Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Марк Шагал. Колер у чорна-белым”


Іна Студзінская, Менск Пад такім назовам у Менску стартуе другі этап супольнага нямецка-франка-беларускага мастацкага праекту. Цяпер выстава экспануецца ў Віцебску, а з 26 верасьня пераедзе ў Нацыянальны музэй гісторыі і культуры Беларусі. Прадстаўлена на выставе 76 малюнкаў і афортаў розных пэрыядаў творчасьці ўсясьветна вядомага мастака.

Гэта ўнікальны праект, прысьвечаны Марку Шагалу, арганізаваны ў амбасадамі Нямеччыны й Францыі ў Беларусі, Інстытутам Гётэ ў Менску пры падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі.

Гаворыць амбасадар Нямеччыны ў Беларусі Марцін Хэкер.

(Хэкер: ) “Ідэя выставы ў тым, каб зноў прэзэнтаваць вялікага майстра на сваёй радзіме, паказаць этапы ягонай творчасьці, якія зьвязваюць Віцебск зь Нямеччынай і Францыяй. І адначасова натхніць беларусаў, спрыяць таму, каб у вашай краіне ўзьнікла яшчэ большая цікавасьць да творчасьці вашага славутага земляка”.

У экспазыцыю ўвайшлі малюнкі віцебскага пэрыяду жыцьця Марка Шагала, якія ён сам называў “дакумэнтамі”. Акрамя таго, прадстаўлена 20 афортаў і 6 ксыляграфій, створаных у 1922-23 гадох у Бэрліне, многія зь якіх сталі ілюстрацыямі для аўтабіяграфічнай кнігі Шагала “Маё жыцьцё”.

Яго чорна-белая графіка гэтага пэрыяду, што мае каляровае гучаньне, стала асновай жывапісу, якім мастак стаў займацца менавіта ў Бэрліне. Трэцяя частка выставы – малюнкі Шагала, створаныя ў Парыжы з 1925 па 1977 год. Распавядае куратар выставы Тамара Карандашава:

(Карандашава: ) “У гэтых малюнках мы можам бачыць, наколькі памянялася разуменьне мастаком чорнага і белага колераў, пачынаючы ад віцебскага пэрыяду і заканчваючы парыскім.”

Амбасадар Францыі ў Беларусі Стэфан Шмялеўскі згадаў, што ў пэрыяд з 1997 года амбасада Францыі арганізавала ў Беларусі чатыры выставы твораў Шагала. "Гэта сьведчыць пра тое, наколькі важнае месца займае яго імя ў гісторыі і культуры Францыі, дзе ён знайшоў другую радзіму", — падкрэсьліў дыплямат.

(Шмялеўскі: ) “У Беларусі Шагала доўга не заўважалі і нават ігнаравалі. Гэта вялікі мастак усясьветнага значэньня. Вызваліцеся ад цяжару мінулага, і ва ўнісон з іншымі краінамі прасьпявайце “Глёрыю” Марку Шагалу”.

Большая частка работаў прадстаўленая нашчадкамі Марка Шагала, а 15 малюнкаў раньняга, віцебскага пэрыяду творчасьці славутага майстра даў расейскі Дзяржаўны музэй выяўленчых мастацтваў імя Пушкіна. У экспазыцыю ўвайшлі 9 рарытэтных выданьняў з ілюстрацыямі мастака, а таксама рэпрадукцыі вітражоў Шагала з царквы сьвятога Стэфана ў Майнцы.

27 верасьня ў рамках выставы адбудзецца міжнародная канфэрэнцыя з удзелам мастацтвазнаўцаў зь Беларусі, Расеі, Нямеччыны, Швайцарыі, Францыі і Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG