Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вядомыя ў Беларусі людзі камэнтуюць выступ Лукашэнкі ў ААН


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка вяртаецца зь Нью-Ёрку ў Беларусь. Акрамя выступу з трыбуны сэсіі, у рамках пасяджэньня ААН кіраўнік Беларусі правёў сустрэчы з кіраўнікамі Ірана й Іраку. Выступ А.Лукашэнкі на спэцыяльным плянарным пасяджэньні высокага ўзроўню 60-й сэсіі Генэральнай асамблеі ААН, паводле дзяржаўных мэдыяў Беларусі, выклікаў “бурныя апладысмэнты ў залі”. Як жа ўспрынялі гэты кароткі выступ А.Лукашэнкі, дзеля якога ён паляцеў у ЗША, вядомыя людзі ў Беларусі?

Увесь выступ Лукашэнкі быў прысьвечаны праблеме “аднапалярнасьці” сьвету. Ён згадаў пра Савецкі Саюз, "сваю" краіну, пасьля распаду якой цалкам памяняўся сьвет. Аднапалярны сьвет прывёў, маўляў, да таго, што “зьнішчана і сьцёрта з мапы Эўропы квітнеючая Югаславія, шматпакутны Аўганістан ператвораны ў ачаг канфліктаў, крывавая бойня ідзе ў Іраку і да сёньня, узятыя пад прыцэл Іран, Паўночная Карэя, Калюмбія і Куба”.

Паводле прафэсара Юрыя Хадыкі, Лукашэнка не сказаў нічога новага з трыбуны ААН, а паўтарыў свае даўно вядомыя тэзы.

(Хадыка: ) “Ён чалавек – не філёзаф на троне. Ён ня слухае нікога і ня лічыцца зь іншымі меркаваньнямі. Ягонае ўяўленьне пра аднапалярны сьвет памылковае. Ён і цяпер не аднапалярны. Ва ўсякім выпадку, ён творыць тут ў Беларусі усё што хоча і ніхто яму не ўказ. Які ж гэта аднапалярны сьвет?

Мяне больш за ўсё зачапіла, калі ён сказаў, што мы будуем сваю краіну ў адпаведнасьці са сваімі традыцыямі. Якія могуць быць традыцыі ў краіне, якая апошнія 200 год то знаходзіцца ў каляніяльнай залежнасьці, то знаходзіцца ў стане правінцыі таталітарнай дзяржавы? Якія тут могуць быць традыцыі, які б адпавядалі сучаснаму погляду на правы чалавека, на свабоду асобы. Нічога гэтага няма. Такой адкрытай дэклярацыяй сваіх абсалютна недэмакратычных поглядаў Лукашэнка набудзе яшчэ больш ворагаў. Таму што гэта выклік разумным адносінам да сьвету, да міжнародных дачыненьняў. Я абураны гэтым. Гэты чалавек ня лічыцца з інтарэсамі краіны. Ён хоча выстаўляцца і выхваляцца на сусьветным узроўні”.

У сваім выступе з трыбуны ААН кіраўнік Беларусі таксама скрытыкаваў умяшальніцтва ЗША. Для гэтага, маўляў, знойдзены вельмі зручны сьцяг – дэмакратыя і правы чалавека. “Прычым не ў рэальным значэньні ўлады народу і годнасьці людзей, а ў трактоўцы амэрыканскага кіраўніцтва”, – заявіў А.Лукашэнка. Ён таксама заклікаў вызваліць Мілошавіча і Хусэйна. Паводле Лукашэнкі, кіраўнікі "зьнішчаных" Югаславіі і Іраку па "непацьверджаных, надуманых" вінавачаньнях кінутыя за краты.

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька адзначае цікавасьць А. Лукашэнкі да Злучаных Штатаў.

(Лябедзька: ) “У мяне ствараецца ўражаньне, што Беларусь – гэта ўжо 51 штат ЗША. Таму што пра амэрыканскія праблемы мы ведаем значна больш, чым пра свае асабістыя. Дастаткова ўключыць беларускае тэлебачаньне: ЗША – праблемы, праблемы – ЗША. А ў нас – бясхмарнае неба. Таму, калі б не было Амэрыкі, Лукашэнку трэба было б прыдумаць такі жупел. Трэба больш гаварыць пра нашы праблемы і сытуацыю ў Беларусі. А што датычна салідарнасьці з Хусэйнам і Мілошавічам, то тут Лукашэнка паступіў пасьлядоўна. Кожны ратуе за таго, хто да яго блізкі ідэалягічна і духоўна. І, канечне, Лукашэнка – гэта ў нейкім сэнсе ідэалягічны блізьнюк таго ж Мілошавіча і Хусэйна”.

Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў, тройчы алімпійскі чэмпіён Уладзімер Парфяновіч:

(Парфяновіч: ) “Тое, што датычна Мілошавіча і Хусэйна, няхай падымуць людзей з магіл, няхай яны адкажуць, трэба ім, Мілошавічу і Хусэйну, быць на волі? Злучаныя Штаты ня ўмешваюцца ні ў чыю палітыку. Яны правільна робяць, каб усе краіны былі незалежнымі, былі дэмакратычнымі”.

Паводле Парфяновіча, ААН павінна зьвяртаць ўвагу на парушэньне правоў чалавека ў Беларусі. І калі на гэтую праблему зьвяртае ўвагу ААН, то дзіўна, што А.Лукашэнка так выступае зь яе трыбуны.

(Парфяновіч: ) “З той жа самай трыбуны выступае чалавек, які парушае правы чалавека, то я не ведаю, навошта яго туды пусьцілі.”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG