Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску на Кастрычніцкай плошчы адбываецца акцыя


Алесь Дашчынскі, Менск У гэты дзень шэсьць гадоў таму па дарозе дадому зьніклі былы віцэ-прэм’ер і кіраўнік Цэнтравыбаркаму Віктар Ганчар і ягоны сябар бізнэсовец Анатоль Красоўскі. Сьледзтва па гэтай справе было адноўлена, яно працягваецца. Пракуратура шукае выкрадальнікаў і замоўцаў злачынства.

Ніякай пэўнай інфармацыі ў гэтай справе ня маюць ні родныя зьніклых, ні праваабаронцы, ні грамадзкасьць. Гэдак жа, як няма інфармацыі пра былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранку, які зьнік таксама шэсьць гадоў таму ў траўні. Летам 2000 году быў выкрадзены тэлежурналіст Зьміцер Завадзкі.

Родныя зьніклых настойваюць на правядзеньні незалежнага расьсьледаваньня з дапамогай міжнароднай супольнасьці.

У 2004 годзе адмысловы дакладчык па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Хрыстас Пургурыдэс падрыхтаваў вядомую справаздачу “Зьніклыя асобы ў Беларусі”, у якой названы шэраг дзяржаўных асобаў, падазраваных у датычнасьці да палітычных зьнікненьняў. Пасьля гэтага ЗША і Эўразьвяз увялі візавыя санкцыі адносна гэтых асобаў — міністра ўнутраных справаў Уладзімера Навумава, кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Віктара Шэймана, былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Сівакова і палкоўніка ўнутраных войскаў Дзьмітрыя Паўлічэнкі.

Падрабязнасьці зь менскай акцыі слухайце ў эфіры і чытайце пазьней на нашым сайце.
XS
SM
MD
LG