Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скончыўся першы тыдзень другой галадоўкі Сяргея Скрабца


Уладзімер Глод, Менск Вядомы апазыцыйны палітык, кіраўнік дэпутацкай групы "Рэспубліка" у Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня па-ранейшаму працягвае галадаваць у Менскім ізалятары часовага ўтрыманьня, так званай "Валадарцы". Пачынаючы з 10 верасьня, Сяргей Скрабец трымае другую галадоўку. Яна, як і папярэдняя, накіраваная на знак пратэсту супраць дзеяньняў уладаў, якія, на думку экс-парлямэнтара, незаконна трымаюць яго за кратамі.

Родныя Сяргея Скрабца занепакоеныя тым, што ён вырашыў другі раз абвесьціць галадоўку. Упершыню на такі надзвычайны крок былы дэпутат пайшоў падчас знаходжаньня ў Берасьцейскім сьледчым ізалятары. Тады ён галадаваў амаль 40 дзён.

Немагчымасьць іншым спосабам прыцягнуць увагу да сваёй справы вымушае Сяргея Скрабца паўторна абвесьціць галадоўку. Пра гэта ён напісаў з-за кратаў свайму малодшаму брату Аляксандру, які афіцыйна праходзіць як саўдзельнік агульнай справы. Скрабец-малодшы гаворыць, што ён вельмі зьдзіўлены, паколькі Сяргею прад''явілі абвінавачваньні аж па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу, а яму – толькі па адным:

(А.Скрабец: ) "Я скажу, што я нават і больш вінаваты, таму што я візіраваў дакумэнты. Сяргей у гэты час працаваў у Палаце прадстаўнікоў, а камэрцыйнымі пытаньнямі займаўся я. Зразумела, што галоўным абвінавачаным мушу быць я. Гэта мяне, а не Сяргея, міліцыя шукала тры гады. А ў выніку яго арыштоўваюць, мяне таксама. Але мяне хутка выпускаюць. Потым мне адно абвінавачаньне прад''яўляюць, а яму – аж тры".

Я спытаўся малодшага брата экс-парлямэнтара, чаму галоўныя абвінавачваньні, накіраваныя на Сяргея, а не на яго?

(А.Скрабец: ) "Зразумела, чаму. Таму што тут замешаная палітыка. Таму што хочуць пасадзіць Сяргея, а не мяне. Я ж нікому не перашкаджаю".

Абвінавачваньні на адрас Сяргея Скрабца складаюць аж 35 тамоў крымінальнай справы. Аднак былы дэпутат катэгарычна адмаўляецца іх вывучаць. Гаворыць ягоная маці – Ніна Рыгораўна:

(Н.Скрабец: ) "Мне Сяргей сказаў, што яму, здаецца, 35 тамоў "накапалі". Адвакат прынёс Сяргею два. А сын кажа: я чытаць ня буду, паколькі там няма ніводнага слова праўды. І тады адвакат сказаў: навошта вам насіць чамаданы, калі вы іх не чытаеце".

***

У красавіку 2003 году супраць Сяргея Скрабца завялі першую справу – тады яго абвінавацілі ў выманьваньні крэдытаў у дзяржавы ў той час, калі ён узначальваў Гандлёвы дом "БелБабаеўскі". Што тычыцца другой справы, дык тут сьледзтва лічыць, што былы дэпутат падбухторваў жыхара горада Бяроза даць хабар 30 тысяч даляраў супрацоўнікам Берасьцейскіх пракуратуры і абласнога суду, каб тыя паспрыялі вынясеньню апраўдальнага прысуду жыхару вёскі Альшаны Пінскага раёну Грыбу. Пазьней той быў асуджаны на 24 гады пазбаўленьня волі за цяжкія злачынствы. У гэтай вёсцы жывуць родныя жонкі Сяргея Скрабца.

Сяргей Скрабец летам 2004 году ўдзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў, якія патрабавалі дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства. Летась у кастрычніку ён зьвярнуўся да прэзыдэнта Расеі з просьбай пра палітычны прытулак, аднак атрымаў адмоўны адказ. Сёлета ў красавіку Беларускае тэлебачаньне паказала сюжэт, у якім сьцьвярджалася, што спэцслужбы затрымалі кур’ера, які вёз з Вільні 200 тысячаў даляраў – нібыта для фінансаваньня палітычнай дзейнасьці Сяргея Скрабца.
XS
SM
MD
LG