Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цукровая вайна паміж Беларусьсю і Расеяй?


Міхал Стэльмак, Менск Міністэрства эканамічнага разьвіцьця Расеі прыняло рашэньне пра пачатак расьсьледаваньня справы, зьвязанай з імпартам беларускага цукру. Расейцы падазраюць, што беларускі цукар шкодзіць іх цукровай галіне.

Міністэрства эканамічнага разьвіцьця Расеі падпісала дакумэнт “Аб пачатку кампэнсацыйнага расьсьледаваньня ў дачыненьні цукру белага, які паходзіць зь Беларусі і ўвозіцца на мытную тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі”. Ініцыявала гэтае расьсьледаваньне некамэрцыйная арганізацыя “Саюз цукравытворцаў Расеі”. Адзін зь яе кіраўнікоў Сяргей Міронаў так патлумачыў сутнасьць расейска-беларускага канфлікту:

(Міронаў: ) “Прэтэнзіі зьвязаныя з перавышэньнем аб''ёмаў экспарту белага цукру з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь на тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі над аб''ёмамі яго вытворчасьці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Інакш кажучы, Беларусь вырабляе цукру менш, а вывозіць яго ў Расейскую Фэдэрацыю больш”.

Паводле зьвестак “Саюзросцукру”, Беларусь за апошні год вырабіла 350 тысяч тон цукру, але насамрэч экспартавала ў Расею 395 тысяч тон. Гэты лішак, як лічаць расейцы, павінен быў абкладацца пошлінай. Але паколькі беларусы ўвозілі цукар як зроблены са сваіх буракоў, то пошліну яны не плацілі. У выніку расейскі бюджэт, паводле меркаваньня расейскага боку, страціў мільёны даляраў.

Дакараюць расейцы беларускі бок і ў недобрасумленнай канкурэнцыі. Маўляў, расейскія цукравытворцы не атрымліваюць дапамогі ад дзяржавы, а беларускія цукровыя заводы – фінансуюцца зь бюджэту.

У Беларусі расейскую ініцыятыву лічаць надуманай. У прыватнасьці прадстаўнік Беларусі ў Пастаянным камітэце так званай Саюзнай дзяржавы Валеры Дрозд беларуска-расейскі цукровы канфлікт пракамэнтаваў наступным чынам:

(Дрозд: ) “Асноўная прэтэнзія расейскага боку, што мы завозім туды так званы трысьняговы цукар. Па-іншаму, цукар-сырэц, які нібыта мы рээкспартуем. Але адрозьненьне толькі ў тым, што нашы заводы рэканструяваны, а расейскія заводы, якія зьяўляюцца прыватнай уласнасьцю, працуюць толькі на 60 працэнтаў сваёй магутнасьці”.

Ці так гэта насамрэч, будзе высьветлена падчас расьсьледаваньня расейскага Міністэрства эканамічнага разьвіцьця.
XS
SM
MD
LG