Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фільм пра самагон прэтэндуе на перамогу на фэстывалі ў Нямеччыне


Алена Струвэ, Менск У нямецкім горадзе Людвігсбургу праходзіць міжнародны фэстываль кароткамэтражных фільмаў. У якасьці аднаго з прэтэндэнтаў на перамогу ў конкурсе журналісты, чальцы журы й гледачы называюць фільм “Самагон”. У гэтым фільме расказваецца пра жыцьцё старой беларускай сялянкі.

Аўтары 12-хвіліннага дакумэнтальнага фільму, які называецца менавіта беларускім, экзатычным для эўрапейцаў словам самагон, – не беларусы. Ойген Шлегель і Сабастыян Гайгер, маладыя нямецкія кінадакумэнталісты, паспрабавалі расказаць пра нямецкую акупацыю ў Беларусі нечакана – праз жыцьцё і ўспаміны старой сялянкі бабы Веры зь беларускага поўдня.

Баба Вера засталася ў сваёй вёсцы адна. Яна жыве ў старой хаце і гоніць самагон. У гэтай справе баба Вера вельмі дасьведчаная. Яшчэ з часу другой усясьветнай вайны.

Нямецкі журналіст Дытгальф Цэрвэк, які асьвятляе працу фэстывалю, дзеліцца сваімі ўражаньнямі:

(Цэрвэк: ) “Гэтая стужка спадабалася мне больш за ўсе астатнія 70 конкурсных фільмаў. Баба Вера гоніць самагон у сваёй беднай хаце і дзеліцца ўражаньнямі, як гэты напой больш за 60 гадоў таму ў яе набывалі немцы. Высьвятляецца, што гэтая самагонка нават стала, так бы мовіць, выратаваньнем для многіх Верыных аднавяскоўцаў. Калі немцы адступалі, яны набылі ў Веры шмат самаробнай гарэлкі і ня сталі спальваць вёску. Вельмі незвычайная гісторыя, якая кранула многіх гледачоў”.

Як піша крытыка, ў аповедзе старой жанчыны, якая прыжыла доўгае й цяжкае жыцьцё, шмат гумару і зусім няма злосьці, агрэсіі, нянавісьці...

Нямецкая публіка сустрэла кінастужку воплескамі.

Ляўрэатаў фэстывалю журы абвесьціць позна ўвечары ў суботу. Усяго на фэстывалі будуць уручаныя сем прэміяў агульнай сумаю 52 з паловаю тысячы эўра.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG