Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 гадоў Беларускай асацыяцыі журналістаў – успаміны журналістаў


Вячаслаў Кулік, Менск 16 верасьня споўніцца роўна 10 гадоў, як у Менску адбыўся ўстаноўчы сход Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ). Яго ўдзельнікі сфармавалі праграму пераадоленьня крызысу ў сфэры сродкаў масавай інфармацыі. Пра напрамкі дзейнасьці БАЖу ў мінулым часе і сёньня – у матэрыяле Вячаслава Куліка.

Першы год прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі пачаўся з уціску на прэсу. Так, цэнтральныя газэты, якія зьбіраліся надрукаваць антыкарупцыйны даклад дэпутата Вярхоўнага Савету Антончыка, выйшлі зь “белымі плямамі”. Успамінае Сяргей Антончык.

(Антончык: ) “Людзі, у першую чаргу журналісты, зразумелі, што можа быць вельмі сур''ёзная сытуацыя на Беларусі, калі да ўлады прыйшоў Аляксандар Лукашэнка. Яны зразумелі, што трэба аб''ядноўвацца. Зьяўленьне БАЖу – гэта адказ журналістаў на тое, што адбывалася ў Беларусі. Сёньня тэма вельмі цікавая: калі кажуць пра апазыцыю, яе сілу, моц ці слабасьць, то чамусьці ніхто не заўважае, што 9% усёй апазыцыйнай працы робяць якраз журналісты. Ядро і самая моцная частка сёньняшняй апазыцыі ў Беларусі гэта ёсьць якраз незалежныя журналісты”.

16 верасьня 1995 году на ўстаноўчым сходзе ў Доме літаратараў Беларускую асацыяцыю журналістаў заснавалі 38 чалавек. Як пашырыўся уплыў БАЖу за мінулы пэрыяд паведамляе намесьнік старшыні гэтай арганізацыі Андрэй Бастунец.

(Бастунец: ) “Сёньня ў БАЖы каля 1000 сяброў. На жаль, у мінулым годзе мы вымушаны былі скараціць колькасьць зарэгістраваных структураў арганізацыі. Міністэрства юстыцыі патрабавала, каб гэтыя структуры былі зарэгістраваныя ці пастаўлены на ўлік толькі ў офісах”.

Летась асацыяцыя мела 22 філіі. Міністэрства юстыцыі скараціла іх да 7 на сёньняшні дзень.

Акрамя БАЖу ў Беларусі ёсьць яшчэ адна прафэсійная структура – Саюз журналістаў. Калі БАЖ арганізоўвае вучобу на курсах ці сэмінарах за межамі краіны, то запрашаюцца і журналісты дзяржаўных выданьняў. Падлічана, што ў “лепшыя” гады БАЖ накіроўваў па адукацыйных праграмах, у тым ліку ў бліжняе замежжа, напрыклад, Літву, да 100 журналістаў. Гаворыць супрацоўніца Беларускага радыё Натальля Баўкалава.

(Баўкалава: ) “Ну, як мы можам адчуваць нейкую варожасьць? У іх свае палітычныя погляды, у нас іншыя погляды палітычныя. Мы езьдзілі не аднойчы з журналістамі і са "Свабоды". З Аленай Панкратавай увогуле я працавала гадоў 15 у гэтым кабінэце”.

Камунікацыйным сродкам БАЖу для журналістаў розных палітычных поглядаў зьяўляецца часопіс “Абажур”. Распавядае галоўны рэдактар Уладзімер Дзюба.

(Дзюба: ) “На сёньняшні дзень гэта адзінае спэцыялізаванае выданьне. Былі “круглыя сталы” адносна таго, куды рухаецца беларуская журналістыка. У гэтых “круглых сталах” прымалі ўдзел і журналісты з дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. Зараз я трымаю ў руках нумар №№40-41. Атрымаюць гэты часопіс абласныя тэлестудыі. Таксама мы будзем яго дасылаць і ў дзяржаўныя структуры. Таму што на старонках часопісу ўздымаюцца такія пытаньні, як прафэсійная этыка – абавязак журналіста, як годнасьць, як сумленьне. Тое, што мы бачым на дзяржаўным экране, у пешую чаргу на БТ, гэта не журналістыка, а самага нізкага гатунку прапаганда”.

Што ведаюць пра абедзьве прафэсійныя арганізацыі студэнты факультэту журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту?

(Юначка: ) “Што да Беларускай асацыяцыі журналістаў, то гэта адукацыя, правы чалавека, маніторынг. Канечне, для журналіста можа быць важкім належаць да той ці іншай арганізацыі, але ўсё-такі калі ты незалежны, калі не належыш ні да адной – гэта таксама нядрэнна, на мой погляд”.

(Юначка: ) “Мабыць гэта мой мінус, канечне, бо студэнт абавязаны ведаць, але ж нічога, акрамя назвы і чым павінныя займацца журналісцкія арганізацыі, нічога ня ведаю”.

