Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску прайшоў нацыянальны фінал Усясьветных кампутарных гульняў


Іна Студзінская, Менск У нядзелю ўвечары ў сталічным Палацы дзяцей і моладзі завяршыўся нацыянальны фінал Усясьветных кампутарных гульняў (“World Cyber Games”). Спаборніцтвы праходзілі па трох дысцыплінах: “Cоunter-Strike”, “StarCraft” і “WarCraft”. Пераможцы заваявалі права ўдзельнічаць ва ўсясьветным фінале “World Cyber Games” у лістападзе ў Сінгапуры.

Упершыню ў Беларусі прайшлі спаборніцтвы такога роду. У трох адборачных турах, якія праводзіліся цягам двух месяцаў, узялі ўдзел больш за 400 маладых людзей. Прычым ня толькі са сталіцы ды вялікіх гарадоў. Прыяжджалі хлопцы з глухіх вёсак, што вельмі зьдзівіла арганізатараў. Ну а ў суботу і нядзелю ў Палацы моладзі быў проста натоўп заўзятараў. За гульнямі можна было назіраць зь велічэзных плязмавых экранаў.

Тэхнічны спонсар – гандлёвая марка “NTT” падрыхтавала адмысловыя кампутары. “Samsung” – спонсар такіх гульняў ува ўсіх краінах сьвету, і беларускае прадстаўніцтва “Samsung” спансаруе паездку сямі пераможцаў у Сінгапур.

Расказвае старшыня аргкамітэту гульняў, мэнэджэр у пытаньнях маркетынгу фірмы “Samsung” Алена Ранцэвіч:

(Ранцэвіч: ) “Мы лічым, што гэта вельмі прэстыжна для нашай краіны, і гэта ўздыме яе рэйтынг у вачах усясьветнай грамадзкасьці. Ёсьць хлопцы, якія сапраўды прафэсійна займаюцца кібэрспортам, праўда, на жаль, кібэрспорт у Беларусі яшчэ ня вельмі добра разьвіты. У асноўным у спаборніцтвах бяруць удзел аматары”.

Пераможцы вызначаліся ў трох намінацыях. У “WarCraft” перамог Яраслаў Канецкі, у “StarCraft” – Антон Плебановіч. Ну а “Соunter-Strike” – гэта камандная гульня. Спаборнічала 8 камандаў, перамагла каманда “Тарантул” – Сяргей Семяненя (нік Монк), Яўген Шульжэнка (нік Дракула), Юры Смолаў (нік Вампір), Сяргей Латушкін (нік Серг) і Васіль Гасьнікаў (нік Дайвэр). Я назвала іх кампутарныя імёны (альбо мянушкі), бо заўзятары іх ведаюць менавіта пад кампутарнымі імёнамі. Сем пераможцаў паедуць у Сінгапур. Ну а прызэры атрымалі таксама каштоўныя ўзнагароды – маніторы, прынтэры, усялякія прылады для кампутараў, магчымасьць паўгоду бясплатна карыстацца інтэрнэтам.

Гутару зь пераможцамі – камандай “Тарантул”:

(Карэспандэнтка: ) “Я заўсёды думала, што кампутарныя гульні – гэта забава. Сапраўды гэта спорт?”

(Яўген: ) “Кампутарныя гульні – гэта сапраўды спорт, безумоўна!”

(Васіль: ) “Нават лепшы за многія віды спорту”.

(Сяргей: ) “Гэта ня горш за футбол”.

(Карэспандэнтка: ) “Ну, там ногі. А тут галава працуе?”

(Яўген: ) “Так, можна й так сказаць. Шляхі да дасканаласьці. Безумоўна, спорт”.

(Карэспандэнтка: ) “І што цяпер? Будзеце дзень і ноч трэнавацца, пра ўрокі і лекцыі забудзецеся, бо трэба рыхтавацца да Сінгапуру?”

(Сяргей: ) “Так, гэта сапраўды падзея, і будзем рабіць усё, што можам. А школа няхай крышачку пачакае”.

(Карэспандэнтка: ) “А вы сапраўды сур’ёзна трэнуецеся ці самавучкі?”

(Юры: ) “Мы аддаем гэтаму як мінімум 6 – 8 гадзін на дзень”.

(Карэспандэнтка: ) “А ўрокі вы пасьпяваеце рабіць?”

(Яўген: ) “Як калі”.
XS
SM
MD
LG