Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым пагражае патанчэньне азонавага слою беларусам?


Іна Студзінская, Менск Сёньня – Міжнародны дзень аховы азонавага слою. Дата гэта адзначаецца па рашэньні Генэральнай Асамблеі ААН з 1995 году ў гадавіну падпісаньня Монрэальскага пратаколу аб азонаразбуральных рэчывах.

Часьцяком кажуць: азон – разбуральны газ, які вельмі шкодны для здароўя, а яго ахоўваюць. Усё залежыць ад таго, дзе мы назіраем азон. Азон у стратасфэры (у верхніх слаях атмасфэры) трэба ахоўваць. 95% азону менавіта там, і ўзровень стратасфэрнага азону неабходна падтрымліваць. А ніжні азон, які каля паверхні зямлі, зьяўляецца газам першай групы небясьпекі. Фізыкі заўважылі дзіўную залежнасьць: чым менш стратасфэрнага азону, тым больш аказваецца прыземнага азону. Хаця навукоўцам не зусім зразумела, чаму так адбываецца.

Яшчэ ў савецкія часы ў Навукова-дасьледчым інстытуце прыкладных фізычных праблем Белдзяржунівэрсытэту была адмысловая лябараторыя, якая працавала на Усесаюзны гідраметэатцэнтар. У 1997 годзе ў Беларусі створаны Нацыянальны цэнтар маніторынгу азонасфэры. І вымярэньні беларускіх навукоўцаў заносяцца ва Ўсясьветны банк па азону. Дарэчы, літаральна заўтра беларускія навукоўцы вылятаюць у Вену на юбілейны саміт, прысьвечаны 20-годзьдзю Венскай канвэнцыі, дзе будуць выступаць з дакладамі.

Сёлета склалася ня вельмі спрыяльная сытуацыя для Беларусі, дэфіцыт азону. Тлумачэньне кіраўніка Нацыянальнага цэнтру маніторынгу азонасфэры Аляксандра Красоўскага.

(Красоўскі: ) “Зіма 2004 году пачалася з таго, што была вельмі малая колькасьць азону над Беларусьсю. Увесну ўсё працягвалася, у чэрвені азон крыху падвысіўся, падыйшоў да кліматычнай нормы, а потым ў жніўні ўтрарылася такая дзірка, якой ніколі пад паўночным паўшар’ем не было. І якая сваіх “вухам” – яна такая прадаўгаватая – краем на Беларусь лягла”.

Таўшчыня азонавага слою скарацілася прыкладна на 20%. Што тычыцца анамаліяў, то яны цалкам непрадказальныя. У 1998-99 годзе ўзровень азону, пасьля рэзкага папярэдняга падзеньня, значна павялічыўся – азоновы слой вярнуўся да ўзроўню 1970 году. Усе навукоўцы ўзрадваліся. А цяпер зноў рэзкае падзеньне.Тлумачэньне Аляксандра Красоўскага.

(Красоўскі: ) “У жніўні – пачатку верасьня ў нас азону было настолькі мала, што можна было загараць, як у траўні. Таму што біялягічнае ўзьдзеяньне ўльтрафіялету было вельмі сур’ёзнае. А вось у траўні ў нас была такая азонавая дзірка, што пайшлі чуткі пра тое, што Чарнобыль зноў выбухнуў. Гэта прывяло да таго, што на многіх вытворчасьцях неабароненыя ўстаноўкі спрацавалі”.

Прамое ўльтрафіялетавае ўзьдзеяньне вельмі небясьпечнае для здароўя. Навукоўцы высьветлілі, што ў Беларусі на 12% у год ідзе павелічэньне захворэўшых на мэляному (рак скуры). Значна павялічыліся выпадкі захворваньняў вачэй – катаракты. Што тычыцца мэляномы (рака скуры), катаракты, здавалася б, трэба хвалявацца афрыканцам, а ў Эўропе - італьянцам ды гішпанцам. А нечакана высьветлілася, што болш за ўсё гэта небясьпечна для скандынаваў. А беларусы таксама ў асноўным бледнаскурыя. Кандыдат фізычных навук Аляксандар Красоўскі:

(Красоўскі: ) “Чым бялейшая скура, сьвятлейшыя валасы (то бок чым менш пігмэнту мэляніну ў арганізме), тым небясьпечныя наступствы ўльтрафіялету. Таму самыя непрыемныя наступствы менавіта для скандынаваў. У іх самы высокі рост захворваньняў у Эўропе. А Беларусь займае прамежкавае месца. Наша геаграфічнае становішча такое, што бальшыня азонавых дзірак закранае нашу тэрыторыю”.

Самы большы разбуральнік азону, як ні дзіўна, вада. Але вада ў стратасфэру не трапляе, а выпадае ў выглядзе дажджу раней. Для азоавага слою найбольш небяспечная высотная авіяцыя і штычныя рэчывы. Аляксандар Красоўскі:

(Красоўскі: ) “А вось фрыёны, аэразолі – вельмі стойкія і лятучыя. Вось гэтыя штучныя рэчывы ў стане прабіваць стратапаўзу і прабівацца ў стратасфэру. Для таго, каб нашкодзіць азону, патрэбныя дзьве ўмовы: даставіць рэчыва, што разбурае азон, туды і потым там яго разбурыць. Фрыёны, галоны, яшчэ браміды – ёсьць некалькі сьпісаў, якія забароненыя для выкарыстаньня, таму што яны могуць разбурыць азонавы слой”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG