Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка прабыў у Нью-Ёрку меней за суткі


Валер Каліноўскі, Менск Аляксандар Лукашэнка дачасна завяршыў сваё знаходжаньне ў Нью-Ёрку — у пятніцу раніцай ён вярнуўся ў Менск. На амэрыканскай зямлі кіраўнік Беларусі пабыў меней за суткі, хаця юбілейны саміт ААН доўжыцца тры дні. У Нью-Ёрку беларускі кіраўнік таксама меў сустрэчы з прэзыдэнтамі Ірану й Іраку.

Згодна з афіцыйнай інфармацыяй, А.Лукашэнка падчас свайго знаходжаньня ў Нью-Ёрку даў інтэрвію расейскай службе радыё ААН, выступіў на сэсіі Генэральнай асамблеі Аб’яднаных Нацыяў, сустрэўся з прэзыдэнтамі Ірану і Іраку, падпісаў Міжнародную канвэнцыю ў барацьбе з актамі ядзернага тэрарызму. Папярэдне МЗС Беларусі зазначала, што заплянавана каля дваццаці двухбаковых сустрэч кіраўніцтва беларускай дэлегацыі ў Нью-Ёрку. Перад тым, як пакінуць Нью-Ёрк, Аляксандар Лукашэнка заявіў журналістам, што ў яго склалася “дзікае ўражаньне” ад юбілейнага саміту ААН, паколькі ў ААН “прагрэсу няма”:

(Лукашэнка: ) “Усё зводзіцца, як выявілася, да банальнага: атрымаць крэсла і заняць яго ў якасьці сталага сябра Рады Бясьпекі. Калі і патрэбна нейкая рэформа ААН, то гэтая рэформа павінна датычыць сутнасьці”.

На сэсіі Генэральнай асамблеі ААН Аляксандар Лукашэнка выказаў шкадаваньне з нагоды распаду СССР, што прагучала дысанансам з прамовамі Міхаіла Саакашвілі, які назваў СССР “імпэрыяй зла”, і Віктара Юшчанкі, які нагадаў сьвету пра ўкраінскі галадамор 1932—1933 гадоў, што быў выкліканы палітыкай савецкага кіраўніцтва. Акрамя таго, у інтэрвію расейскай службе Радыё ААН А.Лукашэнка скрытыкаваў дзейнасьць Камісіі ў правах чалавека ААН, якая сёлета ўхваліла крытычную рэзалюцыю па Беларусі.

(Лукашэнка: ) “Гэта абсурднае, надуманае пытаньне. Якія правы чалавека, каго абараняе Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў?.. Я думаю, што ААН трэба неяк вызваліцца ад путаў моцных гэтага сьвету”.

Беларускі палітык Аляксандар Дабравольскі ў выступе А.Лукашэнкі ў ААН заўважыў перш за ўсё ягоны антыамэрыканізм:

(Дабравольскі: ) “Лукашэнка выступаў з пазыцыі Генэральнага сакратара ЦК КПСС, хацеў паказаць, што ён роўны з Амэрыкай і выбраў яе сабе ў ворагі. Гэта выглядала трохі камічна, як кажуць, не па Сеньку шапка. Але да таго, што Лукашэнка можа так гаварыць, ужо ўсе прызвычаіліся і ўсур’ёз не ўспрымаюць. Я думаю, што гэта чарговы раз, калі аўтарытэт краіны пастаўлены пад сумнеў на міжнароднай арэне”.

На думку спадара Дабравольскага, сьціплыя двухбаковыя сустрэчы Лукашэнкі ў Нью-Ёрку дадаткова сьведчаць пра рэальны аўтарытэт А.Лукашэнкі ў сьвеце.

Дэпутат Вольга Абрамава параўнала выступ Аляксандра Лукашэнкі ў ААН з аналягічнымі прамовамі савецкіх лідэраў:

(Абрамава: ) “Сэнс самога звароту “народу і сьвету”, я б так сказала, — пакіньце нас у спакоі, дазвольце нам той дарогай, якую мы абралі. І ня ўмешвайцеся ў нашыя ўнутраныя справы”.

На думку Вольгі Абрамавай, у сьвеце дастаткова краінаў, гатовых падтрымаць такі падыход.

Тое, што А.Лукашэнка выказаўся ў абарону былых дыктатараў Садама Хусэйна і Слабадана Мілошавіча, беларускі праваабаронца Гары Паганяйла зьвязаў з боязьзю беларускага кіраўніка падзяліць іхны лёс за свае ўчынкі:

(Паганяйла: ) “Вось чаму ягонаму сэрцу так мілыя і Мілошавіч, і Хусэйн. І той і другі — былыя дыктатары, да дыктатараў прылічаны і Аляксандар Рыгоравіч. Гэта інстынкт самазахаваньня рухае ім, а не палітычная мэтазгоднасьць”.

Гл. таксама • Лукашэнка выступіў у ААН – заклікаў вызваліць Мілошавіча і Хусэйна • З.Пазьняк: заклік вызваліць Мілошавіча і Хусэйна - гэта праяўленьне роспачы Лукашэнкі • Беларускі пікет у Нью-Ёрку (фотарэпартаж) • А.Лукашэнка хоча стаць лідэрам усясьветнага антыамэрыканізму? • Як ацэньваюць у Беларусі выступ Лукашэнкі ў ААН? • Вядомыя ў Беларусі людзі камэнтуюць выступ Лукашэнкі ў ААН • Беларусы ў Нью-Ёрку правялі пікет на самым бачным месцы
XS
SM
MD
LG