Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Кангрэс трэба праводзіць толькі ў Беларусі"


Званкі 16 верасьня 2005 г.

(Спадар:) “Хачу перадаць, каб гэты фэадал ня ганьбіў нашую краіну Беларусь на паседжаньні ААН”.

(Спадар:) “Толькі што праслухаў вашую перадачу пра выступ Лукашэнкі на сэсіі Генэральнай асамблеі ў Нью-Ёрку. Правільна казаў! Добры мужык!”

(Маісеенка Генадзь:) “Прывітаньне! Пачуўшы нашага Рыгорыча, пардон, ужо правадыра шматпалярнага сьвету і лепшага сябру Аль-Каіды, Мілошавіча і Хусэйна, я зразумеў, што наш правадыр здолеў такі дабрацца да піку маразму. Таксама зразумеў, што на ганку халоднай вайны, якую ўжо падрыхтавала на поўным кошце Масква, засталося замала. І таксама зразумеў галоўную рэч, што сьвядомыя ні ў ніякім разе не павінны ісьці на супрацоўніцтва як то з уладаю, так то і з Масквою. Тым болей, калі ўважліва прачытаць дакумэнт аб тэрарызме, які падрыхтавала Масква, адразу ўцяміш, што насамрэч тое -- шлагбаўм аранжавых рэвалюцыяў увогуле ў прышласьці. Таму і лічу, што Кангрэс павінен адбыцца ці ў Беларусі, але па сьвядомым сцэнар, ці, на крайні выпадак, за мяжою, але толькі не ў Расеі”.

(Спадар:) “Я наконт удзелу Аляксандра Рыгоравіча і яго выступу ў Амэрыцы. Вось хто б не выступаў, той жа Пуцін, якога я таксама паважаю, нейкія коўзкія, сьлізкія, абцякальныя фразачкі, намёкі нейкія. І возьмем нашага прэзыдэнта Лукашэнку Аляксандра Рыгоравіча – выразна, ясна, справядліва, ніводнага слова ня выкінуць! Мы, беларусы, падпішамся пад любым ягоным выступам. Ён выказаў пазыцыю кіраўніцтва нашага, беларускага народу ў большасьці сваёй, наконт тых выклікаў, як яны кажуць, якія зараз у сьвеце адбываюцца. Толькі за гэта ён заслугоўвае вялікай павагі. Чалавек прынцыповы і правільны. Што там ня так? Усё так! Гэта па-першае.

Па-другое. Вы зьвярнулі ўвагу, што я раней казаў наконт Амэрыкі? Амэрыка пойдзе пад ваду! Калі не стыхія, то прыдумаюць людзі нешта іншае, каб адпомсьціць за тое, што амэрыканцы робяць. Казаў я? Так усё і адбываецца. Сыходзіць яна паціху. І калі яны будуць працягваць сябе так паводзіць, працягваць гэты разбой, жандар міжнародны, то яна зьнікне, бо людзі падтрымліваюць там страшную палітыку Буша”.

(Спадар:) “Цяпер на Радыё Свабода актыўна абмяркоўваецца пытаньне, дзе праводзіць Кангрэс дэмакратычных сілаў. І шмат хто з радыёслухачоў і апазыцыйных палітыкаў прапануюць Кангрэс гэты правесьці дзе-небудзь за мяжою. Тады можна паставіць і іншае пытаньне: Можа і барацьбу з рэжымам таксама праводзіць за мяжою, як гэта робіць Пазьняк? Усе адкажуць, што трэба толькі ў Беларусі. Таму і Кангрэс трэба праводзіць таксама толькі ў Беларусі. І ніякіх двух меркаваньняў быць ня можа”.

(Спадар:) “Калі я даведаўся, што Лукашэнка ў ААН ўзяўся абараняць Мілошавіча і Хусэйна, чые рукі ў крыві, ад чаго не зьдзівіўся, бо Лукашэнка ўжо ня ў першы раз сьмяшыць увесь сьвет. Нам беларусам не да сьмеху, бо мы маем такога так званага прэзыдэнта. Нам сорамна. І калі ж мы пазбавімся ад гэтага сораму і якім коштам? Гэта пацьвярджае, што і ў яго такія рукі, якія нясуць адказнасьць за зьніклых у Беларусі”.
XS
SM
MD
LG