Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшла новая кніга Андрэя Клімава “Раскаяньне рэвалюцыянэра”


Ганна Соусь, Менск Андрэй Клімаў сёньня прэзэнтаваў сваю чарговую кнігу “Раскаяньне рэвалюцыянэра”, прысьвечаную падзеям 25 сакавіка 2005 году. На імпрэзу былі запрошаныя ўдзельнікі тых падзеяў, сябры палітыка і журналісты. Прэзэнтацыя была прымеркаваная да 40-годзьдзя палітка, якое ён адзначыць празь некалькі дзён. На імпрэзе прысутнічала нашая карэспандэнтка.

Вокладка кнігі Андрэя Клімава “Раскаяньне рэвалюцыянэра” уяўляе сабой галерэю партрэтаў розных палітычных дзеячаў – Леніна, Лукашэнкі, Чэ Гэвары, Пуціна, Цімашэнкі. У прадмове Андрэй Клімаў папярэджвае, што гэтую кнігу не рэкамэндавана чытаць цяперашняму прэзыдэнту Беларусі, супрацоўнікам КДБ і беларускага тэлебачаньня, дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, а таксама усім, хто зьбіраецца ўдзельнічаць ў выбарах 2006 году ў якасьці кандыдата на прэзыдэнта.

(Клімаў: ) “Палову кнігі я напісаў у турме. Можа быць і меў рацыю Дзіма Бандарэнка, калі называў мяне гарадзкім вар’ятам. Карэктар прачытала і кажа “Нічога”. І я падумаў пра сябе, напэўна, Дзіма памыліўся, і гэта надало мне надзеі. Калі Дзіма памыліўся, значыцца, Вы не памыліліся, прыйшоўшы 25 сакавіка да мяне на нашу акцыю”.

Праз два дні Андрэю Клімаву споўніцца сорак гадоў. З гэтай нагоды ён сказаў сёньня наступнае:

(Клімаў: ) “У мяне хутка дзень народзінаў – 17 верасьня. І хаця ў праваслаўных не прынята загадзя сьвяткаваць дзень народзінаў, але я забабонны выключна як беларус. Як беларусы гавораць: “Не трымаў, таму што ня дбаў”. Лепш загадзя, чым потым невядома што будзе. Хутчэй за ўсё, што я хутка паеду ў беларускае рабства – засвойваць рэгіёны, займацца асьветай, як дзекабрысты ў Сыбір. Але ў мяне лепшыя ўмовы – ёсьць мабільная сувязь. Да і людзі больш адукаваныя, напэўна ведаюць, што такое 25 сакавіка было. І будзе”.

Паводле Андрэя Клімава, сёлета 25 сакавіка была вызначаная нацыянальная ідэя – адхіліць ад улады Аляксандра Лукашэнку. Ідэю выбару адзінага кандыдата ён лічыць памылковай, але вырашыў усё ж узяць удзел у Кангрэсе дэмакратычных сілаў, паколькі атрымаў на яго запрашэньне як дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня.

Адметна, што на сёньняшнюю імпрэзу ня быў запрошаны ніводны вядомы апазыцыйны палітык.

(Клімаў: ) “Сёньня я сьвядома не запрасіў ніводнага зь вядомых палітыкаў, хаця са многімі зь іх падтрымліваю адносіны. Таму што я лічу, што пасьля 25 сакавіка 2005 году ўсе вядомыя палітыкі, лідэры апазыцыйных рухаў – мёртвыя. І я – мёртвы. Усё, наш час мінуў незваротна”.

Пісьменьнік Яўген Будзінас гэткім чынам ацаніў дзейнасьць Андрэя Клімава.

(Будзінас: ) “Я да ягонай літаратуры стаўлюся як да гульні, і да ягонай рэвалюцыі, як да гульні. Я лічу, што менавіта гэтага нам у Беларусі не хапае – весялосьці і такога актыўнага палітычнага спэктаклю. Андрэй у гэтым сэнсе і выдатны аўтар, і выдатны рэжысэр і выдатны выканаўца”.

***

Дэпутата Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, прадпрымальніка Андрэя Клімава сёлета 10 чэрвеня суд Цэнтральнага раёну Менску пакараў абмежаваньнем волі на паўтара гады – на гэтак званую "хімію" – за арганізацыю дэманстрацыі 25 сакавіка, якая праходзіла пад лёзунгамі адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі. Крымінальная справа супраць Андрэя Клімава за паклёп на Аляксандра Лукашэнку была спыненая. Да суда Клімаў правёў два месяцы ў сьледчым ізалятары.

У лістападзе 1996 году Клімаў праявіў сябе як актыўны прыхільнік імпічмэнту прэзыдэнту Лукашэнку. У 1998 годзе Андрэй Клімаў быў арыштаваны па абвінавачваньні ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці. Клімаў правёў больш за два гады ў сьледчым ізалятары перад тым, суд прысудзіў яму шэсьць гадоў калёніі строгага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці ў сакавіку 2000 году. Міжнародныя назіральнікі, якія сачылі за працэсам, паставілі пад сумнеў справядлівасьць суду і судовага вэрдыкту, прызнаўшы Андрэя Клімава вязьнем сумленьня.
XS
SM
MD
LG