Лінкі ўнівэрсальнага доступу

40 % тэрыторыі Беларусі займаюць лясы, але праблема дроў застаецца


Міхал Стэльмак, Менск 18 верасьня работнікі лясной галіны Беларусі адзначылі сваё прафэсійнае сьвята. Лясы ў Беларусі займаюць каля 40 працэнтаў тэрыторыі краіны. Найбольш пашыранае дрэва ў краіне – сасна. Усяго ж у Беларусі запасы драўніны складаюць 1,3 мільярда кубамэтраў.

Як заявіў з нагоды сьвята міністар лясной гаспадаркі Пётар Сямашка, цяперашняя праца беларускіх лесаводаў скіраваная на рэфармаваньне галіны. З той мэтай, каб, паводле словаў міністра, павялічыць зялёнае багацьце Беларусі. А чым насамрэч займаюцца гэтымі днямі работнікі лясной галіны?

Віктар Цынкевіч працуе лесьніком на Лагойшчыне. Як вынікае зь яго аповеду, тутэйшыя лесьнікі ліквідуюць наступствы жнівеньскага ўрагану.

(Цынкевіч: ) “Яліну, хвою – усё разам. Плошча – больш за гектар. Там ня так лёгка зрабіць. Каціла там, цяжка прыбраць. Там адно на адно – не дабрацца”.

(Карэспандэнт: ) “А як гэтае лясьніцтва называецца?”

(Цынкевіч: ) “Янушкаўскае. Мы працуем тут учатырох. Пілы, сякеры ёсьць”.

(Карэспандэнт: ) “Куды гэтыя дрэвы потым пойдуць?”

(Цынкевіч: ) “На продаж. Дзяржаве”.

Ужо больш як месяц беларускія лесаводы занятыя на работах для ліквідацыі наступстваў стыхіі, аднак яе сьлядоў у лесе ўсё яшчэ шмат. Беларускі лесакомлекс, паводле назіральнікаў, быў не падрыхтаваны да надзвычайнай сытуацыі. У той жа, напрыклад, Лагойскай лесагаспадарцы нават дырэктар Алег Дашкевіч змушаны прызнаць цяперашнія цяжкасьці:

(Дашкевіч: ) “Працуем. Працэнтаў 80 зроблена. Праблема – людзі. Недахоп. Разумееце, пацярпелі ў асноўным ліставыя пароды. Не паўсюль можна даехаць свабодна. Праблема ёсьць”.

Між тым, наступствы ўрагану – не адзінае выпрабаваньне для беларускага лесакомплексу. Аляксандар Лукашэнка распарадзіўся перавесьці яго на самафінансаваньне. Задача мае быць выкананая да 2008 году. Пакуль жа лясная сфэра на 55 працэнтаў фінансуецца зь бюджэту. Таму міністар Сямашка нават у сваім віншаваньні з нагоды сьвята напомніў падначаленым пра неабходнасьць рэфармаваньня. Праўда, у чым яно, бальшыня кіраўнікоў лясной сфэры ўяўляе цьмяна. У гэтай сытуацыі ці ня адзіным кірункам рэфармаваньня стаў пошук новых фінансавых крыніц. Таму апошнім часам імкліва даражэе лясная прадукцыя. Ахвярамі такой палітыкі робяцца нават вяскоўцы, якія жывуць у лясных паселішчах.

Напрыклад, на Чэрыкаўшчыне мясцовае лясьніцтва забараніла вяскоўцам хадзіць у лес у дровы. Ім прапанавана купляць гэтыя дровы ў лясьніцтва, зразумела, па высокіх цэнах. Вось што расказала пра гэта жыхарка вёскі Тур’я Чэрыкаўскага раёну, якая папрасіла не называць яе прозьвішча:

(Спадарыня: ) “Ну і што, што лес ёсьць... Нам не дазваляюць там дровы нарыхтоўваць. І побач лес ёсьць, і завалу шмат, але няма дроў. У лясьніцтва я тэлефанавала, там мне прапанавалі дровы вельмі далёка. Дзесьці за Удагай ці пад Удагай. На той бок рэчкі, і нам няма чым туды паехаць. Каб бліжэй выдзялялі, бо ў нас лес ёсьць і побач. Хаця б саманарыхтоўкай. Але нам не дазваляюць, кажуць, што няма такога кварталу. Няма дроў. З дрывамі ў нас праблема”.

Як кажуць вяскоўцы, іхныя заробкі не дазваляюць купляць дровы па высокіх цэнах. У сваю чаргу работнікі лясной галіны гавораць, што пры адмове ад палітыкі падвышэньня цэнаў яны рызыкуюць самі застацца без заробкаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG