Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Мастох рыхтуюць дадатак да кнігі “Памяць. Мастоўскі раён”


Вячаслаў Кулік, Менск Мастоўская раённая арганізацыя Таварыства беларускай мовы завяршае працу над асобным дадаткам да кнігі “Памяць. Мастоўскі раён”. Паводле аўтараў новага выданьня, матэрыялы ў ім будуць пазбаўленыя ідэалягічнай цэнзуры.

Кнігу “Памяць. Мастоўскі раён” перапісвае гісторык Аляксей Сабасьцян. Ён не задаволены, што першае выданьне прадстаўляе гісторыю Прынямоньня ў скажоным выглядзе. У інтэрвію нашаму радыё спадар Сабасьцян паведаміў, што менавіта ён працаваў над першай гістарычна-дакумэнтальнай хронікаю Мастоў. Аднак, паводле Сабасьцяна, канчатковы варыянт той кнігі зазнаў ідэалягічную цэнзуру.

(Сабасьцян: ) “Цэнзура – гэта райвыканкам. А ў выканкаме працуюць людзі, якія ня ведаюць гісторыі. Яны зыходзяць зь сёньняшняга дня, каб ідэалізаваць усё. Мне нават намесьніца старшыні райвыканкаму сказала, калі прачытала рукапіс: “О-о, я ня ведала, якая багатая гісторыя Мастоў!”

Паводле Аляксея Сабасьцяна, пра новае выданьне клапоціцца раённая суполка Таварыства беларускай мовы. У набор і вёрстку трапяць матэрыялы, што ў выніку кантролю ўладаў былі выкінутыя з апублікаванай выдавецтвам “Беларуская энцыклапедыя” кнігі “Памяць. Мастоўскі раён”.

(Сабасьцян: ) “Таго, што было ў той кнізе “Памяць”, мы ня будзем паўтараць. Я ў архівах адшукваў справы, дзе у лістох карыстальніка не было ніводнага подпісу, хто іх выкарыстоўваў і для чаго. Я быў першы, хто чытаў гэтыя дакумэнты, якія напісаны 100 і больш гадоў таму”.

Аляксей Сабасьцян падкрэсьліў таксама, што будуць выпраўленыя памылкі прасавецкага тэксту пра “шчасьлівае” калгаснае жыцьцё, партызанскі рух у ІІ усясьветную вайну, пра масавыя перасяленьні мясцовых жыхароў у ЗША і на поўнач Расеі на пачатку XX стагодзьдзя.

У дзяржаўным выдавецтве “Беларуская энцыклапедыя” з разуменьнем ставяцца да ініцыятывы мастоўскіх краязнаўцаў. Гаворыць рэдактар Алесь Скараход:

(Скараход: ) “Чаму ня выдаць? Чаму не дапоўніць кніжку. Гэтыя “Памяці” нельга назваць абсалютнымі ў пляне, што ўсё сказана. Вядома, не. Таму я лічу, мая такая думка, што гэта правільна. І ня толькі ў Мастах, але ёсьць чуткі, што некаторыя іншыя раёны хочуць дапоўніць кнігі “Памяць”.

Алесь Скараход нагадаў, што ў Беларусі выдадзена 147 тамоў “Памяці”. Выданьне іх пачалося ў 1985 годзе, а завершана напярэдадні сьвяткаваньня 60-годзьдзя Перамогі. 20 гадоў доўжылася праца. І, як лічыць, гісторык Ігар Кузьняцоў, плён быў да 1998 – 99 гадоў.

(Кузьняцоў: ) “Затым паступілі загады абыходзіць усе “вострыя” вуглы і праблемы, асабліва пэрыяды Вялікага Княства Літоўскага, бітву ля Воршы, палітычныя рэпрэсіі. Фактычна з апошніх двух – трох дзясяткаў кніг гэтая тэма зусім сышла. І першапачатковая задума рэалізаваная не была”.

Увогуле, па словах гісторыка Ігара Кузьняцова, кнігі “Памяць”, выдадзеныя ў апошнія пяць гадоў, адпавядаюць такой канцэпцыі гісторыі, якую хоча бачыць цяперашняя ўлада.
XS
SM
MD
LG