Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ганчара і Красоўскага шукаюць ужо 6 гадоў


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сёньня спаўняецца 6 гадоў, як у Менску зьніклі апазыцыйны палітык Віктар Ганчар і ягоны сябар, бізнэсовец Анатоль Красоўскі. Іх лёс і дагэтуль застаўся невядомым. Пракуратура шукае выкрадальнікаў і тых, хто замовіў злачынства, а ў беларускай апазыцыі перакананыя: сьляды трэба шукаць у найвышэйшых эшалёнах улады.

Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі за мінулыя 6 гадоў сталі сапраўднымі сымбалямі барацьбы за дэмакратыю ў Беларусі. Зь іхнымі імёнамі на плякатах, з партрэтамі гэтых людзей сотні беларусаў выходзілі на плошчы і вуліцы, станавіліся ў пікеты, ішлі ў маршах пратэсту. Пакуль гэтая барацьба не наблізіла да завяршэньня крымінальную справу аб выкраданьні Ганчара з Красоўскім. Між тым чальцы грамадзкай камісіі па расьсьледаваньню перакананыя, што матэрыялаў у сьледчых дастаткова, каб раскрыць злачынства. Праваабаронца Алег Волчак -- былы супрацоўнік пракуратуры. Ён мае сваю вэрсію мэтаў выкраданьня.

(Волчак: ) “ Ёсьць сьведкі выкраданьня Ганчара і Красоўскага, ёсьць пацьверджаньне экспэртызы, што менавіта кроў Ганчара была на тым месцы, ёсьць паказаньні пра тое, што там знаходзіўся аўтамабіль, падобны на аўтамабіль спэцназаўца Зьмітра Паўлічэнкі . Таксама ёсьць паказаньні Алкаева, Случака, Петрушкевіча, якія сьведчаць, што да гэтага мелі дачыненьне Шэйман, Сівакоў, Навумаў, Паўлічэнка. Што быў арганізаваны гэтак званы эскадрон сьмерці, які зьнішчаў апазыцыйных палітыкаў за тое, што яны былі актыўныя і гатовыя былі змагацца за пост прэзыдэнта ў 2001 годзе і далей”.

У 1999 годзе, калі зьніклі Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі, у Беларусі фактычна дзейнічалі два парлямэнты – гэтак званы Нацыянальны сход, сфармаваны з дэпутатаў, якія падтрымалі Аляксандра Лукашэнку і ягоныя зьмены ў Канстытуцыі, ды сябры Вярхоўнага Савету, якія не пагадзіліся з вынікамі рэфэрэндуму 1996 году. Восеньню фактычным лідэрам дэмакратычных дэпутатаў стаў Віктар Ганчар. У плянах палітыка было ініцыяваць надзвычайную сэсію парлямэнту. Але якраз у гэты момант Віктар Ганчар быў выкрадзены. Ягоны калега па апазыцыйнай дзейнасьці Аляксандр Дабравольскі лічыць, што гэтая страта ніколі ня будзе кампэнсаваная для краіны.

(Дабравольскі: ) “Ганчар быў інтэлектуалам, які мог пераконваць людзей, мабілізоўваць іх на працу. На жаль, такіх людзей у Беларусі ня шмат і такіх людзей не хапае. Часам зь ім пагаджаліся, часам не, але што ён меў талент быць лідэрам, згодныя ўсе. Прычым ён меў сьмеласьць, ён браўся за такія справы, за якія іншыя баяліся брацца. Такім я яго памятаю”.

16 верасьня 1999 года, калі на Віктара Ганчара напалі невядомыя выканаўцы злачыннага загаду, разам зь ім быў бізнэсовец Анатоль Красоўскі. Я спытаў жонку Анатоля Красоўскага Ірыну, ці магло стацца, што яе муж не падтрымаў бы ў цяжкі момант Віктара Ганчара?

(Ірына Красоўская : ) “Яны пазнаёміліся з Ганчаром даволі задоўга да таго, як гэта здарылася зь імі. Часта спрачаліся, што трэба рабіць, куды ісьці краіне. Мяркую, справа кожнага сумленнага чалавека найперш думаць пра дэмакратычнае разьвіцьцё сваёй радзімы, а ўжо пасьля пра сваё асабістае. Такім быў Анатоль. Я памятаю 1991 год, як мы толькі даведаліся, што ў Маскве путч. Мой муж праслухаў паведамленьне і першае, што ён сказаў , гэта было: “Я еду ў Маскву. Я купляю квіток і еду ў Маскву”. Каб дапамагчы тым людзям, якія сабраліся на плошчы. Гэта былі першыя словы, якія я ад яго тады пачула”.

Сёньня ў Менску, што ўжо стала традыцыяй, пройдзе ланцуг неабыякавых людзей, якія нагадаюць грамадзтву і ўладам краіны пра лёс Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.
XS
SM
MD
LG