падтрымаць беларускую супольнасьць


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня польская “Gazeta Wyborcza” друкуе адкрыты ліст “Дапаможам Беларусі!”, падпісаны адзінаццацьцю выбітнымі польскімі навукоўцамі, палітычнымі і грамадзкімі дзеячамі. Падобны зварот быў распаўсюджаны таксама летась – напярэдадні парлямэнцкіх выбараў у Беларусі.

На пачатку “ліста адзінаццаці” адзначаецца, што леташнія папярэджаньні аб тым, што рэпрэсіі супраць бларускіх грамадзянаў узмацняцца, аказаліся абгрунтавнымі, аднак дапамога Польшчы “абмежавалася вуснай падтрымкай”.

“Цяпер спэцслужбы Лукашэнкі займаюць будынкі Саюзу палякаў, таксама, як гэта рабілі ўзброеныя групы Гітлера ў 30-я гады мінулага стагодзьдзя. Нельга дазваляць дыктатару так ставіцца да палякаў. Штодзённа ягоныя найміты б’юць, садзяць у турмы, караюць вялізнымі штрафамі ды звальняюць з працы беларускіх апазыцыянэраў. У беларускім грамадзтве пануе атмасфэра сталінскага страху і адраджаецца культ Сталіна”, - гаворыцца ў адкрытым лісьце.

Паводле аўтараў ліста, сытуацыя становіцца крытычнай і таму патрэбная канкрэтная дапамога і зацікаўленасьць з боку Эўрапейскага зьвязу, у тым ліку прыняцьцё “адзінай супольнай палітыкі ў дачыненьнях з Расеяй, бо ня можа быць нармальнага супрацоўніцтва Масквы з дэмакратычнымі дзяржавамі, калі Расея падтрымлівае дыктатуру”.

У лісьце гаворыцца пра неабходнасьць стварэньня ў Польшчы фундацыі дапамогі рэпрэсаваным беларусам, Беларускага інфармацыйнага цэнтру і арганізацыі “эфэктыўнага” радыёвяшчаньня на Беларусь.

“Мы перакананыя, што толькі дэмакратычная і сувэрэнная эўрапейская Беларусь будзяе бясьпечным суседам і добрым партнэрам для Польшчы. Памятаючы пра ідэалы “Салідарнасьці”, дапаможам Беларусі, як дапамагалі нам!”, - гаворыцца ў лісьце, які падпісалі, сярод іншых, рэжысэр Анджэй Вайда, легенда “Салідарнасьці” Багдан Барусэвіч і былы міністар замежных справаў Польшчы Ўладзіслаў Барташэўскі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG