Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партыя БНФ і азэрбайджанскі “Мусават” дамовіліся супрацоўнічаць


Уладзімер Глод, Менск Падпісаньне міжпартыйнага пагадненьня аб супрацоўніцтве стала адным з галоўных вынікаў міжнароднай канфэрэнцыі, якая прайшла ў суботу ў Баку.

Правядзеньне міжнародных сымпозіюмаў у беларускай тэматыцы ў Вільні альбо Варшаве ўжо даўно стала звычайнай зьяваю. А вось канфэрэнцыя ў Баку выглядае даволі экзатычна. Асабліва калі мець на ўвазе яе афіцыйны назоў – “Беларусь і Азэрбайджан на другім этапе карэнных дэмакратычных пераўтварэньняў на постсавецкай прасторы”.

Што агульнага ў дзьвюх гэтых краінаў? Намесьнік старшыні партыі БНФ Алесь Міхалевіч, які ўзначальвае беларускую дэлегацыю ў Баку, упэўнены, што, нягледзячы на вялікую адлегласьць, Азэрбайджан і Беларусь маюць шмат супольнага:

(Міхалевіч:) “Падобнае тое, што і тут, і там існуюць дыктатарскія рэжымы. І тут, і там вельмі вялікае значэньне мае фактар Расеі. Напрыклад, і ў Беларусі, і ў Азэрбайджане ёсьць расейскія радыёлякацыйныя станцыі. Ёсьць вельмі сур’ёзны ўплыў Расеі на ўнутрыпалітычную сытуацыю.

У той жа самы час ёсьць адрозьненьні. Напрыклад, Азэрбайджан мае нафту. Таму заходнія краіны глядзяць на Азэрбайджан як на крыніцу энэрганосьбітаў. І гэта ўплывае на іх пазыцыю адносна дэмакратычнасьці Азэрбайджану. Але адначасна Азэрбайджан з гэтай прычыны вымушаны паказваць, што быццам у іх там ёсьць дэмакратыя”.

Прадстаўнікі партыі БНФ і партыі “Мусават” дамовіліся каардынаваць сваю дзейнасьць адносна згаданых расейскіх радыёлякацыйных станцыяў, а таксама супольна прэзэнтаваць Беларусь і Азэрбайджан у некаторых міжнародных структурах.

У лістападзе ў Азэрбайджане пройдуць парлямэнцкія выбары, на якія мясцовыя дэмакраты маюць вельмі вялікія спадзяваньні. Яны хочуць мабілізаваць народ на адстойваньне сапраўдных вынікаў выбараў.

Чым у гэтым пляне могуць дапамагчы беларусы сваім сябрам? (Міхалевіч: ) “Мы будзем назіральнікамі, мы вышлем максымальную колькасьць нашых прадстаўнікоў у межах міжнародных арганізацыяў, каб яны мелі статус афіцыйных назіральнікаў. І абавязкова прыедзем самі, каб падтрымаць нашых калегаў з Азэрбайджану”.
XS
SM
MD
LG