Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскі палітоляг А.Грыцус – куды рухаецца Беларусь?


Ганна Соусь, Менск Беларуска-літоўскія дачыненьні і новую замежную палітыку Літвы сёньня абмяркоўвалі ў амбасадзе Літвы ў Беларусі. У дыскусіі бралі ўдзел кіраўнік дэпартамэнту замежнай палітыкі міністэрства замежных справаў Літвы Лаймонас Талат-Келпша і доктар паліталёгіі Інстытуту міжнародных дачыненьняў Віленскага ўнівэрсытэту Альгірдас Грыцус.

Літва зьяўляецца цэнтрам міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, актыўным і прывабным партнэрам для суседніх дзяржаваў. Гэта адно з асноўных палажэньняў замежнай палітыкі Літвы. Як заявіў у сваёй праграмнай прамове міністар замежных справаў Літвы Антанас Валёніс, ідэя “цэнтру рэгіёну” палягае ў тым, каб пашыраць межы Эўропы, дамагацца таго, каб Літву акружалі незалежныя, дэмакратычныя дзяржавы”. Кіраўнік дэпартамэнту замежнай палітыкі МЗС Літвы Лаймонас Талат-Келпша, які раней быў дарадцам літоўскага прэзыдэнта ў пытаньнях замежнай палітыкі, лічыць, што для Літвы вельмі важна захаваць добрасуседзкія стасункі зь Беларусьсю.

(Талат-Келпша: ) “Нам вельмі важна, як ідзе транзыт у Літву, як ідзе экспарт ці імпарт у Літву, пытаньні аховы навакольнага асяродзьдзя. Для нас дыялёг зь Беларусьсю вельмі важны. Цяпер мы сябры Эўразьвязу і НАТО, і там ёсьць розныя меркаваньні пра Беларусь. Ёсьць краіны, якія называюць Беларусь апошняй дыктатурай у Эўропе. Ёсьць краіны, якім увогуле абыякава, што такое Беларусь. І гэта ў сваю чаргу ўскладняе фармуляваньне агульнай палітыкі Эўразьвязу і ў рамках НАТО. Мы павінны выконваць правілы аб’яднаньняў, да якіх далучыліся. Для гэтага важна, каб нашае бачаньне і нашыя інтарэсы станавіліся таксама бачаньнем і інтарэсамі Эўразьвязу і НАТО”.

Спадар Талат-Келпша адзначае, што ягоная краіна цяпер лічыцца ў Эўразьвязе і НАТО экспэртам наконт сытуацыі ў Беларусі, да яе меркаваньня прыслухваюцца, калі прымаюць рашэньні, датычныя Беларусі.

Доктар паліталёгіі інстытуту замежных дачыненьняў Віленскага ўнівэрсытэту Альгірдас Грыцус, які ў свой час быў дарадцам прэзыдэнта Літвы ў пытаньнях замежнай палітыкі і дэпутатам літоўскага Сэйму, гэтак акрэсьліў сваё стаўленьне да сытуацыі ў Беларусі:

(Грыцус: ) “Я нават у Гарвардзкім унівэрсытэце рабіў справаздачу “Ход Беларусі назад”. У мяне сёньня ёсьць болей пытаньняў, чым адказаў. Куды рухаецца Беларусь? Напрыклад расейска-беларускі саюз. Эканамічныя сувязі павінны быць збалянсаваныя, весьціся з рознымі краінамі. Калі я гляджу на нашу суседку Беларусь, то я бачу, што ў сваёй замежнай палітыцы, можна рабіць многа заяваў, але яна ня вельмі незалежная і знаходзіцца ў пэўных цісках. Кожны народ мае права выбіраць той лад, які яму даспадобы. Але калі я бачу ў суседняй краіне, што людзі ня маюць права выйсьці і выказаць свае меркаваньні… Я не магу гаварыць, як вам жыць. Я за тое, каб у Беларусі людзі мелі права гаварыць, мелі свае мэдыі. А як гэта зрабіць? Я думаю, што гэта можна рабіць праз моладзь”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG