Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ацэньваюць у Беларусі выступ Лукашэнкі ў ААН?


Уладзімер Глод, Менск Яўная настальгія па Савецкім Саюзу і публічная падтрымка Мілошавіча і Хусэйна прыцягнулі ўвагу да сёньняшняга выступу кіраўніка беларускай дзяржавы з трыбуны 60-й сэсіі Генэральнай сэсіі ААН у Нью-Ёрку. Пра тое як рэагуюць на ягоныя словы ў Беларусі, распавядае наш карэспандэнт.

Публічны заклік з трыбуны ААН выпусьціць на свабоду Мілошавіча і Хусэйна зьдзівіў нават тых, хто добра ведае Лукашэнку. Адзін з кіраўнікоў КХП-БНФ Юрась Беленькі ўпэўнены, што дзейны кіраўнік Беларусі агучваў ня ўласныя думкі:

(Беленькі: ) "Гэтыя тэзы распрацаваныя на Лубянцы. Лукашэнка іх проста агучыў. Гэта не яго стыль, я ж яго ведаю пяць год па Вярхоўным Савеце. Гэта не ўласьціва яму. Не ўласьціва гэта і ягоным дарадцам тут, у Менску. Гэта стыль Лубянкі. Лукашэнка як рэтрансьлятар яго агучвае".

Аляксандар Лукашэнка таксама выказаўся, каб за ААН захавалася цэнтральная роля ў сучаснай сыстэме міжнародных адносінаў, каб былі увасобленыя прынцыпы шматпалярнасьці сьвету, разнастайнасьці й свабоды выбару.

Доктар філязофскіх навук Вячаслаў Оргіш гаворыць, што, на першы погляд, дзейны кіраўнік беларускай дзяржавы мае ў гэтых разважаньнях рацыю. Але калі зьвярнуцца да гістарычных каранёў, да культурнай спадчыны беларускага народу, тады ў такіх тэзах бачныя глыбокія недарэчнасьці і хібы, цьвердзіць доктар філязёфіі Вячаслаў Оргіш:

(Оргіш: ) "Безумоўна, выбар шляхоў разьвіцьця ёсьць справа кожнага народу. Але ня кожнага аўтакрата, які кіруе ў той ці іншай краіне. Лукашэнка лічыць, што свабода выбару ёсьць свабодай абіраць кірунак разьвіцьця палітычнага, сацыяльнага, эканамічнага, як ён сам уяўляе. Але ж на самой справе гэта ня так. На самой справе гэта азначае, што народ абірае той накірунак разьвіцьця (сацыяльнага, палітычнага, эканамічнага), які складаўся для яго гістарычна, культурна. Калі з гэтага зыходзіць, дык беларускі народ тым ці іншым чынам арыентаваны на эўрапейскія накірункі разьвіцьця, на разьвіцьцё дэмакратычных адносінаў у палітычным і эканамічным жыцьці".

Спадар Лукашэнка казаў пра тое, што некаторыя краіны спрабуюць праз ААН навязваць свае погляды іншым. Паводле яго, гэтыя дзяржавы хочуць зрабіць з ААН інструмэнт ціску. А Беларусь, упэўнены яе дзейны кіраўнік, здольная самастойна вызначаць свой лёс. Таму на яе і абрушваюцца розныя папрокі, перадусім, у парушэньнях правоў чалавека “ў трактоўцы амэрыканскага кіраўніцтва”. Лукашэнка назваў іх надуманымі. З гэтым не згодны выканаўчы дырэктар беларускага Хэльсынскага Камітэту Алег Гулак:

(Гулак: ) "У любым выпадку ў тым, што тычыцца рэзалюцыяў міжнародных органаў адносна правоў чалавека ў Беларусі, мы ня бачым нічога памылковага – ні фактычных, ні ацэначных недакладнасьцяў. Там усё канкрэтна, зразумела і дакладна. Усялякія там спробы схавацца з размовай аб падвойных стандартах – гэта проста спроба не прызнаваць тыя канкрэтныя прэтэнзіі, якія існуюць да Беларусі, і тыя канкрэтныя праблемы, якія ёсьць у Беларусі. І ўся гэта рыторыка аб падвойных стандартах, аб умяшальніцтве ва ўнутраныя справы Беларусі – усё гэта савецкі падыход. На жаль, наш кіраўнік жыве тымі часамі, тымі ідэаламі, тымі падыходамі".

Палітоляг Андрэй Фёдараў засяроджвае ўвагу на тым, што цяпер не існуе амэрыканскага ці нейкага іншага разуменьня правоў чалавека і дэмакратыі. Крытэрыі гэтых паняцьцяў выкладзеныя ў шэрагу міжнародных дакумэнтаў, падкрэсьлівае Андрэй Фёдараў:

(Фёдараў: ) "Ёсьць такі дакумэнт як Агульная дэклярацыя правоў чалавека, дзе ўсё дакладна вызначана. Напрыклад, што маецца на ўвазе пад дэмакратыяй. І туды ўваходзяць ня толькі такія правы, як на права жыцьцё, права на працу і г.д., чым раней казырала савецкай кіраўніцтва, а цяпер беларускае. Але ж ёсьць яшчэ і свабода слова, свабода дэманстрацый, свабода выбару. І ёсьць дарэчы дэмакратычныя стандарты, якія вызначаны ўсясьветнай супольнасьцю. Беларуская рэчаіснасьць шмат чаму тут не адпавядае.

Потым, нельга казаць, што ААН займаецца толькі правамі чалавека. Яна займаецца і зусім іншымі рэчамі – напрыклад, дапамагае галадаючым у Афрыцы і тым самым абараняе іх права на жыцьцё. А барацьба з эпідэмічнымі хваробамі і яшчэ шмат чаго іншага? Ізноў жа беларускі лідэр выкарыстаў тое, што яму зручней, а пакінуў па-за ўвагай многія іншыя моманты дзейнасьці ААН".

Гл. таксама • Лукашэнка выступіў у ААН – заклікаў вызваліць Мілошавіча і Хусэйна
XS
SM
MD
LG