(Юнак: ) “Працую ў мясцовай газэце “Кур''ер з Барысава”. Шмат нашых журналістаў у складзе БАЖу. Але я пакуль да яе не адношуся, хаця езьдзіў на шмат сэмінараў. Лічу, што добрая арганізацыя. Заўжды дапамагае юрыдычна. Падтрымлівае журналістаў. Яшчэ ёсьць нейкая дзяржаўная арганізацыя. Ня памятаю, як яна называецца. Пра яе я ня шмат ведаю”.

БАЖаўцы ёсьць ва ўсіх рэгіёнах краіны. У гродзенскую абласную суполку, напрыклад, уваходзіць 41 чалавек. Узначальвае іх Павал Мажэйка, які за нібыта абразу прэзыдэнта Лукашэнку ня так даўно ссылаўся судом на “хімію”. Ён удзячны БАЖу за салідарнасьць у цяжкі момант.

(Мажэйка: ) “Незалежны журналіст у беларускай правінцыі фактычна знаходзіцца між молатам і кавадлам. З аднаго боку актыўнае жаданьне пісаць праўду, з другога – улада, якая актыўна супрацьдзейнічае гэтаму. І журналістаў, па меншай меры ў нас, актыўна б''юць. Беларуская асацыяцыя журналістаў, на мой погляд, гарантыя юрыдычнай дапамогі, гарантыя салідарнасьці. Ты ведаеш: ці арыштаваны, ці атрымоўваеш шалёныя штрафы – ты не адзін. Ты ведаеш, што там, напрыклад, за мурамі пастарунку твае сябры і калегі, якія працягваюць працу, выносяць у сьвет тваё імя і тваю праблему, далучаюць тым самым яшчэ большую колькасьць салідарных з табою людзей”.

Паводле Паўла Мажэйкі, БАЖаўскі Цэнтар прававой інфармацыі прыклаў шмат намаганьняў, каб яго вызвалілі датэрмінова. Узначальвае юрыдычную службу былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду краіны Міхаіл Пастухоў.

(Пастухоў: ) “У цяперашні момант мы фактычна апынуліся закладнікамі той прававой сыстэмы, якая ў нас ёсьць. Гэтая сыстэма выкарыстоўваецца на карысьць дзяржавы. Наша праца зьвязаная з тым, што мы даем кансультацыі рэдакцыям і журналістам, якія патрапляюць у складаныя сытуацыі, ці стаіць пытаньне, як урэгуляваць спрэчку. Мы дапамагаем”.

Старшыня беларускага ПЭН-цэнтру Лявон Баршчэўскі станоўча ацэньвае дзейнасьць Беларускай асацыяцыі журналістаў.

(Баршчэўскі: ) “Незаўважна прайшоў час, ужо 10 гадоў, можна рабіць падсумаваньні. Я лічу, што Беларуская асацыяцыя журналістаў – гэта праект вельмі трывалы. І нават калі ў краіне зьменяцца ўмовы, будзе дэмакратычны ўрад, пытаньні абароны журналістаў ад самых розных пагроз, якія ідуць з самых розных бакоў нават у дэмакратычных краінах, яны застануцца. Таму БАЖ, я так мяркую, – гэта навечна. Гэта ня той праект, які створаны з-за цяжкіх варункаў”.

Адным з галоўных посьпехаў Беларускай асацыяцыі журналістаў зьяўляецца ўганараваньне яе прэміяй імя Андрэя Сахарава. Эўрапарлямэнт уручае яе за дасягненьні ў справе змаганьня за правы і асноўныя свабоды чалавека. У дзесятую гадавіну утварэньня БАЖу адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэньня Прэміі імя Дзьмітрыя Завадзкага. Іміджавую ўзнагароду Першага канала расейскага тэлебачаньня атрымалі 5 журналістаў. Ацэнка гэтаму ад старшыні недзяржаўнай асацыяцыі Жаны Літвіной.

(Літвіна: ) “Тое, што ў БАЖа столькі прэстыжных узнагародаў, гэта ў першую чаргу знак падтрымкі тых, хто ў нас кожны дзень змагаецца за сваю прафэсію, за права людзей ведаць інфармацыю непадцэнзурную, свабодную, аб''ектыўную інфармацыю. Навідавоку сёньня тэндэнцыя выцісканьня з інфармацыйнай прасторы незалежных СМІ. А марай маёй па-ранейшаму застаецца, каб беларускія журналісты праз пэўны час былі ляўрэатамі самых верагодных і неверагодных міжнародных узнагародаў, але за свае здольнасьці, талент і журналісцкую працу. Гэта, відаць,маё самае шчырае пажаданьне калегам. І яшчэ трымацца разам. Пакуль мы разам, нас нельга пазбавіць прафэсіі”.
XS
SM
MD
LG