Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лукашук: "Удзел жанчын у аўганскіх выбарах – надзвычайная падзея"


RFE/RL Вячаслаў Ракіцкі гутарыць з дырэктарам радыё "Свабодны Аўганістан" Аляксандрам Лукашуком.

(Карэспандэнт: ) "Перадусім, Аляксандар, якое значэньне маюць гэтыя выбары для Аўганістану і, магчыма, усяго рэгіёну?"

(Лукашук: ) "Год назад адбыліся прэзыдэнцкія выбары, у якіх удзельнічалі 16 кандыдатаў. І вось праз год – апошні этап так званага "бонскага" працэсу: у Боне, у 2001 годзе, было дасягнутае пагадненьне пра аднаўленьне нармальных умоваў жыцьця ў Аўганістане пасьля падзеньня Талібану. Сёньняшні дзень – гэта завяршэньне вялікага працэсу, які пачаўся 5 гадоў таму".

(Карэспандэнт: ) "Ці можна лічыць выбары свабоднымі, калі ў краіне знаходзяцца ўзброеныя сілы кааліцыі на чале з ЗША – з аднаго боку, а з другога – здараюцца напады талібаў і на цывільных грамадзянаў, і на службовых асобаў?"

(Лукашук: ) "Я хачу сказаць, што знаходжаньне войска ў іншай краіне – не зусім адназначная зьява. Адна рэч, калі войскі знаходзяцца ў якасьці акупацыйных сілаў, і зусім іншае, калі яны зьяўляюцца міратворцамі альбо дапамагаюць мясцовай арміі ў падтрыманьні бясьпекі. Для гэтага ў Аўганістане каля 20-ці тысячаў вайскоўцаў з ЗША і каля 10-ці тысячаў вайскоўцаў зь іншых краінаў-сяброў НАТО. Без прысутнасьці гэтых войскаў, на думку саміх аўганцаў, гэтыя выбары былі б немагчымыя. Менавіта таму Талібан сёньня праваліўся. Нягледзячы на шматлікія пагрозы, папярэджаньні, у абсалютнай бальшыні з 6-ці тысячаў месцаў, дзе адбываюцца галасаваньні, усё прайшло мірна, без нападаў. Можна казаць пра адзінкавыя выпадкі небясьпекі. Бясьпека была гарантаваная згаданымі войскамі, яны й дазволілі правесьці свабодныя выбары".

(Карэспандэнт: ) "Афіцыйныя вынікі будуць вядомыя празь некалькі тыдняў. Але ўжо ў якасьці вынікаў аглядальнікі адзначаюць вялікую канкурэнцыю сярод кандыдатаў у дэпутаты і значную актыўнасьць выбарцаў. Якія яшчэ вынікі выбараў Вы лічыце важнымі?"

(Лукашук: ) "Я б адзначыў адзін момант: удзел жанчын. Традыцыйная культура Аўганістану была даволі значна скажоная ў часе кіраваньня талібаў. Жанчыны былі фактычна выключаныя з грамадзкага жыцьця. І вось жа ў новы парлямэнт была ўведзеная квота: 68 месцаў з 249 адведзеныя жанчынам. І хаця жанчын сярод кандыдатаў толькі 10 працэнтаў – гэта прыклад таго, як робіцца так званае інстытуцыйнае будаўніцтва. Калі гаварыць пра рэгіён у цэлым, можна заўважыць, што жанчыны на чале такіх краінаў – ня рэдкасьць. На чале Пакістану стаяла жанчына, на чале Банглядэш, у Інданэзіі. Тое, што такі працэс пачынаецца ў Аўганістане, – гэта надзвычайная культурная зьява і падзея для ўсяго рэгіёну".
XS
SM
MD
LG